Дзяніс КУР’ЯН: “Мае кампрамісы — эканамічнага кшталту”

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Імя тэлежурналіста Дзяніса КУР’ЯНА пасля сёлетняга “Еўрабачання”, мяркую, стала вядомым кожнаму беларусу. Між тым, сённяшні госць “К” — аўтар не толькі выслоўяў, што ўвайшлі ў гісторыю журналісцкіх “перлаў” (“трыццацігадовы Гары Потэр” і “карэйскі хлопчык” — такімі мянушкамі Дзяніс “адарыў” пераможцу “Еўрабачання” сербскую спявачку Марыю Шэрыфавіч), але і шэф-рэдактар эканамічнага аддзела АТН, вядучы праграмы “Дзелавое жыццё” і сааўтар многіх дакументальных відэастужак, некаторыя з якіх можна смела аднесці да адносна новага стылю журналістыкі, вынайдзенага Леанідам Парфёнавым, — “infotainment” — “інфармаваць, забаўляючы”. Увогуле, выкарыстоўваючы словы легендарнага Іллі Кургана, пра Дзяніса Кур’яна можна сказаць наступнае: “Бачна, што гаворыць Ча-ла-век”. У ягоных рэпартажах адчуваецца паважнае стаўленне да гледача, і, разам з тым, — уласная цікавасць да “прадмета размовы”. Аднак чамусьці “чалавечы фактар” Дзяніс быццам прыхоўвае за прафесійнымі тэрмінамі.

 /i/content/pi/cult/119/418/Kurjan.jpg
Пра ўласнае крэда

— Самому пра свой аўтарскі стыль наўрад ці выпадае казаць, хіба пра асобныя яго элементы. Крэда ж маё вельмі простае: як мага глыбей зразумець, чаго хоча ад перадачы масавы глядач, і — задаволіць ягоную цікаўнасць.
— А як жа, Дзяніс, ваша асабістае “я”, уласны досвед? Яны маюць значэнне?
— А хто ж будзе задавольваць гэтую цікаўнасць? Ваш пакорны слуга, з тым самым пэўным жыццёвым досведам і журналісцкай практыкай. Я ўжо сем гадоў на тэлебачанні, і пра ўсе праекты, у якіх удзельнічаў, распавядаць доўга...Зараз, напрыклад, я займаюся эканомікай і імкнуся рабіць перадачы, якія б распавядалі людзям, што можа здарыцца з іх капіталам у бліжэйшыя гады. Я дакладна ўяўляю аўдыторыю праграмы і стараюся гаварыць з ёю адпаведным чынам.
— А калі вы працавалі над цыклам перадач “Нацыянальныя паркі Беларусі”, якой была ваша канцэпцыя?
— Мы хацелі не проста расказаць пра нашы нацыянальныя паркі і заклікаць гледача ганарыцца імі як належыць. Карцела распавесці пра іх у вольнай і свежай манеры — паказаць гледачам усе цікавосткі паркаў — малавядомыя і надзвычай прыцягальныя — і зацікавіць яго. Наўрад ці можна сёння прывабіць моладзь традыцыйнымі расповедамі экскурсаводаў аб прыродзе, а вось карціна сафары ў Белавежскай пушчы, мне падаецца, несумненна зацікавіць маладых людзей. Мы абапіраліся на такія знаходкі.Калі нешта не здзіўляе асабіста мяне, тое наўрад ці здзівіць гледача, — так я лічу. А дзівоснага ў нашых нацыянальных парках болей, чым дастаткова, — пачынаючы, скажам, ад звычаяў і абрадаў жыхароў вёсак на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка і заканчваючы культурай палявання... Я адкрываў шмат што для сябе: напрыклад, як паводзіць сябе, калі раптам сустрэнешся з мядзведзем, дзе і як лепей рыбачыць, з чаго складаецца паляванне і г. д. Адкрываў і — імкнуўся данесці гэтыя свае адкрыцці да гледача.

Пра журналістыку і кампрамісы


 
— Дзяніс, як чалавек, які не стамляецца рабіць адкрыцці, што вы думаеце аб сваёй прафесіі? І ўвогуле аб беларускай журналістыцы?— Адно магу сказаць: рады, што маю такую прафесію. Аддаю ёй сябе цалкам, бо інакшдасягнуць поспеху немагчыма. Што да нашай журналістыкі, дык, мяркую, яна адпавядае таму грамадству, якое спажывае плён яе працы. Не кажу, што яна дрэнная, але ўсё ж бы параіў журналістам больш увагі звяртаць на спажыўца. Мне падаецца, што часам журналісты забываюцца на людзей, для якіх, па сутнасці, працуюць.
— Ведаю, што адзін з вашых любімых пісьменнікаў — Сяргей Даўлатаў. Вам даводзілася, як аднаму з яго герояў — журналісту, ісці на кампраміс?
— Вы маеце на ўвазе аповед “Кампраміс”? Мне, шчыра кажучы, як эканамічнаму аглядальніку на кампрамісы, апісаныя ў гэтым творы, ісці не даводзілася. Мы жывём усё ж не ў савецкі час, хоць многія людзі па-ранейшаму застаюцца ў ім. Мае кампрамісы іншага плану — калі мая думка не супадае з думкай большасці людзей. Мне падаецца, што пэўная тэма будзе цікавая ўсім, а сацыёлагі кажуць, што гэта зусім не так. І ў выніку ад некаторых ідэй даводзіцца адмаўляцца. Так што мае кампрамісы — хутчэй эканамічнага кшталту. 


Пра “Еўрабачанне” і новыя праекты

 — Дзяніс, вашы каментарыі да падзей сёлетняга “Еўрабачання” можна прыраўняць да асобнага шоу. Але ж параўнанняў з працай Алеся Круглякова вам не пазбегнуць...
— Я б сказаў, што не трэба крыўдзіць і Дзяніса Дудзінскага, які цудоўна вёў трансляцыю летась. Алесь жа Круглякоў, безумоўна, адкрыў для беларускага гледача “Еўрабачанне” і зрабіў вельмі шмат. Шчыра прызнаюся, я нямала чаму вучыўся ў яго. Але сёлета мы з Аляксандрам Ціхановічам паспрабавалі зрабіць штосьці іншае — і многае сабе дазволілі ў абмеркаванні артыстаў. Справа ў тым, што конкурс “Еўрабачанне” — гэта не фармат фестывалю ў Сан-Рэма, гэта зусім не “Славянскі базар у Віцебску”, дзе ацэньваюцца вакальныя даныя выканаўцаў, — гэта шмат у чым “сцёб”, і мы паспрабавалі каменціраваць у гэткім жа “сцёбным” ключы. І, здаецца, не памыліліся.
— Ваш каментарый абмяркоўвалі ўсе...
— Тым не менш, хачу падкрэсліць, што “Еўрабачанне”, пры ўсёй яго скіраванасці на шоу, нельга і недаацэньваць: гэта ўсё ж конкурс, на якім прэстыжна прадставіць сваю краіну, паказаць сябе. Дарэчы, аб выступленні нашага Дзімы Калдуна. Яно глядзелася вельмі стыльна, нумар быў выкананы з вялікім імпэтам. Ведаеце, беларусам, мне падаецца, уласціва пэўная закрытасць, стрыманасць, часам многім з нас не хапае ўпэўненасці ў сабе, у сваіх сілах, у тым, што ўсё атрымаецца...Дзіма Калдун, на шчасце, гэтага комплексу “закрытасці” не мае: ён вельмі адкрыты і ўпэўнены ў сабе. Многія артысты хвалююцца, выходзячы на сцэну перад стотысячнай публікай, у Дзімы ж — наадварот, пачынаецца драйв, і ён скарае гледача. На маю думку, ён — артыст новага тыпу і з вялікімі перспектывамі.
— І апошняе пытанне: якія вашы новыя праекты? Чым здзівіце нас у бліжэйшы час?
Зараз я, паралельна з эканамічнымі навінамі, працую над чатырма фільмамі. Першы называецца “Каштоўнасці жыцця”. У ім маем намер пагаварыць аб тым, што значыць жыццё для кожнага з нас. Што адчувае чалавек, які рашыўся накласці на сябе рукі? Што зведвае хворы, які знаходзіцца ў хоспісе і да апошняй хвіліны працягвае вывучаць англійскую мову? Паспрабуем паразважаць на гэтую нялёгкую тэму.Другая карціна — ужо дакументальная — будзе прысвечана гісторыі Беларусі ў ААН. Мы хочам яснай і простай мовай распавесці гледачу, якой была пазіцыя БССР у савецкія часы, якіх прынцыпаў Беларусь трымаецца зараз. Як, увогуле, працуе ААН, і што нашы дыпламаты робяць у ёй. Такой карціны ў нас на тэлебачанні не было, і, на маю думку, праца будзе надзвычай цікавай.А трэці і чацвёрты фільмы плануем зрабіць пра прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Сібіры. Пакуль гэтыя стужкі — у распрацоўцы, і я не магу пра іх сказаць нешта большае. Усе прэм’еры запланаваны на пачатак новага сезона — на верасень, так што да выхаду фільмаў у эфір яшчэ цэлае лета.
— Словам, як гаворыцца, усе —у нацыянальныя паркі! Дзякуй вам, Дзяніс, за гутарку. 

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА