Адміністратар па “захапленні тэатрам”?

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Усім нам, хто хоць нейкім чынам звязаны з тэатрам, вядомы такія пасады, як дырэктар тэатра, галоўны рэжысёр, кампазітар, мастак па касцюмах, грымёр. Вядомы ўжо толькі таму, што яны заўсёды на слыху. А вось імя кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі тэатра надзвычай рэдка фігурыруе публічна, а між тым працы ён выконвае шмат. Гэта пацвярджае і Палажэнне аб літаратурна-драматычнай частцы, падрабязна разгледзеўшы якое, яшчэ раз пераконваешся, што гэта фігура магічная: усё ведае, на ўсё здатная, нават паўплываць сваім меркаваннем на рэпертуар тэатра. Сапраўдны аўтарытэт! Аднак пасля расповедаў непасрэдна саміх літдрамкіраўнікоў і асабістых назіранняў, складваецца іншае ўражанне.

І тым не менш, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі — гэта той чалавек, які заслугоўвае вялікай павагі, бо адказнасці і нервовасці на яго плечы кладзецца нямала. Менавіта такі няпросты шлях прайшоў Андрэй КАРЭЛІН, які працаваў на гэтай пасадзе спачатку ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а пазней — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Сёння ён — намеснік дэкана факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва і выкладчык спецыяльных дысцыплін на курсе “літаратурная справа (драматургія)” у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Дарэчы, на прапанаваную тэму Андрэй Уладзіміравіч адрэагаваў шчыра і змястоўна:
— Хто такі кіраўнік літаратурнай часткі? Чалавек, які выконвае шмат працы. Афішы, праграмкі, рэцэнзіі, анатацыі, віншаванні акцёраў па прычыне іх юбілеяў, розная дакументацыя, сувязі з прэсай, рэклама тэатра, інфармацыйныя матэрыялы аб творчым жыцці калектыву, запрашэнні, праца з драматургамі, а дакладней — фармальнае прачытванне п’ес і шмат, вельмі шмат іншай працы — усё гэта ўваходзіць у абавязкі. А вось што тычыцца непасрэдна прафесійных абавязкаў загадчыка літчасткі, такіх, як удзел у фарміраванні рэпертуару тэатра, падбор неабходнага літаратурнага матэрыялу, арганізацыя абмеркавання новых твораў, то, на жаль, яны становяцца нібы другаснымі, не асноўнымі, патанаючы ў арганізацыйнай мітусні.
Калі я пачаў працаваць у тэатры імя М.Горкага, то момантамі шкадаваў, што пакінуў Тэатр беларускай драматургіі. Чаму? Бо там быў у некалькіх іпастасях адзін Валерый Анісенка, а ў Рускім — і дырэктар, і мастацкі кіраўнік. І перш чым штосьці зрабіць, трэба было ўзгадніць гэта з абодвума, а іх меркаванні і пазіцыі не заўсёды супадалі. У выніку — галаўны боль толькі мне. Гэта, канешне, быў добры досвед,але ж з’яўлялася і пэўнае расчараванне ў сваёй пасадзе. Мне не хацелася займацца нятворчай, нецікавай працай.
Аднойчы ў чарговым віншаванні вядомай актрысы я ў назве месца яе нараджэння замест адной галоснай літары напісаў іншую. Знайшлася прыхільніца яе таленту, якая паскардзілася на гэтую памылку, і справы дайшлі амаль да майго звальнення. Ужо, мабыць, тады, я зразумеў, што гэта не маё...Увогуле, драматургу складана займаць такую пасаду: адразу на яго асобу падае падазрэнне, што ён будзе прапаноўваць для пастаноўкі толькі свае п’есы, а творы іншых аўтараў ніколі не будуць заўважаны. А гэта цягне за сабой шэраг праблем у працы з іншымі драматургамі, якія дасылаюць свае тэксты ў тэатр. І калі я пісьмова тлумачу аўтарам, што іх твор не вытрымлівае аніякай крытыкі, дык “творцы” тэлефануюць з пагрозамі і абвінавачваннямі ў маёй некампетэнтнасці. Канешне, стамляешся ад усяго гэтага, і я заразатрымліваю ад працы выкладчыка намнога больш задавальнення, таму што тут я бачу вынік, магу дапамагчы студэнтам, магу перадаць веды і адчуваю, што патрэбны.
Другая наша суразмоўніца, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Іна Вішнеўская выказваецца адносна перспектыў сваёй дзейнасці больш пазітыўна. Магчыма, з прычыны не надта багатага прафесійнага вопыту, а магчыма, таму, што побач з сабою мае надзейнага памочніка ў асобе рэдактара Таццяны Ламонавай, якая летась скончыла БДУ культуры і мастацтваў і, па яе прызнанні, цудам трапіла ў тэатр — справу ўсяго ейнага жыцця.
Так яны і размаўлялі, дапаўняючы адна адну.
Іна ВІШНЕЎСКАЯ:
— Напачатку я працавала рэдактарам, а калі прыступіла да абавязкаў кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі, убачыла, што гэтыя дзве пасады, па сутнасці, амаль нічым не адрозніваюцца. Зараз я, хутчэй, працую ў якасці піаршчыка: прэс-рэлізы, кантакты з прэсай і г. д. Робім усё, нават запрашэнні разносім і клеім афішы. Хаця ў нашым тэатры гэта адпавядае службовым абавязкам. Адзінае, што засмучае, — немагчымасць паўнацэнна ўплываць на рэпертуар. Але калі п’еса сапраўды таленавітая, то мы можам зацікавіць рэжысёра: напішам грунтоўную рэцэнзію і парэкамендуем для пастаноўкі. Ды і акцёры часта прыходзяць да нас, каб абмеркаваць тую ці іншую п’есу, просяць даць пачытаць што-небудзь добрае.
Мы патрэбны, таму што з літаратурна-драматычнай часткай тэатраў звязаны і драматургічны працэс увогуле. Адна справа, што ёсць настойлівыя аўтары, якія не жадаюць“пісаць у стол” і нясуць свае п’есы ў тэатры, а кропля і камень точыць. Так у свой час рабілі і Андрэй Курэйчык, і Дзіяна Балыка, і шэраг іншых нашых драматургаў. Але і са свайго боку мы таксама робім усё магчымае, каб паўплываць на рэжысёра. Іншая справа, што настойваць мы не можам — існуе рэпертуарны план. Працуючы з сучаснымі аўтарамі, мы ў рамках Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры (і не толькі) запрашаем маладых творцаў: акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, крытыкаў ды і ўсіх зацікаўленых для таго, каб актывізаваць творчы працэс і даць магчымасць кожнаму праявіць свае здольнасці: але ж практыка паказвае, што ў той плыні п’ес, якія трапляюць да нас, насамрэч якаснага драматургічнага матэрыялу вельмі мала.
Таццяна ЛАМОНАВА:
— Мы прачытваем сотні п’ес людзей, якія ўвогуле некампетэнтныя ў драматургіі. Большасць твораў дэманструюць абсалютнае няведанне асноў драматургіі, тэхнікі пабудовы п’есы, кампазіцыі патрабаванняў і іншых прафесійных “азоў”. Мы пішам адмоўныя адказы, і шмат аўтараў крыўдзяцца. Але ж, на шчасце, ёсць і тыя, якія імкнуцца ўнікнуць у сэнс заўваг і ідуць на супрацоўніцтва з намі. Тады пачынаецца вельмі цікавы і творчы працэс.
Іна ВІШНЕЎСКАЯ:
— Драматургія, як і любая іншая прафесія, патрабуе пэўных прафесійных навыкаў і ведання жыцця. І на сённяшні дзень адной з найбольш перспектыўных крыніц маладой беларускай драматургіі мне бачыцца спецыялізацыя “літаратурная справа” ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Вось толькі куды знікаюць гэтыя выпускнікі?..

* * *Дзіўнае ўражанне складваецца аб прафесіі загадчыка літаратурна-драматычнай часткі тэатра: каб “не дарма есці свой хлеб”, ён вымушаны перакваліфікоўвацца ў адміністратара па “захапленні тэатрам”. Меркай дзейнасці таго, хто закліканы займацца літаратурнай работай, становіцца колькасць цёплых водгукаў аб працы тэатра і станоўчых рэцэнзій на спектаклі, што само па сабе прыводзіць да знікнення гэтай прафесіі ў яе першапачатковым, “культуралагічным” выглядзе.
І ўсё ж не хочацца думаць, што гэты працэс незваротны.

Таццяна БОЙКА,
студэнтка Беларускага дзяржаўнага
універсітэта культуры і мастацтваў