Экзотыка Туркменістана

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

“Вечар сяброўства” Туркменістана і Беларусі адбыўся ўчора ў Белдзяржфілармоніі ў рамках Дзён культуры Туркменістана ў нашай рэспубліцы.

 Фальклорныя, харэаграфічныя калектывы і салісты з гэтай краіны выступілі на адной сцэне з айчыннымі выканаўцамі: Беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры", Заслужаным харэаграфічным ансамблем "Харошкі", заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай ды іншымі.

З 9 па 11 чэрвеня праходзілі шматлікія культурныя мерапрыемствы з удзелам членаў дэлегацыі Туркменістана: эстраднымі спевакамі, музыкантамі, опернымі салістамі, артыстамі тэатра, мастакамі, пісьменнікамі, кінематаграфістамі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Адкрыў Дні культуры намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш на святочным канцэрце ў філармоніі. Прывітальнае слова беларусам агучыла галоўны кіраўнік Нацыянальнага культурнага цэнтра Туркменістана Туваксібі Дурдыева. З вялікай цікавасцю госці ўспрынялі выступленні фальклорнага калектыву "Сердара Сербай", музыканта Анмурата Чарыева, спевакоў Акмухамеда Ханава, Мяхры Муханавай.

А ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі цягам трох дзён экспанавалася выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога і ювелірнага мастацтва з Нацыянальнага музея Туркменістана. Творы канца XIX-га - пачатку XXI стагоддзя паказваюць традыцыйнае адзенне, галаўныя ўборы, створаныя туркменскімі майстрамі. Наведвальнікі пабачылі і каштоўныя ювелірныя вырабы з золата, срэбра, сердаліку.

Тры фільмы, што прадстаўляюць кінематаграфію Туркменістана, пабачылі беларускія гледачы ў кінатэатры "Піянер": гэта стужкі "Спаборніцтва", "Мужчынскае выхаванне" і "Сынаў дом". А на завяршэнні Дзён культуры ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся монаспектакль "Цар закаханых" у выкананні народнага артыста Туркменістана Анны Меле.

Дні культуры арганізаваны па ініцыятыве Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава з мэтай пазнаёміць жыхароў Беларусі з мастацкімі традыцыямі і дасягненнямі гэтай краіны і падтрымаць супрацоўніцтва ў галіне культуры.

На здымку: адзін з экспанатаў выстаўкі.