Рэканструкцыя “он-лайн”

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Знакавай падзеяй у духоўным жыцці краіны на пачатку чэрвеня стала святкаванне 100-годдзя пераносу мошчаў святой Еўфрасінні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Як адзначыла начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Іна Шаховіч, напярэдадні святочных мерапрыемстваў па частцы шляху стогадовай даўніны прайшоў хрэсны ход. З гэтай жа нагоды айчынныя і замежныя вучоныя прынялі ўдзел у прадстаўнічай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай ролі святой Еўфрасінні ў гісторыі нашага краю.

Таксама да святочных урачыстасцей у Мастацкай галерэі Полацка - Культурнай сталіцы Беларусі-2010 - была падрыхтавана і тэматычная фотавыстаўка "Незабыўныя дні", якая распавяла пра падзеі 1910 года вачыма фатографаў пачатку мінулага стагоддзя.

У сярэдзіне чэрвеня, па словах Іны Шаховіч, полацкі Сафійскі сабор чакае рэстаўрацыя, якая разлічана на тры гады. Яна ўключыць рамонт даху, сталярныя работы па замене аконных блокаў, аднаўленне фасада. Плануецца, што дах прывядуць у належны стан цягам лета, а на гэты час доступ у музей будзе абмежаваны віртуальнымі экскурсіямі, што ў выглядзе мультымедыйных прэзентацый будуць праходзіць у Музеі беларускага кнігадрукавання.