“Яшчэ адна ніць народнай дыпламатыі”

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

У дні афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджанскую Рэспубліку Кіраўнік нашай дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Цэнтра беларускай мовы і культуры ў Бакінскім славянскім універсітэце.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэтая падзея сведчыць аб тым, што Беларусь і Азербайджан і ў далейшым "гатовы вяршыць вялікія справы і ісці ў адным напрамку". "Гэта яшчэ адна ніць народнай дыпламатыі", - падкрэсліў ён.

Дасягнута таксама дамоўленасць аб адкрыцці Азербайджанскага цэнтра ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Бакінскі славянскі універсітэт падтрымлівае цесныя сувязі з БДПУ, а з новага навучальнага года гэтыя дзве ВНУ абмяняюцца выкладчыкамі беларускай мовы і азербайджанскай.

У гэты ж дзень Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў прынялі ўдзел у цырымоніі закладкі капсулы ў фундамент будучага будынка Пасольства Беларусі ў Азербайджане. Кіраўнік нашай дзяржавы сустрэўся таксама з актывам Таварыства дружбы і супрацоўніцтва "Азербайджан - Беларусь", пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь