А праўда — на шэсцьдзесят першай старонцы...

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Загадкі без адгадак Аляксея Дударава Сёння знакаміты айчынны драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей ДУДАРАЎ адзначае сваё 60-годдзе. Лічыцца, што “круглыя даты” даюць магчымасць азірнуцца на пройдзены шлях і ўспомніць усё здзейсненае і няздзейсненае, падзяліцца ўласным прафесійным і жыццёвым вопытам. Але нашу размову з Аляксеем Ануфрыевічам мы вырашылі пачаць з пытання аб тым, што ж за столькі часу, аддадзенага тэатру ў самых розных іпастасях — акцёра, драматурга, рэжысёра, — да сёння засталося неразгаданым для Дударава?

/i/content/pi/cult/268/4133/13-1.jpg- Таямніцай засталося - як людзі ўвогуле трапляюць у тэатр. Прафесія гэтая, мякка кажучы, складаная, а калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык гэта ўвогуле не прафесія. Я ўпэўнены, што сапраўдныя акцёры, рэжысёры, драматургі нараджаюцца з нейкім асаблівым, спецыфічным генам - каб жыць чужым лёсам. Лічу, чалавек, які займаецца творчасцю, вельмі рэдка бывае па-сапраўднаму шчаслівым у сваім нармальным жыцці...

 - Дзіўныя рэчы вы кажаце...

- Магчыма, я не маю рацыі, і вы мне прыведзяце прыклады, калі чалавек паклаў на алтар тэатральнага мастацтва ўсё сваё жыццё і пры гэтым стварыў цудоўную сям'ю, пабудаваў дом, яго ўсе любяць... Я не паверу: няпраўда гэта! Чалавек, які жыве чужым жыццём, жыць сваім або проста не ўмее, або робіць гэта не так, як належна.

- А як жа тады быць з акцёрскім пастулатам пра тое, што нельга па-сапраўднаму пераканаўча сыграць персанажа, не знайшоўшы тых ці іншых рыс характару ў сабе, у сваім нутры, не перажыўшы пэўных сітуацый ва ўласным жыцці?

 - Абсалютна дакладна! Але ж ці ўсё ў сабе трэба адшукваць, выцягваць і развіваць на сцэне? Сапраўдны акцёр ніколі не сыграе падонка, калі не "дастане" яго са сваёй душы. Не сакрэт, што ўсе мы грэшныя, і ў глыбіні кожнай, нават самай высакароднай, душы ёсць і добрае, і заганнае. Ніхто гэтага не адмаўляе. І я - за тое, каб на сцэне паказваць лепшае ў чалавеку. Але ж, вы ведаеце, ёсць такі прафесійны падыход: маўляў, шукай у адмоўнага персанажа, дзе ён станоўчы, а ў станоўчага - у чым ён адмоўны. Не слаба? Я яшчэ магу зразумець, калі ў нягодніку акцёр знаходзіць і станоўчыя рысы характару. А калі наадварот: на сцэну пачынаюць "цягнуць" тое, што кожны чалавек мусіць сарамліва хаваць, з чым варта змагацца?

- Мо дзеля таго і патрэбна даставаць на сцэну "чорныя" рэчы, каб людзі бачылі, што з такімі праявамі неабходна змагацца ўсімі сіламі душы?

- Я верыў у гэта, калі быў маладзейшы. Мы, ідэалісты, разлічваем, што чалавек паглядзіць, прасякнецца ўбачаным і скажа: "Я ніколі гэтак не зраблю". А часам гэта бывае настолькі пераканаўча сыграна, што становіцца прыкладам для пераймання: маўляў, нармальная дзяўчына, і нічога, што "працуе" яна "начным матыльком", - затое добрая, абаяльная, багатая...

- Але ж і ў вашых п'есах таксама ёсць падобнага кшталту персанажы...

 - Дык я і кажу, у працяг вашага першага пытання: чалавек павінен жыць, Богу маліцца. А мастацтва, як мне здаецца, замяняе чалавеку ўсё гэта.

- Замяняе - значыць стварае ілюзію іншага жыцця?

- Так, жыцця паралельнага, віртуальнага - няіснага. Няхай не крыўдзяцца на мяне калегі, якія лічаць іначай,- я зараз кажу выключна пра сябе. Мы можам прыдумаць нейкі свет - і гэтым жыць. Тым, чаго ў рэальнасці няма. Вы ж таксама, пэўна, бачылі, як акцёр, што добра, пранікнёна сыграе, прыкладам, генерала, і ў жыцці пачынае набываць адпаведныя рысы характару, паводзін. Вобразы накладваюць свае адбіткі.

- Значыць, калі чалавек іграе асацыяльных тыпаў, можна лічыць, што і ў жыцці ў яго рана або позна праявяцца некаторыя адпаведныя рысы?

- А чаму не? Калі пэўнага вопыту няма - ніколі не сыграеш героя пераканаўча, не "дастанеш" тых дэталей, пра якія мы гаварылі... Я "Парог" не напісаў бы, каб не ведаў таго, пра што распавядаў.

- Калі акцёрам даводзіцца няпроста ў стасунках са сваімі персанажамі, дык драматургу цяжэй у шмат разоў: яму трэба "адыграць" за ўсіх сваіх герояў...

- Менавіта за ўсіх! І пры гэтым- кожнага апраўдаць. Нават калі мы ідзём на відавочна заганныя рэчы, заўсёды апраўдваем сябе: маўляў, іначай нельга. І я дрэнны такі таму, што ўвесь свет вакол мяне паганы. Ці ж можна заставацца чысценькім, калі прырода пасяліла мяне ў цэх па вытворчасці цэменту? І ці ж гэта я вінаваты, што хаджу брудны і запылены: побач жа зусім няма вады! Гэткая карціна - з аднаго боку. А з іншага - дзе б ты не быў, дзе б не існаваў, ты не маеш права быць "брудным", і калі дзеля гэтага ты мусіш мыцца і абтрасаць пыл кожную хвіліну, ты павінен гэта рабіць, бо ты - чалавек. Аднолькава пераканаўчыя і першы варыянт, і другі. А дзе праўда? Не ведаю... Вось гэта і ёсць тая загадка, таямніца, пра якую вы ў мяне спыталіся.

- Вы кажаце абсалютна правільныя рэчы. Але мне цікава даведацца, ці можаце вы ў якіх-небудзь аспектах свайго жыцця, творчасці прызнацца ва ўласнай "няправільнасці"?

- А чаму я павінен прызнавацца? Вось саспею да споведзі - там і прызнаюся. Ва ўсялякім выпадку, у дачыненні да прафесіі магу сказаць, у чым я правільны. Калі я за штосьці браўся, то аддаваў гэтай рабоце ўсяго сябе, цалкам. І ніколі ў жыцці не халтурыў, хаця хтосьці, магчыма, і лічыць, што некаторыя свае п'есы я пісаў "левай пяткай". Над усімі маімі творамі ў мяне сэрца кроўю аблівалася. І без пахвальбы скажу, што, калі на спектаклі гледачы пры змадэляванай мною сітуацыі лезуць у кішэню за хусцінкай і выціраюць слёзы, ведайце дакладна: у гэтым жа самым месцы я таксама плакаў.

 - Давайце пагаворым пра Дударавагледача. Як вы глядзіце свае спектаклі? - Дрэнна. - Моцна змянілася ўспрыняцце?

- Канешне! Па маладосці кожны спектакль з'яўляўся для мяне своеасаблівым адкрыццём: адзін Буслай быў не падобны на іншага, я іх параўноўваў. А цяпер я... перастаў быць гледачом. Вось яшчэ адна не вельмі прыўкрасная акалічнасць нашай прафесіі: калі ты жыццё аддаў тэатру, цябе ўжо надзвычай цяжка ўцягнуць у сцэнічнае дзейства.

 - Магчыма, таму, што вы ведаеце, якімі павінны быць персанажы паводле першапачатковай задумы?

- Калі гаварыць пра свае п'есы- так. Варта акцёру трапіць у "маю" інтанацыю, адчуць яе - мне гэтага дастаткова, і далей ужо не істотна, добра ён іграе ці не вельмі, падабаецца гэта тэатральным аналітыкам або выклікае крытыку. Ён - мой, такі, якім я яго стварыў. Калі ж акцёр з рэжысёрам "не трапляюць" у гэтую інтанацыю, стараюся зразумець іх, даўмецца, хто перада мною. Тэатральныя людзі, і я ў тым ліку, дрэнныя як гледачы тым, што нам усё зразумела. А калі я гляджу пастаноўкі па сваіх п'есах, мне бывае дастаткова проста ўбачыць акцёраў, даведацца, хто каго будзе іграць, - і я ўжо магу з вялікай доляй дакладнасці "пралічыць" будучы спектакль. Так, я сапсаваны глядач. Але пры ўсім гэтым - вельмі ўдзячны: калі ў спектаклі ўбачу хоць нешта жывое, хаця б кавалачак, драбінку цяпла - я яго люблю. Не зважаючы на тое, прафесіяналы перада мной або акцёры-аматары. І такая мая рэакцыя - не толькі ў дачыненні да ўласных п'ес.

- Але, разам з гэтым, вы даволі спакойна ставіцеся да таго, што рэжысёры вашы п'есы перарабляюць, перакамбіноўваюць... - Ну і на здароўе! Што яны з п'есай зробяць? Яна ж ужо ёсць - напісаная, надрукаваная.

- А калі рэжысёр выкідвае з п'есы, прыкладам, маналог героя, які вам падаецца вельмі важным, або выкрэслівае цэлую сюжэтную лінію?

 - Калі для рэжысёра гэты маналог або лінія- не істотныя, і за імі ён бачыць сцэнічную пустату - няхай лепш выкіне. Бо ў адваротным выпадку ён усё роўна не зможа зрабіць гэтую сцэну пераканаўча, ярка. Зрэшты, я з рэжысёрамі ніколі не высвятляў адносін і не спрачаўся, у нас з імі заўсёды было "па любові": падабаецца твор - ставяць, не падабаецца - я нікому не навязваўся.

- Вам падабаецца, калі вас хваляць?

- Канешне ж не!

 - Чаму - "канешне ж"?

- Таму што мне для гэтага хапае розуму. Па-сапраўднаму хваляць - вачыма. А калі пачынаюцца словы, прычым у найвышэйшай ступені- значыць, альбо паддобрываюцца, альбо штосьці патрэбна, альбо нешта яшчэ. Ды толькі я ўсе гэтыя "альбо" не люблю...

 - І што вы тады робіце?

- Стараюся ўнікнуць гэтай размовы, перавесці яе ў іншае рэчышча, каб часам не нагрубіць. І справа не ў тым, што я гэткі добры: проста, характар такі. Я не разумею таго, і мне проста смешна становіцца, калі чалавека хваляць, а той літаральна на вачах раздзімаецца ад пачуцця ўласнай важнасці. І відаць жа няўзброеным вокам, што шчырасці ў такой пахвале няма ні на кроплю! Не скажу, што сам ніколі не трапляў у падобныя сітуацыі. Але як толькі мяне хваляць, і я раптам пачынаю "паважаць" сябе, у тое ж імгненне пытаюся сам у сябе: "Даўно Чэхава чытаў?" І ўсё адразу становіцца на свае месцы.

 - Калі казаць пра драматургію, тэатр, які персанаж вам цікавы?

- Магутны, шукальнік ісціны, але - не самавіты. Калі герой вельмі правільны і станоўчы з усіх бакоў - гэта цудоўна, але як з такога ў жыцці браць прыклад? Дазволю сабе працытаваць майго Дугіна, які кажа: "Лёгка быць святым, калі ты адзін у пустыні".

 - Пра што вы марыце напісаць? Які герой яшчэ не знайшоў увасаблення на старонках вашых п'ес?

 - Не ведаю... Я сваіх герояў не шукаю, яны самі мяне знаходзяць, калі прыходзіць іх час. З'яўляюцца і проста не даюць спакою, пакуль з імі не развітаешся. А развітацца з імі можна толькі на шэсцьдзесят першай старонцы тэксту...

Фота Юрыя ІВАНОВА