І віртуальны, і рэальны

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя У.Леніна была распрацавана рэгіянальная праграма “Жывая памяць Гомельшчыны”, што стала штуршком да актывізацыі работы па захаванні культурна-гістарычнай спадчыны рэгіёна. Вынікам гэтай праграмы стала стварэнне электронных інфармацыйных рэсурсаў, баз даных.

Рэгіянальная праграма "Культурна-гістарычнае развіццё Палесся" прадоўжыла работу па краязнаўстве, у тым ліку па літаратурным. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў бібліятэкі былі створаны віртуальныя музеі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам, - паўнатэкставыя базы даных, дзе змешчаны матэрыялы пра жыццё і творчасць знакамітых літаратараў: Андрэя Макаёнка, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі і Барыса Сачанкі. З гэтымі базамі змогуць пазнаёміцца карыстальнікі Інтэрнета на бібліятэчным партале Гомельскай вобласці.

У планах - стварэнне Літаратурнага музея пісьменнікаўземлякоў. А ўжо сёння сваіх наведвальнікаў чакае першая музейная экспазіцыя - "Слова роднага майстар", прымеркаваная да 85-гадовага юбілею Івана Навуменкі.

У час Вялікай Айчыннай вайны, у 17-гадовым узросце, будучы пісьменнік і літаратурны крытык стаў адным з арганізатараў камсамольскага падполля ў родных Васілевічах Рэчыцкага раёна. Іван Навуменка паспеў пабываць разведчыкам дэсантнай групы, байцом партызанскай групы імя Панамарэнкі, прайсці франтавымі дарогамі да Усходняй Прусіі і Сілезіі.

Сын пісьменніка Павел Іванавіч адгукнуўся на просьбу бібліятэкі і перадаў матэрыялы з асабістага архіва, фотаздымкі, апошнія рукапісы, якія цяпер ужо сталі музейнымі экспанатамі. У пакуль яшчэ невялікай музейнай экспазіцыі знайшлі сваё месца такія асабістыя рэчы літаратара, як капялюш, паліто, папка для дакументаў, рэчы, што звязаны з працай Івана Якаўлевіча ў Акадэміі навук: гадзіннік, уручаны на юбілейнай сесіі Акадэміі навук, дыплом лаўрэата прэміі НАН Беларусі, пасведчанне віцэ-прэзідэнта Акадэміі. Асобныя экспанаты апавядаюць і пра грамадскую дзейнасць Івана Навуменкі, які цягам пяці гадоў узначальваў Вярхоўны Савет БССР, быў удзельнікам 25 сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Музейная экспазіцыя змяшчае і матэрыялы, што маюць дачыненне да радзімы пісьменніка, пра тое, як шануюць свайго знакамітага земляка на Гомельшчыне.

Ніна КАНАВАЛАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гомельскай абласной бібліятэкі імя У.Леніна