Кантэкст дыялога

№ 24 (944) 12.06.2010 - 18.06.2010 г

4 чэрвеня міністр культуры нашай краіны Павел Латушка сустрэўся з нядаўна прызначанымі Паслом Грузіі ў Беларусі Георгіем Чхеідзэ і Паслом Украіны ў Беларусі Раманам Бязсмертным. ...

І запрашэнне на форум

Як паведамляюць у Міністэрстве культуры, пад час перамоў Паўла Латушкі і Георгія Чхеідзэ абмяркоўваліся пытанні аднаўлення і развіцця ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры, падкрэслівалася важнасць падпісанага 25 мая бягучага года мемарандума аб творчых кантактах паміж Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі і Тбіліскім акадэмічным тэатрам оперы і балета.

Гаворка ішла і аб магчымасці рэалізацыі сумесных кінапраектаў нацыянальных кінастудый Грузіі і Беларусі. Георгій Чхеідзэ прапанаваў правесці ў Беларусі Дні грузінскага кіно. Павел Латушка перадаў праз Пасла кіраўніку грузінскай кінастудыі запрашэнне прыняць удзел у кінафестывалі "Лістапад". "Я ўпэўнены, што грузінская культура выклікае ў беларусаў вялікую зацікаўленасць. Больш дасканалае знаёмства з ёю будзе спрыяць узбагачэнню нашай культуры," - падкрэсліў міністр.

Георгій Чхеідзэ прапанаваў запрасіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паўдзельнічаць у тэатральным фестывалі, што праходзіць у Грузіі. Павел Латушка прапанову падтрымаў.

Міністр культуры запрасіў грузінскі бок прымаць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", кінафестывалі "Лістапад".

Экспедыцыя на Палессе

Пасол Украіны Раман Бязсмертны распавёў Паўлу Латушку, што амаль за два месяцы знаходжання ў Беларусі ён наведаў Мірскі і Нясвіжскі замкі, музейны комплекс "Дудуткі", Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Добрыя ўражанні ў яго склаліся аб пастаноўцы оперы "Хаваншчына" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Пад час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў галіне культуры, арганізацыі Дзён культуры Беларусі ва Украіне, запланаваныя на верасень бягучага года, з выступленнямі вядучых творчых калектываў і выканаўцаў, арганізацыяй мастацкай выстаўкі. "Мы зацікаўлены ў тым, каб развіваўся культурны дыялог паміж нашымі краінамі, каб надаць новы штуршок нашым культурным зносінам," - падкрэсліў міністр.

Бакамі будзе разглядацца прапанова па арганізацыі сумеснай навуковай археалагічнай экспедыцыі па Беларускім Палессі для вывучэння культурных традыцый і вуснай народнай творчасці. Адбыўся таксама абмен думкамі аб магчымасці далучэння нашай краіны да "Кіеўскай ініцыятывы" пад час Міжнароднай канферэнцыі міністраў культуры Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны ў кантэксце "Усходняга партнёрства", якая адбудзецца 28 - 29 кастрычніка бягучага года ў Ялце.

 Суразмоўцы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў справе аховы гісторыкакультурнай спадчыны. Было адзначана, што 17 - 18 чэрвеня ў Брэсце адбудзецца міжнародная нарада па падрыхтоўцы намінацыйнага дасье па аб'ектах драўлянага дойлідства Палесся для ўнясення іх у Спіс сусветнай спадчыны UNESCО. Да ўдзелу ў нарадзе запрошаны прадстаўнікі Украіны.

Раману Бязсмертнаму таксама было перададзена запрашэнне да ўдзелу ў міжнародных фестывалях, што ладзяцца на Беларусі.