Яскравыя Дні

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

У іх межах адбыліся сустрэчы мэра Масквы Юрыя Лужкова, які ўзначальваў урадавую дэлегацыю, з Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам РБ Сяргеем Сідорскім, кіраўніцтвам Мінска. Прайшоў шэраг “круглых сталоў” па пытаннях супрацоўніцтва ў розных сферах, шырока разгарнулася культурная праграма.

 /i/content/pi/cult/119/417/Jaskravyja-dni2.jpg
 На сустрэчы ў Міністэрстве культуры РБ: старшыня Камітэта па культуры горада Масквы С.Худзякоў (злева), начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама В.Кураш, міністр культуры
Рэспублікі Беларусь У.Матвейчук і начальнік аддзела міжнародных сувязей міністэрства М.Кажура.
Цэнтрам правядзення мерапрыемстваў стаў кінатэатр “Масква” і яго наваколле: пляцоўка перад кінатэатрам на набярэжнай Свіслачы, Палац спорту. На адкрытым паветры ішлі выступленні,быў разгорнуты Горад майстроў, адбываліся разнастайныя творчыя сустрэчы, выстаўкі, дэманстраваліся фільмы пра Маскву. Госці ўсклалі кветкі да манумента на плошчы Перамогі. 15 чэрвеня, згодна з праграмай Дзён Масквы ў Беларусі, міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук сустрэўся са старшынёй Камітэта па культуры горада Масквы Сяргеем Худзяковым. На пляцоўцы ля кінатэатра “Масква” прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, мэры Масквы Юрый Лужкоў і Мінска Міхаіл Паўлаў адкрылі Дні дзяцей і юнацтва Масквы ў Мінску, якія працягнуцца да 16 чэрвеня. “Сёння мы ўшаноўваем непарушнае сяброўства паміж Мінскам і Масквой”, — гаварыў Ю.Лужкоў. “І гэтае сяброўства заўжды дае плён”, — прадоўжыў М.Паўлаў. На другім паверсе кінатэатра “Масква” была ўрачыста адкрыта выстаўка будаўнічых праграм і праектаў “Масква: сёння, заўтра”. Усе жадаючыя маглі “зрабіць” і “Прагулку па Маскве”, наведаўшы аднайменную фотавыстаўку Уладзіміра Арцёмава. Да новых выставак далучылася і тая, што пры падтрымцы Камітэта па культуры горада Масквы была адкрыта яшчэ ў маі, — “Палоннікі красы” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь былі ўрачыста перададзены кнігі з фондаў Цэнтральнай універсальнай навуковай бібліятэкі імя М.А. Някрасава, прайшла творчая сустрэча дзеячаў культуры, прысвечаная перспектывам развіцця бібліятэчнай справы ў ХХІ стагоддзі. На скрыжаванні вуліц Вызвалення і Камуністычнай адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі капсулы ў заснаванне будаўніцтва “Дома Масквы”. Шмат мерапрыемстваў было прысвечана развіццю дзелавога супрацоўніцтва. Так, прайшлі пасяджэнні Камісіі па спажывецкім рынку з удзелам маскоўскіх і беларускіх прадпрыемстваў, Камісіі па супрацоўніцтве ў галіне архітэктуры і будаўніцтва, “круглыя сталы” па пытаннях узаемадзеяння аграпрамысловых комплексаў, па ўзаемадзеянні ў інвестыцыйнай сферы з удзелам прадстаўнікоў маскоўскіх камерцыйных банкаў, па пытаннях развіцця ўзаемнага супрацоўніцтва ў галіне дзіцяча-юнацкага спорту. Адбыўся сумесны семінар, падчас якога госці і гаспадары абмяняліся вопытам у сістэме прафесійнай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. Юнакі 1991 — 92-га гадоў нараджэння, якія склалі зборныя каманды Масквы і Мінска, правялі таварыскі футбольны матч. 14 чэрвеня ў Палацы спорту прайшоў гала-канцэрт з удзелам зорак расійскай эстрады. Святочныя мерапрыемствы адміністрацыйныя акругі Масквы правялі ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Наш кар.
Фота Юрыя ІВАНОВА