“Як цудоўна, што вы — з намі!”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

5 чэрвеня сваё 85-годдзе адзначыла адна з патрыярхаў айчыннай тэатральнай педагогікі, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Эльвіра Герасімовіч. І з гэтай святочнай нагоды ў мінулы аўторак на Малой сцэне Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылося ўрачыстае віншаванне юбіляркі.

/i/content/pi/cult/269/4163/3-2.jpgМожна было б сказаць, што лёс Эльвіры Пятроўны вельмі цесна звязаны з гісторыяй Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але справядлівым будзе і "адваротны адлік": у 1945 годзе яна сталася студэнткай першага акцёрскага курса, набранага ў пасляваенным Мінску (з яго, уласна кажучы, і пачалася гісторыя тады тэатральнага інстытута), і паступова дайшла да пасады рэктара, працы на якой аддала 16 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці (з 1968 па 1984 гады).

Свае віншаванні Э.Герасімовіч даслаў міністр культуры Павел Латушка. Шчырыя словы пажаданняў дарылі ў гэты дзень Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, прадстаўнікі ўсіх акадэмічных тэатраў (хто - асабіста, а хто - у якасці цёплых і шчырых тэлеграм), калегі па рабоце ў Акадэміі і, канешне ж, вучні- як былыя выпускнікі, цяперашнія вядучыя акцёры тэатраў, так і студэнты, якія толькі пачынаюць засвойваць азы сваёй будучай прафесіі.

Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева назвала Эльвіру Пятроўну нацыянальным здабыткам. Яна ўручыла імянінніцы найвышэйшую ўзнагароду арганізацыі - нагрудны знак. І, даведаўшыся, што юбілярка мае прафсаюзны білет, выпісаны яшчэ ў 1945 годзе, прапанавала акурат з яго распачаць збор экспанатаў для стварэння Музея гісторыі беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

"Як цудоўна, што вы - з намі!" - да гэтага віншавальнага лейтматыву далучаецца і наша рэдакцыя. А таксама і я асабіста - як колішняя вучаніца Эльвіры Пятроўны, удзячная ёй за тое разуменне павагі да тэатральнай прафесіі, якому яна нас навучала.

На здымку: віншаванні ад Эдуарда Герасімовіча і Сяргея Кавальчыка - дырэктара і мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА