“Ішла стряла у канец сяла…”

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

У 80-х гадах XX стагоддзя на абрад “Пахаванне стралы” пад час свята Ушэсця ў некаторых сёлах Веткаўскага раёна збіралася да 500 удзельнікаў. Сёлета ў некалькіх вёсках на Веткаўшчыне таксама спраўлялі гэты прыгожы абрад.

 

/i/content/pi/cult/268/4141/12-1.jpgМы пабывалі ў Стаўбуне і Неглюбцы. Яшчэ ніколі пасля Чарнобыльскай трагедыі абрад у Стаўбуне не збіраў столькі народу. У ім удзельнічаў фальклорна-этнаграфічны гурт “Стаўбунскія вячоркі”, створаны ў 1981 годзе. Ім кіруе Святлана Парашчанка — дырэктар мясцовага сельскага клуба. Адначасова гурт абараняў найменне “народны” разам з дзіцячым калектывам-спадарожнікам. У Неглюбцы дзеці таксама ўдзельнічаюць у абрадзе і вучацца спяваць, ткаць.

 Апошнія гады “Стаўбунскія вячоркі” займаліся сцэнічным увасабленнем абрадаў, але цяпер па метадычных рэкамендацыях Веткаўскага аддзела культуры, Гомельскага абласнога метадычнага цэнтра пачынаюць падтрымліваць народныя традыцыі ў сваёй вёсцы.

 Жывым абрад “Пахаванне стралы” застаецца ў Стаўбуне дзякуючы Марыі Зуевай, мясцовым спявачкам і… маскоўскім энтузіястам: цягам 20 гадоў на Ушэсце да Марыі Лаўрэнцьеўны прыяджае са сталіцы Расіі фальклорны ансамбль “Народный праздник” пад кіраўніцтвам Яўгеніі Косцінай, а сёлета далучыліся і іншыя тамтэйшыя суполкі.

Але, хай не пакрыўдзяцца на мяне масквічы, этнічны голас сёлета на Веткаўшчыне гучаў бліжэй да арыгінала ў спевах фальклорных суполак Мінска (калектываў “Вяснянка” — 2 курса кафедры этнафоназнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Наталлі Петуховай — і “Кроса” 5 курса БДУКіМ, якім кіруе Ларыса Рыжкова), а таксама Гомеля (ансамбляў “Талака” і “Гасцінец” этнашколы № 30 “Традыцыя” пад кіраўніцтвам Вольгі Драмук).

Аб’яднала ўсіх і запрасіла на свята пяцікурсніца Універсітэта культуры Ірына Глушэц, якая сёлета абараняе дыпломную працу пад назвай “Этнафонія абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” ў в. Неглюбка Веткаўскага раёна”. З 2002 года загадчык кафедры этнафоназнаўства БДУКіМ Вячаслаў Калацэй і выкладчык Таццяна Пладунова ездзілі ў экспедыцыі ў Веткаўскі раён, каб запісаць песні і паглядзець, як спраўляецца абрад у жывой традыцыі. Цяпер праблемай пераемнасці традыцый у раёне будзе займацца Ірына Глушэц: яна атрымала сюды размеркаванне, і едзе з радасцю, бо наперадзе — хоць і нялёгкая, але творчая і цікавая работа па спецыяльнасці. Ёсць надзея, што статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якую абрад, узяты пад ахову дзяржавы, мае з 2006 года, Веткаўскі раён будзе трымаць доўга.

 Рэгіна ГАМЗОВІЧ На здымку: у час абраду “Пахаванне стралы”.

 Фота Алега БЕЛАВУСАВА