Як і ў ХІХ стагоддзі…

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

У Бабруйску ўсе прыхільнікі народных рамёстваў добра ведаюць Наталлю Доўгую — майстра вышыўкі і, адначасова, педагога-арганізатара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна “Росквіт”.

Наталля Генадзьеўна пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх гарадскіх і абласных мерапрыемствах па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Так, напрыклад, летась яна прымала ўдзел у абласным конкурсе

“Традыцыйны нацыянальны касцюм Магілёўшчыны”. Спецыяльна для гэтага спаборніцтва Наталля Доўгая стварыла копію адноўленага ёю мужчынскага нацыянальнага строю Бабруйшчыны. Работа майстрыхі была адзначана дыпломам ІІІ ступені. З мая па жнівень 2009 года разам з іншымі работамі Наталлі Доўгай (вышытыя ручнікі і дарожка) рэканструяваны мясцовы касцюм быў прадстаўлены таксама і на гарадской выстаўцы-конкурсе народнай творчасці “Бабруйск — скарбніца народных талентаў”, што ладзіўся ў Гарадской выставачнай зале. У намінацыі “Аўтэнтычныя рамёствы” Наталля Генадзьеўна атрымала дыплом І ступені. Сваю работу майстрыха перадала ў дар гарадскому краязнаўчаму музею.

А ў снежні ў Магілёве праводзіўся чарговы абласны конкурс рэканструкцыі традыцыйнага ручніка. Тут Наталля Доўгая заняла ганаровае трэцяе месца са сваёй чарговай работай — копіяй абрадавага ручніка канца ХІХ стагоддзя.

 Наталля КУЛІКОВА, мастацтвазнаўца Палаца мастацтваў Бабруйск На здымках: мужчынскі строй і ручнік Бабруйшчыны, рэканструяваныя Н.Доўгай.