Горад “на ста сямі горках…”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Загадка італьянскага медальёна і адно вяселле “замка Горняга” і “замка Дольняга” “Стаіць на пагорках, на ста сямі горках…” Гэта словы пра старадаўні Капыль. І менавіта на адным з такіх пагоркаў, які ўзвышаўся на 14 — 15 метраў над поплавам рэчкі Каменкі, і быў заснаваны Капыльскі замак.

/i/content/pi/cult/269/4174/14-2.jpgКапыльскі замак - адзін са шматлікіх драўляных замкаў Вялікага княства Літоўскага ў XIV - XVІІІ стст. - быў узведзены на ледавіковым марэнным астанцы са стромкімі схіламі ад 35 да 60 - 70 градусаў. Адносна правільная, эліпсападобная форма гары сведчыць пра тое, што яе ў старадаўнія часы штучна апрацавалі. На шчасце, тэхнагенныя і урбаністычныя працэсы апошніх дзесяцігоддзяў абмінулі гэты помнік. Хіба толькі ў 1925 г. яго заходні схіл быў падрэзаны, калі бралі зямлю пад грэблю, па якой і сёння праходзіць галоўная магістраль горада - вуліца Партызанская.

 Першымі жыхарамі на гэтай гары, вядомай сярод мясцовага люду пад назвай "Замкавая", былі старажытныя балты, якія амаль да перыяду ранняга Сярэднявечча насялялі гэтую тэрыторыю. Тагачаснае ўмацаванае паселішча-гарадзішча магло налічваць пару-другую дзесяткаў чалавек. А ўжо недзе на мяжы ІХ - Х стст. на тэрыторыю будучага Капыля пранікаюць славяне. Пра гэта сведчаць знаходкі керамічнага посуду, уласцівыя менавіта гэтаму часу. Славяне займаюць прастору наўкола гарадзішча, а яго выкарыстоўваюць як свяцілішча або капішча. Апошняе, верагодна, і дало пазней назву ўсяму паселішчу: капішча - Копь - Копыль - Капыль.

Напрыканцы Х- на пачатку ХІ ст. на гарадзішчы ўсталёўваецца дзяцінец раннефеадальнага Капыля, дзе, відаць, жыў князь або ягоны намеснік. Побач з дзяцінцам, паўколам з поўдня, размяшчаецца неўмацаваны пасад, які ў ХІІ ст. абносіцца ровам і набывае статус вакольнага горада. І калі вал вакольнага горада меў у шырыню 14 м і ў вышыню 2,5 м, а роў шырынёй 11 м і глыбінёй да 3 м, то ўмацаванні дзяцінца на гэты час былі куды больш унушальныя. Так, шырыня яго вала дасягала 18 м. Агульная даўжыня перашкоды для ворага, які мог напасці тады на Капыль, складала, з улікам вышыні частаколу, 23 - 24 м. У выніку, дзякуючы ў тым ліку і стромкаму схілу гары, дзе мясціўся дзяцінец, захапіць яго было справай нялёгкай.

 Даныя археалагічных раскопак, што праводзіліся на Замкавай гары ў 1996 - 1999 гг. і каля яе ў 2005 і 2007 гг., сведчаць пра высокі ўзровень развіцця Капыля ў час ранняга Сярэднявечча. Гэта і звесткі аб разнастайных рамёствах, у тым ліку апрацоўцы чорнага і каляровага металу, промыслах, працы ў сельскай гаспадарцы, гандлёвых сувязях з далёкімі землямі. Сярод археалагічных артэфактаў вылучаецца шэраг эксклюзіўных рэчаў, у тым ліку залатая падвеска ад галаўнога ўбору, латунны пярсцёнак са шчытком і з выявай крынаў на ім, сярэбраны нацельны крыжык, хірургічны нож, сердалікавыя пацеркі.

І хоць жыццё на Замкавай гары віравала значна раней, толькі ў 1274 г. на старонках Галіцка-Валынскага летапісу з'яўляюцца першыя згадкі пра Капыль: Луцкі князь Мсціслаў Данілавіч "...В лето 6782 (1274) шелъ бяшэть отъ Копыля воюя по Полесью". Наступным разам на старонках летапісу Капыль будзе згадвацца толькі праз сто дваццаць гадоў. Паводле летапісных даных 1395 года, вялікі князь літоўскі Вітаў/i/content/pi/cult/269/4174/14-3.jpgт перадаў горад Уладзіміру Альгердавічу, які да гэтага займаў кіеўскі сталец, куды яго пасадзіў на кіраванне славуты князь Альгерд пасля перамогі над татарамі пры Сініх водах у 1362-м.

Уладзімір Альгердавіч меў сыноў Івана - пачынальніка роду князёў Бельскіх, Андрэя - уладальніка Лагойска і Аляксандра - Алельку, родапачынальніка дынастыі Алелькавічаў, уладальнікаў Капыля і Слуцка да 1600 г. На думку некаторых даследчыкаў, у бітве пад Грунвальдам брала ўдзел і апалчэнне пад кіраўніцтвам Аляксандра Уладзіміравіча - князя Алелькі, які меў родавы герб з выявай рыцара на кані. Цікава, што пад час раскопак на Замкавай гары Капыля ў культурных напластаваннях канца ХVI ст. сустракалася пячная кафля з выявай герба роду Алелькавічаў, а ўжо ў напластаваннях ХVІI ст. сустракалася пячная кафля з выявай арла: на грудзях яго змешчаны трохкутні шчыт з выявай трох паляўнічых ражкоў - герб "Трубы", якім карыстаўся род Радзівілаў (ім у свой час адышлі Капыль і Слуцк).

Увогуле, знаходкі з напластаванняў перыяду Вялікага княства Літоўскага ў большай ступені, чым гэта было ў мінулую пару, ілюструюць заходнееўрапейскі вектар развіцця горада. Напрыклад, у слоі ХVI ст. выяўлены даволі цікавы арбалетны болт. Ягоная галоўка выканана ў выглядзе кароны, з-за чаго нагадвае наканечнікі, вядомыя па раскопках заходнееўрапейскіх помнікаў, што маюць назву карончатых. Менавіта такія наканечнікі бытавалі ў ХVI ст. у некаторых краінах Заходняй Еўропы і прызначаліся для палявання на буйную драпежную птушку- арла або коршуна. Са слою гэтага часу паходзяць і два фрагменты шкляных кубкаў з роспісам: адзін з іх - італьянскай вытворчасці, другі - іспанскі. Знойдзены і ўзор скураной фурнітуры, аналаг якой маецца ў Літве. Усе гэтыя рэчы адносяцца да перыяду панавання Алелькавічаў.

Да перыяду ўладарства тут Радзівілаў можна аднесці знаходку латуннага медальёна з выявамі кананізаваных Лаёлы і Францыска Ксаверыя - айцоў ордэна езуітаў. Якім шляхам мог трапіць гэты медальён у Капыль? Справа ў тым, што ў 1684 - 1687 гг. у Капылі пры парафіяльным касцёле знаходзіўся пункт місіянерскай дзейнасці нясвіжскага калегіума езуітаў, дзе па чарзе адбывалі сваю службу місіянеры Ян Срэдзінскі, Казімір Абранпольскі і Марцін Хадкоўскі. Такім чынам, трапіць у Капыль гэты медальён мог у перыяд з 1684 па 1687 гг. і верагодней за ўсё - з Польшчы.

 Але цікава, хто са знакамітых людзей наведваў Капыльскі замак? Паводле /i/content/pi/cult/269/4174/14-4.jpgданых з гістарычных крыніц, у 1576 - 1578 г. тут жыў вядомы польскі гісторык, храніст і паэт Мацей Стрыйкоўскі, а ў 1650-м у Капыльскім замку зладзіў сваё вяселле з дачкою стражніка Вялікага княства Літоўскага - Ганнай- Ян Цадроўскі, грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст.

 Але не толькі добразычлівыя госці імкнуліся наведаць Капыль. Зведаў гарадскі замак і варожыя напады. У прыватнасці, у 1506 годзе каля Капыльскага замка былі разбіты крымскія татары, а літаральна праз два гады спробу захапіць замак рабіў Міхаіл Глінскі. У 1594 - 1596 гг. непадалёк ад замка пераможаны казацкі загон палкоўніка Марцінка, прысланага сюды Севярынам Налівайкам. І тым не менш, у 1655 г. замак быў спалены войскамі князя Аляксея Трубяцкога, а праз сорак гадоў непадалёк ад замка адбыўся бой паміж войскамі Радзівілаў і Сапегаў за права валодання замкам. Бойка была такой жорсткай, што спатрэбілася ўмяшальніцтва самога караля Рэчы Паспалітай, каб спыніць яе.

У 1669 г. Капыльскі замак згадваецца ў "Інвентары Капыльскага княства", дзе ўказваецца яго агульная плошча, якая складала каля 6 га. А ў дакуменце за 1744 г. асобна ўжо называюцца "замак Горні" і "замак Дольні" Капыля.

 Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя М.Танка, археолаг