Ад фасада да моста

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

У гэтым месяцы мусяць распачацца работы на помніку архітэктуры ХVІ ст. — касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, у крыпце якога пахаваны прадстаўнікі роду Радзівілаў.

Напярэдадні рэстаўрацыі ў храме была праведзена нарада з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры краіны, Нясвіжскага райвыканкама, ААТ "Белрэстаўрацыя" і ААТ "Дырэкцыі аб'ектаў будаўніцтва Міністэрства культуры", дзе акрэслілі пералік запланаваных работ. У прыватнасці, ужо распрацавана праектная дакументацыя на выкананне рамонту даху, вадасцёкавай сістэмы, сталярных вырабаў. Разам з тым, сёлета плануецца правесці даследаванне жывапісу, алтароў, ляпнога дэкору ў інтэр'еры касцёла, пахавальнай крыпты. Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры, пасля заканчэння падрыхтоўкі адпаведнай дакументацыі распачнецца і рэстаўрацыя фасадаў касцёла, вежы колішняй Замкавай брамы і шэрагу іншых аб'ектаў. Таксама чакаецца правядзенне кансультацый з рэстаўратарамі з Польшчы і Літвы.

Усяго на 2010 год запланаваны інвестыцыі ў аб'ёме 1 мільярд рублёў з рэспубліканскага бюджэту і аналагічнай сумы з бюджэту Мінскай вобласці.

Тым часам

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 1.07.2005 № 731 працягваюцца аднаўленчыя работы па рэстаўрацыі моста ў Нясвіжскім замку.

 У прыватнасці, паводле праектнай дакументацыі, распрацаванай групай на чале з навуковым кіраўніком работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці Сяргеем Друшчыцам, прадугледжваюцца ўзмацненне існуючых апор моста, узведзенага ў 1914 годзе, разборка аварыйных канструкцый і тых, што не адпавядаюць гістарычнаму абліччу, рэстаўрацыя абліцоўкі апор з часаных палявых камянёў ды шэраг іншых работ.