Сустрэліся князь Вітаўт і Леанарда

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна адкрылася выстаўка мастака і пісьменніка Генадзя Говара, які святкуе гэтымі днямі 65-годдзе. А ў Літаратурнамастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” ішла гаворка пра паэтычную творчасць юбіляра.

 Генадзь Васільевіч напісаў шмат пейзажаў: ваколіцы Гомеля, Мазыршчына, Тураўшчына, Жлобіншчына… Мастацкую выстаўку ўпрыгожвае і новае палатно — “Красная Горка на Светлагоршчыне”. Наведвальнікі заўважалі, што жывапісная экспазіцыя нагадвае зачараваны лес: вось выявы ваўкоў, праз якія бачна поўня (“Вяселле на Піліпаўку”), вось імглівыя ластаўкі ў празрыстым гаі (“Першыя ластаўкі”)…

Равеснік Вялікай Перамогі, Генадзь Говар нарадзіўся ў Жлобіне. Скончыў Мінскае і Каўнаскае мастацкія вучылішчы. Нездарма кажуць, што сапраўдны талент праявіцца ў шматлікіх, нават даволі нечаканых, іпастасях: Говар пачынаў з графікі, засвоіў тэхніку жывапісу, а потым нечакана для многіх пачаў пісаць і нават стаў… вынаходнікам. Графічныя і жывапісныя работы Генадзя Васільевіча ўпрыгожваюць экспазіцыі і прыватныя калекцыі ў гарадах блізкага і далёкага замежжа. Ён з’яўляецца аўтарам і выканаўцам афармлення экспазіцый у Гомельскім абласным і Мазырскім краязнаўчых музеях. Мноства сваіх карцін ён падарыў лячэбным установам, музеям, у тым ліку Жлобінскаму краязнаўчаму. Генадзю Говару падуладныя жывапіс, акварэль, экслібрыс, графіка, карыкатура, плакат. Ягоная серыя графічных калажаў ”Рысы эры”, што складаецца з 20 работ, прадстаўляе выбітных дзеячаў усіх часоў і народаў: Леанарда да Вінчы, князя Вітаўта, Альберта Эйнштэйна, Кірылу Тураўскага…

Першы зборнік вершаў Говара — “Мае абпаленыя крылы”. Ён — з аўтарскімі графічнымі ілюстрацыямі, дзе ў абліччах звяроў, птушак і нават насякомых праглядаюцца тыпы і характары людзей. Неўзабаве з’явіўся зборнік “Мой нечаканы вершапад”.

Наталля МАЛАШЭНКА, загадчык аддзела Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна.