Усё, акрамя ранейшага

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

У райцэнтры Іванава, што на Брэстчыне, добра ведаюць: дзе Валянцін Перапёлкін — там мастацкая якасць. Ён піша добрую музыку і не шукае для яе аранжыроўшчыкаў, бо паспяхова спраўляецца з гэтай задачай. З твораў буйных жанраў ёсць у ягоным “арсенале” мюзіклы, араторыя на вершы П.Макаля, музычная камедыя… Але ж асноўны “багаж” складаюць песні, створаныя, як правіла, на вершы выбітных майстроў беларускай паэзіі.

Паўстагоддзя творчай дзейнасці юбіляр адзначыў аўтарскім вечарам у Іванаўскім РДК: сам прадумаў сцэнарый, дзе драматычныя песні ўдала чаргаваліся з жартоўнымі, стрымана і пранікнёна выступіў у ролі вядучага. Канцэрт атрымаўся прыгожы і змястоўны, пабудаваны па прынцыпе "усё, акрамя ранейшага". Гучалі толькі новыя песні, адна за другую лепшыя, - на словы мясцовых аўтарак І.Саломкі, Л.Саханчук, Н.Паліўкі, а таксама на вершы паэта В.Жуковіча ў выкананні Тамары Калілец, Ларысы Талатыннік, Крысціны Казейка, Марыі Калько, Дар'і Давідовіч.

Спяваў і сам юбіляр. Кульмінацыяй вечара стала песня "Марыя" ў ягоным выкананні (на верш украінца У.Сасюры ў перакладзе В.Жуковіча), прысвечаная памяці жонкі Марыі, якая ў 2001-м самааддана ратавала кампазітара пасля цяжкай аперацыі. Прыемным адкрыццём былі дзве песні Вольгі Перапёлкінай - дачкі юбіляра, прафесійнага кампазітара і піяніста, што жыве і працуе ў Расіі.

Гучнымі і відовішчнымі былі заключныя нумары праграмы - фрагменты з музычнай камедыі "Цацачная крама", увасобленай звонкімі маладымі галасамі і танцамі Андрэя Шухрая, Настассі Шэлег і Аляксандра Лапаты (харэографам і рэжысёрам выступіла Вольга Гарнастай-Бондзіч).

Васіль СКАРАХОД Іванава