“Наш любы “дзед”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Тэатральныя кулісы захоўваюць энергетыку акцёраў, якія ў розныя гады ўпрыгожвалі трупу сваім талентам. Адзін з такіх адметных творцаў — народны артыст Беларусі Анатоль Трус. Менавіта ўспамінамі коласаўцаў, якім пашчасціла працаваць са знакамітым акцёрам, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў рамках акцыі “Галерэя памяці” распачалася сустрэча ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння гэтага майстра сцэны.

 Варта зазначыць, што зацікаўленая прапанова аб "жывым" вывучэнні гісторыі тэатра, знаёмства з яго нядаўнім мінулым і асобамі, якія склалі гонар калектыву, паступіла ад маладых артыстаў. І мастацкі кіраўнік тэатра Рыд Таліпаў з задавальненнем падтрымаў гэтую ініцыятыву.

Пад час сустрэчы коласаўцы ўзгадвалі, што "наш любы "дзед" (а менавіта так яго ўсе называлі) быў абаяльным ды кранальным чалавекам. Усё створанае Анатолем Трусам на Коласаўскай сцэне так арганічна стасавалася з яго характарам, што, здавалася, артыст не іграе - жыве на сцэне. А гэта ж вышэйшы пілатаж у акцёрскай прафесіі! Пасля заканчэння Віцебскага мастацкага тэхнікума ў 1930 годзе Анатоль Трус трапіў у дэкарацыйны цэх тэатра. Прапанавалі выходзіць на сцэну ў масоўках- з задавальненнем пагадзіўся. А праз некаторы час стаў сапраўдным майстрам сцэнічнага вобраза. Вельмі цікавыя ролі выконваў у спектаклях 1970-х - 80-х. Сярод найбольш значных - Мітрыч ("Улада цемры" Л.Талстога), Крандзялёў ("Таблетку пад язык" А.Макаёнка), Акуліч ("Апошняя інстанцыя" М.Матукоўскага), Георгій ("Закон вечнасці" Н.Думбадзэ).

Не стала гэтага выбітнага акцёра ў 1990 годзе. З яго сыходам страцілася нейкая адметная сувязь з чалавекам...

Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа