“Асуджаны без права на перапіску…”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

НКУС супраць мастака: 173 творы апісаны "в доход государства" Імя гэтага чалавека я ўпершыню пачуў напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Здарылася гэта ў Маскве, пад час правядзення апошняга Усесаюзнага з'езда мастакоў. Тагачасны старшыня Саюза мастакоў БССР Уладзімір Стэльмашонак паказаў мне газету "Московский художник" з маленькай нататкай пра рэпрэсіраванага ў 1937-м таленавітага мастака Рамана Семашкевіча, ураджэнца Беларусі. Уладзімір Іванавіч тады сказаў, што, калі мяне ўсё гэта цікавіць, ёсць магчымасць сустрэцца з удавой мастака Надзеяй Міронаўнай Васільевай. Я, канешне ж, згадзіўся. І сустрэча адбылася тым жа вечарам у яе сціплай кватэры. /i/content/pi/cult/269/4173/15-2.jpgМы гутарылі да позняй ночы, паглядзелі некаторыя творы яе мужа і дамовіліся наступным разам сустрэцца ўжо ў Мінску: наконт арганізацыі ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР персанальнай выстаўкі ацалелых работ загінулага пад сталінскім Малохам нашага выдатнага земляка.

І вось - Мінск. Надзея Міронаўна прыехала сюды ўпершыню пасля вайны (у пачатку 30-х яна з мужам была тут неаднойчы). І зноў працягвала сваю бясконцую журботную споведзь пра трагічны лёс Рамана Мацвеевіча. Дастаткова сказаць, што найбуйнейшыя дзеячы мастацтва і літаратуры 1930-х гадоў былі гарачымі прыхільнікамі яго самабытнага таленту: Янка Купала, Якуб Колас, Валянцін Катаеў, Юрый Алеша, Канстанцін Паустоўскі, Ілля Ільф, Сяргей Герасімаў, Аляксандр Дэйнека, Уладзімір Татлін, Давід Штэрэнберг, Аляксей Кручоных, Надзея Удальцова, Арцём Вясёлы, Кукрыніксы...

У сваіх успамінах мастак У.Мілашэўскі пісаў: "...Вядома, ён (Семашкевіч. - Б.К.) ніяк не пасаваў "агульнай лініі"... Ён быў, бы нейкі "самародак", выявіцель у чыстым выглядзе, з якога вылазілі самі па сабе, выліваліся, нібы з меху, каштоўнасці багаццяў, фарбаў, вобразаў. Ён быў з'явай надзвычайнай. Жывапісцам з вялікай літары. Якія ў яго маглі быць палітычныя погляды? Ён быў чыстай ахвярай, "агнцем", якога зарэзалі і кінулі да падножжа "духу эпохі"..." А вось словы вядомага графіка Таццяны Маўрынай: "У яго атрымліваліся палотны, якія хацелася мець у сябе дома, і не мне адной. Ён неяк адразу стаў марай калекцыянераў". Прывяду яшчэ адно выказванне добрага знаёмага мастака - Л.Карчэмкіна: "Усё жыццё для яго было сканцэнтравана ў жывапісе. Майстэрня ягоная была пазавальвана тысячамі палотнаў і кардонаў. Ён не шукаў ні ўшанавання, ні славы. Ён быў бяссрэбранікам, ні з кім не параўнальным мастаком. Апісаць словамі яго творчасць немагчыма. Сіла ўздзеяння яго палотнаў была захапляючая. Рашучасць, абсалютнасць, безумоўнасць яго мастацкіх канцэпцый уражвалі і скаралі да рэшты..."

У час размовы з Надзеяй Міронаўнай я падумаў, што вельмі добра было б выдаць кнігу або альбом пра жыццё і творчасць гэтага цудоўнага мастака. Але кнігу такую тады, на пачатку 90-х, ніхто не напісаў (скажам, з серыі кшталту "Жыццё знакамітых людзей"): можа, яшчэ мала ведалі пра гэтую унікальную асобу? Альбо проста час не прыспеў. Альбо не было каму... Хаця, як я пазней даведаўся, штось пра Семашкевіча і ягоных сяброў па маладосці яшчэ ў пачатку 1980-х пісаў Арсен Ліс, вядомы фалькларыст і літаратуразнаўца. Адзінае, што я асабіста мог пазней, у 1994 годзе, зрабіць, - гэта надрукаваць у газеце "Культура" вялікі нарыс пра жыццё і лёс Рамана Семашкевіча. Калі не памыляюся, з таго часу больш ніхто фундаментальна не пісаў пра мастака ў нашай прэсе. Праўда, праз нейкі час Н.Васільева, дзякаваць Богу, усё ж выдала ў Маскве альбом жывапісу і графікі мужа.

 У 1991-м я атрымаў паштоўку ад Надзеі Міронаўны, дзе яна запрашала мяне (такую ж паштоўку атрымаў тады і дырэктар нашага Мастацкага музея Юрый Карачун) на адкрыццё першай персанальнай выстаўкі Семашкевіча, пасля ягонай смерці, у Трацякоўскай галерэі на Крымскім вале.

Я бачыў гэтую цудоўную экспазіцыю, якую таксама згадваў у тым самым маім артыкуле ў "Культуры". Падкрэслю: дзякуючы гэтай жанчыне наш Нацыянальны мастацкі музей сёння мае чатыры творы Рамана Мацвеевіча, якія, дарэчы, у верасні 2009 года экспанаваліся на выстаўцы "Заходняя Беларусь у мастацтве": гэта "Партрэт пісьменніка В.Таўлая", "Армянка", "Крэпасць" і "Фабрыка".

Дык вось, крыху пра тую маскоўскую выстаўку. Там было няшмат карцін, больш - малюнкаў. Але экспазіцыя зачаравала. Коні, якія выскоквалі з рам у нервовым памкненні, шэры ад дажджу горад, жаночыя вочы... Мастак паўсюль пакінуў сваю ауру. Крыху смешныя фігуры паляўнічых, горная рака, па ёй плыве лодка. Прыпяць. Жанчыны мыюць бялізну. Аўтапартрэт: у кепцы, з папяросай у зубах, погляд - стомлены, але адухоўлены. Партрэт жонкі на фоне вясенніх дрэў і ўтульнага доміка ў глыбіні палатна: кароткая прычоска, вочы востра ўзіраюцца ў гледача, вусны сцятыя. Яшчэ некалькі партрэтаў жонкі. Завулак у Замаскварэччы - шчодрасць і важкасць колеравай пластыкі. Вулічная весялосць - яскравая дынаміка і раскаванасць штрыха. Мазыр - надзвычай трапяткая ажурная лінія, майстэрскае валоданне пяром. Фізкультурнікі, якія на апошнім дыханні бягуць кудысьці...

Семашкевіч удзельнічаў у 13 выстаўках, правёў некалькі персанальных. Да 1937 года ў яго было каля 700 палотнаў і малюнкаў. Колькі іх было б яшчэ?..

 А што да той выстаўкі, якая планавалася на восень 1988га ў Мінску, дык яна, на жаль, не адбылася. Цяпер ужо няма сэнсу шукаць "вінаватых". Але зразумела адно: калі можна было зрабіць гэтую выстаўку - не зрабілі, а сёння рыхтаваць экспазіцыю мастака, асноўныя і наогул ацалелыя творы якога яшчэ знаходзяцца ў іншай дзяржаве, надта складана.

Суцяшае, аднак, што ў мастацтве таленавітае можна параўнаць з той казачнай саламандрай, якая не згарае: рана або позна многае вяртаецца з горна часу - хаця і абпаленае пякучымі вятрамі, але ўсё ж ацалелае. І хочацца верыць, што імя Рамана Семашкевіча ўрэшце зойме сваё пачэснае месца не толькі на старонках беларускіх альбомаў, але і наогул у гісторыі нашай нацыянальнай культуры, бязлітасна скалечанай крывавым лязом сталінскага таталітарызму.

Кажуць, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Магчыма, так. Мабыць, не мае сэнсу перапытваць тое, што было б, каб лёс склаўся па-іншаму. Але калі ўсё ж задаеш сабе гэтыя пытанні - разумееш, наколькі бязлітасным было мінулае стагоддзе.

...Зусім нечакана ў ноч на 2 лістапада 1937 года яго арыштавалі ў прысутнасці цяжарнай жонкі. Пасадзілі ў "чорны варанок" (ці "Марусю") і павезлі на Лубянку. З апячатанай маскоўскай кватэры мастака чэкісты канфіскавалі больш за 200 яго карцін і малюнкаў, падрыхтаваных да персанальнай выстаўкі па выніках творчай паездкі Самешкевіча ў родную Беларусь. Без вопісу, без пратакола, без панятых. Праўда, у прысутнасці домакіраўніка. Як склаўся лёс тых твораў? Гэта дасюль не вядома. Пошукамі палотнаў доўгія гады - і да, і пасля рэабілітацыі ў 1958-м мужа - займалася Надзея Міронаўна. Пісала Сталіну і Берыі, пракурорам і розным дэпутатам. Усё - безвынікова.

Аднак, як высветлілася, работы мастака ў 1937 годзе перадалі на захаванне ў спецыяльны склад канфіскаваных НКУС рэчаў, які знаходзіўся ў былой сядзібе Пакроўскае-Глебава. У 1940-м, пасля настойлівых запытаў Васільевай (да гэтага часу здзіўляюся, як не арыштавалі і яе: гэтак было амаль што заўсёды ў падобных выпадках!), была зроблена ацэнка і складзены акт аб перадачы карцін Семашкевіча са складу ў Дзяржфонд: "В доход государства". Вопіс уключаў 173 назвы твораў. Аднак дзе яны, гэтыя творы? Ніхто не ведае. Быццам зніклі ў паветры. І яшчэ адно пытанне хвалявала жанчыну: дзе ўсё ж знаходзіцца магіла мастака? Хаця, па вялікім рахунку, такое пытанне адносна расстраляных "ворагаў народа" - марнае. Але не так даўно я высветліў тое-сёе пра месца пахавання Семашкевіча і яго няшчасных калег.

У Рамана Семашкевіча ва Усе/i/content/pi/cult/269/4173/15-3.jpgрасійскім мастацка-тэхнічным інстытуце (ВХУТЕИН) быў адным з настаўнікаў - Аляксандр Дрэвін, таленавіты мастак-авангардыст, сябра У.Татліна і К.Малевіча. Потым Дрэвін сумесна з Семашкевічам уваходзіў у склад мастацкай групы "13", блізка сябраваў з ім. І вось 18 снежня 1937 года Дрэвіна выклікалі ў якасці сведкі на допыт у органы НКУС. Гаворка ішла пра Р.Семашкевіча, які ўжо некалькі тыдняў знаходзіўся ў сутарэннях Лубянкі.

Ад Дрэвіна вымагалі сведчанняў супраць Семашкевіча. У следчым аддзеле былі павыбіваны патрэбныя прызнанні: "Семашкевіч казаў, - быццам бы паказваў на допыце Дрэвін, - што ў СССР немагчымая свабодная творчасць, усё робіцца па сацыяльным заказе, рэчы яркія вялікіх мастакоў ігнаруюць і замоўчваюць толькі таму, што яны не адлюстроўваюць сучасную рэчаіснасць". Такі дакумент сёння захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі.

Праз месяц, 17 студзеня 1938 года, сам Дрэвін быў арыштаваны як удзельнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай латвійскай арганізацыі (Дрэвін (Дрэвіньш) быў латыш). Чацвёра сутак яго дапытвалі, і ён "прызнаўся" ў "шкодніцтве на фронце выяўленчага мастацтва", што ён "падтрымліваў фармалістычныя пазіцыі ў мастацтве і супрацьдзейнічаў сацыялістычнаму рэалізму". Яго абвінавачвалі і ў наступным: "...Збіраў нацыянальныя латышскія арнаменты" (!).

26 лютага 1938 года Дрэвін быў расстраляны на тым самым Бутаўскім палігоне, што і Раман Семашкевіч ды Уладзімір Камароўскі - сябра Дзмітрыя Стэлецкага, дзе былі вынішчаны тысячы людзей, у тым ліку каля сотні мастакоў. Сярод іх - рускія і латышы, немцы і італьянцы, аўстрыйцы і венгры, палякі і беларусы. Такія вядомыя тады імёны, як Г.Клуцыс, Л.Гальперын, Я.Калнынь, М.Гайфуневіч, І.Ірбіт, І.Вермус, М.Дабракоўскі, Э.Ругуціні, Ф.Лешані, Л.Фрыцшэ, А.ПаладзіПоляк, У.Эсэн, К.Мейкул, Л.Вязьменскі... І - Уладзімір Ціміроў, 23-гадовы мастак, сын контр-адмірала Сяргея Мікалаевіча і Ганны Васільеўны Ціміровых (гаворка - пра тую самую Ганну Цімірову, апошнюю верную сяброўку адмірала Аляксандра Калчака)... (Заканчэнне будзе.)  

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"