Эксклюзіў у цэнтры Еўропы

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які ладзіцца ў гарпасёлку Акцябрскі з 1998 года, 24— 27 чэрвеня будзе праводзіцца шосты раз. “Эксклюзіў у цэнтры Еўропы” — адна з неафіцыйных назваў мерапрыемства, што ўзнікла на грунце жывой аўтэнтычнай культуры беларусаў.

Фестываль падтрыманы міністэрствамі культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскім абласным і Акцябрскім раённым выканкамамі, грамадскім аб'яднаннем "Беларускі фонд культуры". Форум дынамічна развіваецца, пастаянна ўключае ў імпрэзы новыя віды і жанры матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны.

Старшыня Акцябрскага райвыканкама Аляксандр Максіменка паведамляе "К", што ўсяго ў VI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва "Берагіня" прыме ўдзел больш за 700 выканаўцаў.

Сёлета ў Акцябрскі прыедуць фальклорныя калектывы з усіх абласцей Беларусі і Мінска. Завітаюць і замежныя госці: фальклорныя калектывы з Расіі, Латвіі, Малдовы, Польшчы.

Асноўнымі мерапрыемствамі заключных фестывальных імпрэз стануць VI Рэспубліканскі конкурс танцавальных пар - выканаўцаў народных бытавых танцаў, IV Рэспубліканскі турнір дзіцячых фальклорных калектываў, прэзентацыя аўтэнтычных гуртоў... Пройдуць таксама святы "Рудабельскае Купалле" і "Палескі кірмаш". У праграме - і майстар-клас "Рэгіянальныя традыцыі народных спеваў, музыкі і танцаў", канцэрт-прэзентацыя мастацкіх праграм фальклорных гуртоў гасцей форуму (у тым ліку і ў гаспадарках раёна), праграма "Дэкаратыўна-побытавае мастацтва" і начная фальклорная дыскатэка "Скокі да ўпаду". Навукоўцаў і практыкаў збярэ "круглы стол "Традыцыйная культура і сучаснасць: Школа. Дзеці. Будучыня".