Дзесяты пройдзе ў Мінску

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Расію і Беларусь лучаць непасрэдныя стасункі між творцамі, сумесныя фестывалі і творчыя праекты ў рамках Саюзнай дзяржавы, — зазначыў галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Купрыенка падчас “круглага стала” з цыкла “Беларусь — Расія”. Мерапрыемства пад назвай “Развіццё культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі: аб рэалізацыі творчых праектаў і праграм Саюзнай дзяржавы. Вынікі і перспектывы Тэлевізійна-тэатральнага фестывалю “Ажыўшая казка” прайшло 14 чэрвеня ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы.

/i/content/pi/cult/119/416/Dzesyaty.jpg 
Драматург і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў гаварыў пра тое, што палітыкам і эканамістам абедзвюх дзяржаў варта браць прыклад з беларускіх і рускіх творцаў, якія ніколі не адчувалі сябе адасобленымі і ізаляванымі. У час пазалеташняга фестывалю, які адбываўся ў Расіі пад дэвізам “Гэты дзень Перамогі...”, пяць беларускіх тэатральных калектываў уразілі пастаноўкамі гледача. Дарэчы, нашы тэатры за пяць месяцаў года гастралявалі ў 13 краінах, прадставілі на суд гледача паўсотні прэм’ер. Расійскія тэатры — таксама пастаянныя і жаданыя госці на Беларусі. І не толькі ў Мінску, але і на “Белай вежы” ў Брэсце, на “Славянскіх сустрэчах” у Гомелі.
Сёлетні Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы “Ажыўшая казка” праходзіў, як вядома, з 26 мая па 1 чэрвеня ў Маскве (дарэчы, з саюзнага бюджэту расіяне выдаткавалі 3 мільёны рублёў, беларусы — 2 мільёны). Галоўны рэжысёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Наталля Башава, якая атрымала на фестывалі першую прэмію за лепшую рэжысуру, гаварыла пра высокі прэстыж тэатральнага форуму.
Пасля зацвярджэння саюзнага бюджэту і прыняцця сумеснага плана культурнага супрацоўніцтва на 2008 — 2010 гады будзе вызначана, калі дакладна пройдзе ў Мінску чарговы, дзесяты па ліку, Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку:за “круглым сталом”.
Фота Юрыя ІВАНОВА