Патрыятызм, народжаны ў “Квецені”

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Духоўны сын славутага жывапісца-педагога Сяргея Каткова Алесь Квяткоўскі ўсё больш упэўнена заяўляе аб сабе як майстры лірычнага партрэта, нацюрморта, лірычнага пейзажа. Суровыя змрочныя колеры, жорсткія лініі, характэрныя для ранніх партрэтаў, змяніліся мяккім лірызмам, паэтычнасцю, глыбінёй распрацоўкі характаруі філасофіяй веры ў позніх палотнах — “Мае жанчыны”, “Толікава стайня”.

 /i/content/pi/cult/119/412/Patriotizm.jpg
 А.Квяткоўскі. "Лета".
Значную частку свайго жыцця Алесь Адамавіч прысвяціў дзецям. Многія ведаюць яго як кіраўніка студыі выяўленчага мастацтва і студыі “Квецень” пры Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў.
— За дваццаць гадоў праз мае студыі прайшло паўтары тысячы дзяцей, — расказвае настаўнік.— Больш за сто з іх працягваюць навучанне ў вышэйшых і сярэдніх мастацкіх установах. Шмат хто стаў бізнесменам, кіраўніком устаноў і арганізацый, хатняй гаспадыняй, але з імі прыемна сустракацца, напрыклад, на маіх выстаўках. Самае галоўнае, што яны не страцілі Высокі Дух Прыгажосці.
З 2006 г. Алесь Квяткоўскі выкладае на архітэктурным факультэце БНТУ. У вольны час — працуе ў майстэрні.
За плячыма — персанальная выстаўка ў 1997 г. “Гульні з вадзянымі фарбамі”, справаздача з летняга аздараўленчага лагера пад Светлагорскам для чарнобыльскіх дзяцей па лініі “Зялёнага крыжа” “Тэрапія праз творчасць”. Мастак прадстаўляе эксперыменты экалайну, незнаёмай тады фарбы з Галандыі (нешта сярэдняе паміж акварэллю і гуашшу). Лёгкія празрыстыя колеры перадаюць розны настрой: тады ўпершыню з’явіліся вельмі шматзначныя колера-музычныя “Вертыкальныя лініі” як вобраз ці то вертыкальнага часу, ці то віртуальнага лесу.
У маі 2007 г. разам з вядомым сталічным паэтам Віктарам Шніпам, сваім земляком (абодва родам з Валожына), мастак зрабіў выстаўку жывапісу “Дарога да храма”, прысвечаную свайму сябру, паэту Анатолю Сысу. Віктар Шніп прадставіў лірычную “Баладу дарогі да храма”. Арганічнае адзінства пятнаццаці жывапісных палотнаў і пятнаццаці вершаўверлібраў вядуць гледача па слядах сучаснай Галгофы. Пякучы боль, духоўны неспакой выпраменьваюць карціны “Воўчая карона”, “Лес”, “Лясны дзед” і інш.Вобраз маці, маці-Радзімы вельмі сімвалічны і адухоўлена-пяшчотны ў творы “Пчаліная матка”: жоўта-бурштынавыя соты, поўныя жнівеньскага мёду, незямны водар спалучэння сонечнага святла, нектару і святла ахвярнай матчынай любові. Патрыёт свайго краю, параненага Чарнобылем, мастак не мог абысці тэму агульнанароднай трагедыі. Шэсць палотнаў з серыі “Мая хворая Радзіма”былі набыты аматарамі жывапісу з Францыі.
— Прыход мастакоў з народу не знікне ніколі. Наша шматпакутная радзіма вельмі багатая на таленты, бо душа народа жывіцца вераю дзядоў і прадзедаў, — разважае мастак. — Вельмі люблю прыязджаць у вёску Гузні, што на Століншчыне, на Капыльшчыну, дзе яшчэ нядаўна жыла мая радня. Там добра думаецца, з’яўляюцца новыя вобразы. Лічу, што дзеці абавязкова павінны прыязджаць у вёскі да бабуль на лета, дапамагаць па гаспадарцы, каб не гублялася сувязь пакаленняў, сувязь з роднай зямлёй.
13 чэрвеня Алесь Квяткоўскі адзначыў сваё 55-годдзе. Пажадаем мастаку новых творчых праектаў і здзяйсненняў, “красы і сілы” ў служэнні мастацтву, Бацькаўшчыне, жыццю. 

Святлана РАМАНАВА