Грацыёзны “...Бусел”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

20 — 24 чэрвеня ў Брэсце пройдзе Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. Як вядома, журы і гледачам будзе прапанавана больш за паўсотні айчынных карцін, створаных за тры апошнія гады. Шклозавод “Нёман” працуе гэтымі днямі над выбарам прызоў.

Галоўны мастак прадпрыемства Вольга Падліпалава паведамляе "К", што сёлета змянілася тэхналогія вырабу "Хрустальных буслоў", а значыць, змяніўся і іхні дызайн: птушка па-ранейшаму застанецца лёгкай і грацыёзнай, але змешчана будзе ў вытанчанай хрустальнай арцы.

Колькасць "Хрустальных буслоў" адпавядае колькасці асноўных конкурсных намінацый: "За лепшы фільм фестывалю", "За лепшую мужчынскую ролю", "За лепшую жаночую ролю", "За лепшую рэжысуру", "За лепшы сцэнарый", "За лепшае музычнае афармленне" і "За лепшае выяўленчае вырашэнне". Акрамя гэтага, на цырымоніі закрыцця мяркуецца ўручэнне дадатковых хрустальных прызоў.