Школа імя Івана Хруцкага

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Не так даўно Наваполацкай дзіцячай школе мастацтваў было прысвоена імя славутага Івана Фаміча Хруцкага — жывапісца, чыё 200-годдзе мы адзначаем сёлета.

Установа культуры была адкрыта ў Наваполацку яшчэ напрыканцы 1970-х гадоў і пастаянна павялічвала колькасць сваіх навучэнцаў. Так, напрыклад, калі ў 2006-м тут займалася 97 дзяцей, дык летась - ужо больш за 200. Гэта сталася магчымым дзякуючы ўвядзенню новых прадметаў (папяровая пластыка, дызайн, металапластыка, габелен, лялька, батык, лепка), а таксама дзякуючы творчаму энтузіязму новых педагогаў - былых выпускнікоў школы - Наталлі Каржыцкай, Ірыны Башун, Сяргея Данілава. Штогод амаль усе дзеці, яікя скончылі ДШМ, паспяхова працягваюць вучобу ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах мастацкага профілю ў Беларусі і за мяжой. Навучэнцы школы паспяхова ўдзельнічаюць у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных творчых конкурсах, праектах, пленэрах. За мінулы год школа арганізавала 31 выстаўку, удзельнічала ў 33 конкурсах і чатырох пленэрах. Так, напрыклад, навучэнцы заваявалі дыплом Другой ступені ў конкурсе "Прыгажосць Божага міру" і дыплом Першай ступені "Неўская палітра" (Расія), дыплом Першай ступені "Раўнапраўе мужчыны і жанчыны" (Швецыя), дыплом Трэцяй ступені "Рэпінскі пленэр" (Украіна).

А сёлета Наваполацкая ДШМ за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва прызнана найлепшай школай мастацтваў Віцебскай вобласці.

Ларыса ГАРНЫК, дырэктар Наваполацкай ДШМ імя І.Ф. Хруцкага