- Пабываўшы ў Жодзіне і наведаўшы манумент у гонар маці-патрыёткі Настассі Купрыянавай, я са скрухай адзначыў, што помнік спазнаў істотныя змены: ля яго няма болей кветніка, штыкі вінтовак - укарочаныя... - распавёў Іван Акімавіч. - Як мне сказалі, некалькі гадоў таму там была рэстаўрацыя. Але хто і калі ёю займаўся - не ведаю. Мне і яшчэ аднаму аўтару манумента - Андрэю Заспіцкаму (нашы паплечнікі скульптар Мікалай Рыжанкоў і архітэктар Алег Трафімчук, на жаль, ужо пайшлі з жыцця) - нічога пра гэта не паведамлялі. Можа, вы дапамаглі б разабрацца? І ці не варта сёння вярнуць помніку першасны выгляд?..
Зразумела, абмінуць дадзеную тэму ўвагай рэдакцыя не магла. Тым больш, у Год юбілею Вялікай Перамогі, калі элементарнае пачуццё доўгу абавязвае нас праявіць асаблівую ўвагу да помнікаў героям той вайны. Несумненна, што гэтая ўвага не павінна абмяжоўвацца толькі ўсеагульнай хваляй добраўпарадкавання, якая прайшла напярэдадні 9 мая.
Рэстаўрацыя, якой
не было
Мой званок у аддзел ідэалагічнай работы Жодзінскага гарвыканкама стаў для яго супрацоўнікаў поўнай нечаканасцю.
- Рэстаўрацыя? - здзіўлена перапытала мяне па тэлефоне начальнік аддзела ідэалогіі Валянціна Шарснёва. - Ведаеце, мы апякуем гэты помнік з 2005 года, і ніякіх работ, за выключэннем добраўпарадкавання тэрыторыі, там у гэты час не праводзілася. Але прыязджайце: будзем разбірацца...
У тым, што жодзінцы шануюць манумент у гонар сваіх землякоў, сумнявацца не выпадае. Гэтая пашана - навідавоку: чысціня ля помніка - ідэальная, а кветкі туды прыносяць не толькі да памятных дат. Непадалёк ад скульптурнай групы заўважыў стосікі пліткі і горку пяску. Як паведаміла Валянціна Шарснёва, мясцовыя ўлады штогод выдаткоўваюць на добраўпарадкаванне тэрыторыі манумента ладную суму грошай. Прыкладам, сёлета яна склала 30 мільёнаў рублёў.
У звязку з гэтым, згадаў адну з заўваг сааўтара помніка: кветніка ля ўзножжа манумента больш няма. Аднак у аддзеле ідэалагічнай работы гарвыканкама на гэты конт маюць свае аргументы. Яны падмацаваны праектна-каштарыснай дакументацыі манумента ў гонар маці-патрыёткі.
- Як бачыце, аб'ект апісаны тут дасканала - без увагі не засталася ніводная дробязь, - але ж пра кветнік або клумбу нідзе нічога не пазначана, - пракаменціравалі супрацоўнікі аддзела, дэманструючы унікальны дакумент 1975 года. - Таму можна ўсумніцца ў тым, што гэты кветнік з'яўляўся складнікам помніка спадчыны, а не проста элементам добраўпарадкавання тэрыторыі, які можа быць з часам заменены на іншы...
Зрэшты, Валянціна Шарснёва тут жа падкрэсліла, што ў той час, калі аддзел распачаў апекаць помнік, кветніка ўжо не было. Ды і гісторыя са штыком была завершана.
А пачалася яна з... "подзвігу", які варты асобнага абзаца ў сусветнай анталогіі глупства. Гадоў пятнаццаць таму нейкі вандал, рызыкуючы ўласным здароўем, ускараскаўся на самы верх манумента і здолеў зламаць адзін з яго бронзавых штыкоў. Хто, як і, галоўнае, навошта гэта зрабіў? На жаль, тыя пытанні засталіся без адказу.
- Наколькі я разумею, замест таго, каб аднавіць зламаны штык, было вырашана пайсці па простым шляху: абрэзаць астатнія, - выказаў свае прэтэнзіі Іван Міско. - Нічога сабе рэстаўрацыя!..
Ці то ад вандалаў, ці то ад злодзеяў пацярпелі і бронзавыя аб'ёмныя літары, якія ўтваралі чатырохрадкоўе з верша Міхаіла Ісакоўскага: ад іх і следу не засталося. Але, на думку скульптара, пад час рэстаўрацыі надпіс патрэбна было аднавіць - як неад'емную частку манумента.
- Я бяру старыя фотаздымкі помніка і параноўваю іх з цяперашнімі. Розніца - відавочная, - кажа Іван Міско.
Апошняе слова -
за аўтарам
За тыя суткі, пакуль я выпісваў камандзіроўку і ехаў да Жодзіна, Валянціна Піменаўна ўжо паспела правесці своеасаблівае службовае расследаванне. Па ўсім было відаць: гэтая прыкрая сітуацыя скаланула яе да глыбіні душы.
Як выявілася, у 2003 - 2004 гг. помнік зведаў адзіны ў сваёй 35-гадовай гісторыі капітальны рамонт. Праўдападобна: менавіта тады штыкі і былі "падкарочаны". Праўдападобна - бо дакумента, што падрабязна адлюстроўваў бы ход работ, у "дасье" помніка няма.
- У аддзеле культуры, які тады адказваў за манумент, даўно змяніўся начальнік, - распавяла Валянціна Піменаўна. - Мы звярнуліся таксама і ў ЖКГ, але ж там дырэктары за гэты час змяняліся ўжо тройчы...
Паводле логікі і беларускага заканадаўства, "канцы" ў дадзеным выпадку выпадала шукаць ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: любыя рамонтныя работы на помніку спадчыны (а манумент маці-патрыётцы, зразумела, мае такі статус) павінны весціся з дазволу Міністэрства.
На мой запыт супрацоўнікі ўпраўлення адрэагавалі аператыўна. Як выявілася, такі дазвол і сапраўды быў выдадзены. Адпаведна, заказчык работ - УКБ Жодзінскага гарвыканкама - заканадаўства ў гэтым плане не парушыў. Не выклікае сумневаў і тое, што муніцыпальныя ўлады кіраваліся выключна добрымі намерамі, папросту не надаўшы тым, здавалася б, дробязям, асаблівай увагі.
Адсюль вынікае заканамерная выснова. Прыкрага для ўсіх непаразумення можна было пазбегнуць у тым выпадку, калі б заказчык і выканаўцы рамонтных работ своечасова ўзгаднілі ўсе работы з аўтарамі манумента. Без сумневу, у ацэнцы важнасці тых ці іншых карэктыў аблічча помніка - у тым ліку і даўжыні штыкоў - апошняе слова мела застацца за імі. Гэтага патрабуе і заканадаўства, што ахоўвае права на аўтарства, і, урэшце, элементарная этыка. Змяняць мастацкія вобразы, створаныя іншымі, права нікому не дадзена.
Словы, што сцерліся
з памяці
Дык ці такое ўжо вялікае значэнне мае даўжыня штыкоў на бронзавых "трохлінейках" сыноў Купрыянавай? Можа, прынцыповасць скульптара, які звярнуў увагу на гэтую тэму, - трохі празмерная? Тым болей, і часу ўжо нямала прайшло.
Дамо слова самому Івану Акімавічу:
- Ствараючы помнік, мы даткліва прапрацоўвалі кожную дэталь: напрыклад, крой шыняля або мадэль ботаў. Кожная драбніца павінна быць дарэчы, дакладна адпавядаць сваёй эпосе. Зразумела, гэта тычылася і зброі. Мы прадумалі літаральна ўсё. Чаму помнік стаіць ля дарогі? Бо гэтая дарога таксама з'яўляецца помнікам: па ёй у абодва бакі прайшла вайна. Чаму п'едэстал такі нізкі? Бо мы не хацелі адрываць скульптурныя постаці ад зямлі. Нічога выпадковага і другараднага ў гэтым творы няма.
Можа, менавіта на гэтай датклівай праўдападобнасці і грунтуецца кранальная, бадай бязлітасная рэалістычнасць скульптурнай кампазіцыі, ад якой - мурашкі па скуры. Відавочцы адкрыцця помніка, якое адбылося ў час правядзення ў Мінску Міжнароднага кангрэса жанчын, сведчаць: многія яго ўдзельніцы з розных краін свету не здолелі стрымаць слёз. А сама Настасся Фамінічна нават не верыла ў тое, што фігуры яе сыноў зроблены з бронзы: настолькі моцным быў эфект ідэнтыфікацыі з рэчаіснасцю...
- Неяк, стоячы ля помніка, яна прамовіла: "Цяпер жа ўжо халодна, а мой малодшанькі Пеця - без шапкі... Ён увесь час на мяне глядзіць, нібы не хоча ісці. Ідзі, бо твае браты ўжо пайшлі"... - згадвае Іван Міско. - Чуючы гэта, мы ледзьве стрымлівалі слёзы...
...Затрымаўся ля помніка на пэўны час - ужо не як журналіст, а як "просты смяротны". Гэты манумент нельга паглядзець мімаходзь, звярнуўшы на яго ўвагу хіба краем вока, - ля яго хочацца спыніцца і пастаяць у задуменні хаця б колькі хвілін. Аўтары помніка не толькі стварылі наздзіва прачулыя, праніклівыя вобразы - яны здолелі выбудаваць своеасаблівую сэнсавую прастору, якая літаральна паглынае гледача.
І як дарэчы ў такі момант было б натрапіць позіркам на радкі Ісакоўскага: "Да разве об этом расскажешь - // В какие ты годы жила!// Какая безмерная тяжесть// На женские плечи легла". Але прачытаць гэты верш ля помніка можна хіба на памяць.
Запытаўся ў некалькіх жодзінцаў: што ж было напісана ля манумента? Ніхто не памятае нават і прыблізна.
***
Чарговае сведчанне таго, што гісторыя з рамонтам помніка "зачапіла" не толькі вядомага скульптара, але і гарадскія ўлады Жодзіна, не прымусіла сябе чакаць. Рэдакцыя не прасіла даваць афіцыйны адказ з нагоды праблемнай сітуацыі, але неўзабаве пасля наведвання карэспандэнтам "Культуры" горада ён прыйшоў на наш адрас - за подпісам першага намесніка старшыні гарвыканкама Юрыя Шарыя. Разам з ужо прыведзенымі вышэй фактамі, у лісце падкрэслена, што Іван Міско, неаднаразова наведваючы Жодзіна, ніякіх прэтэнзій да рамонтных работ не выказваў.
-- Я неаднаразова звяртаў увагу на гэтую тэму, але ж ніхто мяне асабліва не слухаў, -- парыраваў скульптар.
...Працягваць "шукаць вінаватых" у дадзеным выпадку - справа няўдзячная. І таму ў звароце шаноўнага Івана Акімавіча найважнейшай падалася менавіта другая частка: прапанова аднавіць помнік у першасным выглядзе. Балазе, для гэтага пачыну - прынцыповага, але не надта затратнага - будзе добрая нагода. Сёлета выдатны ўзор беларускага манументальнага мастацтва, чый аўтарскі калектыў у свой час быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, адсвяткуе 35-гадовы юбілей.
Помнікі гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны вымагаюць увагі не толькі з нагоды тых або іншых круглых датаў. І на брак гэтай увагі з боку мясцовых уладаў скардзіцца не выпадае. Але тут прыгадваецца думка намесніка начальніка упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лянкова, агучаная на згаданым ужо "круглым стале" у рэдакцыі "К": нярэдка бывае так, што самыя лепшыя памкненні не прыводзяць да ідэальнага выніку. Бо эстэтычнае аблічча помніка спадчыны можна сапсаваць усяго адной непрадуманай дробяззю. І таму тут надзвычай актуальны вядомы прынцып: сем разоў адмер, адзін - адрэж...