Інтэлектуальна і па-еўрапейску

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Да ХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” застаўся ўсяго месяц.

Акурат учора распачаўся продаж білетаў на яго канцэрты. Што ж новага чакае нас на гэтым свяце? Найсучаснае сцэнічнае абсталяванне, што зробіць "тэлекарцінку" блізкай да відовішчных эфектаў "Еўрабачання", канцэрты на адноўленай плошчы Перамогі, новае аблічча самога Віцебска і- новыя зоркі.

Зорка Уладзіміра Мулявіна з'явіцца на Алеі Зорак: імя менавіта гэтага творцы будзе сёлета ўслаўлена спецыяльным прызам Прэзідэнта нашай краіны "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Атрымае гэты прыз "нашчадак" майстра - Дзяржаўны ансамбль "Песняры".

Як паведаміў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры краіны Міхаіл Казловіч, падрыхтоўка да свята вялася роўна год, пачаўшыся акурат з заканчэння мінулага фестывалю. Існуе пастаянна дзеючы Рэспубліканскі аргкамітэт на чале з віцэпрэм'ерам Уладзімірам Патупчыкам. На пасяджэннях гучала шмат спрэчак і нават радыкальных прапаноў, як развівацца фестывалю надалей. Але было вырашана пакінуць традыцыйную структуру і ўстойлівы тэрмін: тыдзень - з 9 па 15 ліпеня.

Праўда, фестывалю зацесна ў гэтых храналагічных межах. Таму сёлета "перадфестывальныя" канцэрты стартуюць ужо 7-га ліпеня. Яны дапамогуць яшчэ больш узняць акупнасць свята. У мінулыя гады, як нагадаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў, яна ўзрасла з 40 працэнтаў да 60-ці. Пастаўлена задача давесці яе да ста. У будучым жа кожны ўкладзены ў фестываль рубель павінен прыносіць паўтара рублі аддачы.

Зацесна фестывалю нават у межах адноўленага і пашыранага Амфітэатра, безлічы іншых канцэртна-тэатральных і звычайных вулічных пляцовак. Сёлета два самыя, бадай, грандыёзныя канцэрты пройдуць на адной з самых буйных плошчаў свету - на віцебскай плошчы Перамогі. Тут з "сольнікамі" выступяць Дзіма Білан і зоркі "Еўрабачання". Практыка святкаванняў Новага года, 65-годдзя Перамогі паказала: на плошчу прыходзяць каля 30 - 40 тысяч чалавек. Таму нават калі прадаваць білеты па 15 тысяч рублёў, а публікі прыйдзе ўдвая меней, чым на згаданыя ўрачыстасці, прыбытак будзе важкі. Кошты на білеты не павысяцца. Таму запаўняльнасць залаў чакаецца на 80 - 90 %.

Улічваючы, што фестываль глядзяць мільёны тэлегледачоў, сёлета значна зменіцца яго сцэнаграфія, распрацаваная, па-традыцыі, Зіновіем Марголіным яшчэ ў лістападзе. Святлодыёдныя экраны змесцяцца не паабапал сцэны, а літаральна ў паветры: з дапамогай так званых інтэлектуальных лябёдак яны змогуць перамяшчацца, трансфармавацца, іншымі словамі- рабіць цуды. Расквеціцца "святлодыёдамі" і падлога. Так што цяпер не толькі зоркі будуць упрыгожваць сцэну, але і яна - зорак: бюджэт на святлотэхнічнае абсталяванне ўзрос удвая.

Склад зорак таксама зменіцца. У канцэрце адкрыцця возьме ўздел нямецкая спявачка Лена - пераможца сёлетняга "Еўрабачання": прадбачлівыя арганізатары падпісалі з ёй кантракт яшчэ за месяц да конкурсу. Плануецца прыезд Томаса Андэрса. Увогуле, канцэрт, паводле задумкі рэжысёра Глеба Шапо, павінен ператварыцца ў тэхналагічнае, мадэрновае шоу.

Галоўнай інтрыгай застануцца два традыцыйныя конкурсы. На "дарослым" журы (яго ўзначаліць народная артыстка Украіны Таісія Павалій) выступіць саліст прадзюсерскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка. Удзельнікамі дзіцячага конкурсу стануць навучэнка Нацыянальнага музычнага цэнтра імя У.Мулявіна Злата Ларчанка і выхаванка студыі "Нясумны ўзрост" Ганна Зайцава. Увогуле ж, беларускія артысты будуць багата прадстаўлены ва ўсіх канцэртах, некаторыя- неаднаразова. Нацыянальны канцэртны аркестр на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам правядзе творчы вечар Райманда Паўлса. А Дзмітрый Хварастоўскі выступіць у суправаджэнні Прэідэнцкага аркестра Беларусі.

Н.Б.