Ігар КАЗАКОЎ: "Лялька бліскуча спраўляецца і без акцёра!"
- Мне падаецца, вялікая праблема ў тым, што многія, нават сярод прафесіяналаў, недаацэньваюць тэатр лялек па сутнасці і лічаць, што ён - выключна для самых маленькіх. Але ж гэта абсалютна не так! Гісторыя падказвае: тэатр лялек выйшаў з вулічных форм, з жорсткай сатыры, і толькі пасля таго, як з часам займеў больш-менш акрэсленую, прафесійную форму, стаў адрасоўваць свае пастаноўкі і дзецям. А калі ўзяць яго сучасны стан? Ён уяўляе з сябе неверагодную размаітасць форм: не толькі ўласна лялькі, але і аб'екты, прадметы, візуальныя формы...
- Асабіста вам які тэатр лялек цікавы?
- Мне цікава ўсё! Магчыма, гэта можна спісаць на пэўны максімалізм, але я лічу, што рэпертуар мусіць быць разнастайны, ён павінен здзіўляць кожнай новай пастаноўкай. Мяне "кідае" то на наіўныя дзіцячыя гісторыі пра пчолку, то - у гогалеўскі "Шынель". Што да рэжысёрскіх мар, вельмі хачу паставіць "Муму", але пакуль няма ні п'есы, ні прыдуманай формы. Ды ўсё ж мне бліжэй не "дзіцячыя" сюжэты. У большай ступені хвалююць праблемы маральнага кшталту, цікавіць чалавек як з'ява. Блізкая тэматыка Дастаеўскага - у плане "корпання" ўнутры чалавека, вывучэнне яго з моманту ўзлёту да моманту падзення: што ў ягонай душы, наколькі шырокі спектр пачуццяў і перажыванняў? Мы часта любім сцвярджаць, што свет - недасканалы, але ж для мяне гэта не самамэта. Наша задача як творцаў - сваімі спектаклямі рабіць яго хаця б крышачку лепшым.
- Калі казаць пра ваша супрацоўніцтва з Аляксандрам Вахрамеевым, яно ўяўляе з сябе амаль класічны ўзор сутворчасці, дзе надзвычай складана "раздзяліць" работу рэжысёра і мастака...
- Мне і самому было б вельмі складана "раздзяліць" па такім прынцыпе спектакль. Усё пачалося з вельмі вясёлай гісторыі. Калі я прыйшоў да Вахрамеева з ідэяй стварэння экалагічнага спектакля і расказаў яму пра свае напрацоўкі, Аляксандр мяне ўважліва выслухаў і задаў толькі адно пытанне: "А чым мы закончым гэтую гісторыю? Які будзе фінал?" Я кажу: гэта павінна быць нейкая глабальная катастрофа. Ён паглядзеў на мяне і сказаў: "Ігар, ты не Спілберг. У тэатры мы не зробім "катастрофу". І дадаў: фінал яму бачыцца ў тым, што мы, людзі, банальна знішчаем запас прэснай вады на планеце - тое, што для нас жыццёва важна і без чаго не будзе існаваць нічога жывога. Такім чынам у спектаклі з'явілася Апошняя бочка вады, вакол якой разгортваецца дзея. Што да іншых сцэн і эцюдаў, гэта тое, што набалела і што хацелася выказаць. Мы даволі доўга працавалі над самой ідэяй, перш чым прыступіць да пастаноўкі.
- А як вы дамаўляліся з акцёрамі, якім было "наканавана" стаць невідочнымі для гледачоў?
- З акцёрамі ніякіх праблем не было - узнікалі пытанні іншага кшталту. Зразумела, ніхто не хоча зрабіць спектакль, каб ён потым адразу ж лёг на паліцу. Таму ў нас доўга і настойліва пыталіся, прыкладам, ці сапраўды нам на сцэне патрэбна ржавае жалеза? А я казаў: акурат такая фактура і мусіць быць!
- Вось тут і прыдаўся б "жывы план": акцёры маглі адцягваць увагу гледачоў ад гэтага самага ржавага жалеза...
- Ні ў якім разе! Лялька сама цудоўна трымае ўвагу гледача, асабліва пальчаткавая - адна з маіх самых любімых. Яна бліскуча "спраўляецца" і без акцёра. Функцыянальна "пальчатка" можа на сцэне практычна ўсё тое ж, што і чалавек.