Яго каханне. Апошняе?..

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Тэма аддаленасці новай беларускай п’есы ад сучаснага сярэднестатыстычнага гледача, на жаль, — невычарпальная: маўляў, раней пісаць для тэатра ўмелі!.. У якасці галоўных драматургічных “аўтарытэтаў” мінулага пачынаюць гучаць імёны Шэкспіра з Чэхавым, хаця, па шчырасці, зусім не гэтыя класікі з’яўляюцца для айчынных аўтараў “тытанамі ад літаратуры”, на чыіх плячах тыя ўзраслі. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сваёй апошняй прэм’ерай — спектаклем “Яго апошняе каханне” (“Лета”) па п’есе Анатоля Дзялендзіка — акурат пра гэта нам і нагадаў.

/i/content/pi/cult/266/4109/14-2.jpg/i/content/pi/cult/266/4109/14-1.jpg

Анатоль Дзялендзік, гэтак жа, як і многія сённяшнія маладыя аўтары, прафесію драматурга пачаў засвойваць ужо пасля таго, як прыйшоў у тэатр... спасцігнуўшы прафесію псіхіятра. І ў якасці дамінуючых жанраў у сваёй творчасці абраў самыя распаўсюджаныя - меладраму і камедыю, што, як вядома, і з'яўляюцца самымі "блізкімі да народу". Не здрадзіў ён свайму жыццёваму выбару і гэтым разам: п'еса "Лета" - узор таго, якім бачыцца сёння нашым сучасным аўтарам жанр меладрамы. У вобразе галоўнай дзейнай асобы - Мікалая Мікалаевіча - драматург, па сутнасці, увасабляе самога сябе - з выкарыстаннем рэальных біяграфічных фактаў, што гучаць з вуснаў героя, а таксама і з тымі прыдуманымі ім "ідэаламі донжуанства", пра якія так шмат гаворыцца ў тэксце. Высакародны сучасны Дон Жуан - гэты вобраз для Дзялендзіка становіцца своеасаблівай матэрыялізаванай тэатральнай формай разважанняў пра жыццё і ўласны шлях у ім, пра тыя важныя для аўтара моманты, што сфарміравалі і яго асобу, і творчыя прыярытэты. Так што ў "Леце" перад намі паўстае квінтэсенцыя ўлюбёнага драматургам "сплаву" тэатральнасці і псіхааналізу, гэтым разам- у дачыненні да ўласнай асобы.

Лейтматыў сустрэчы персанажа з уласнай смерцю ў літаратуры не новы: у розныя часы да яе звярталіся самыя выдатныя розумы. Анатоль Дзялендзік прапануе меладраматычны спосаб успрыняцця гэтай сустрэчы: з дапамогай кахання. Рэжысёр спектакля Венедыкт Расстрыжэнкаў падтрымлівае і развівае гэтую ідэю ў сцэнічнай дзеі, выносячы яе нават у назву спектакля. А ў якасці жанравай дамінанты абірае "сучасную містэрыю" - своеасаблівую форму злучэння побытавасці канкрэтнай гісторыі з архетыпічнай прыродай самога дыялога са смерцю./i/content/pi/cult/266/4109/14-3.jpg

 Дзея разгортваецца ў падкрэслена метафізічнай сцэнаграфіі Дар'і Волкавай, вакол першабытных камянёў і нітак лёсу, якія цягнуцца да ладдзі-паўмесяца, што лунае ў вышыні. Але літаральна з першых хвілін зусім не гэтую прастору, а бальнічны ложак Мікалая Мікалаевіча ўспрымаеш як нешта штучнае, часовае. І доўгая экспазіцыя - спачатку з гуллівай Шурачкай (Юлія Шаўчук), потым з успамінамі любоўных паходжанняў маладосці з Марынай (Наталля Баярава) - толькі раздражнівае наша чаканне, фантазію адносна таго, якой жа паўстане перад намі тая, Самая Галоўная. А яна аказваецца... звычайнай з выгляду жанчынай: напачатку- строгай і суровай, пазней, як павялося яшчэ з даўніны, - непераадольна цікаўнай. І, у рэшце рэшт, бліжэй да фіналу,- пяшчотнай і ласкавай - Сапраўднай Жанчынай. Можна было б доўга філасофстваваць на тэму кахання і жаноцкасці, але Людміла Сідаркевіч, якая іграе Лету, зусім не выяўляе такія характарыстыкі вобраза. І акурат яна, нібыта знарок, спрабуе "збіць пафас" сітуацыі, выяўляючы ў сваёй гераіні і падаючы нам найперш тыя рысы, што знаёмыя і блізкія жывым людзям: іранічнасць, упэўненасць, дасціпнасць, пазней - авантурызм, дзіцячую цікаўнасць, даверлівасць... Асабіста для мяне гэтая яе роля сталася своеасаблівым акцёрскім працягам работы ў спектаклі "Неба ў дыяментах", дзе Людміле Сідаркевіч давялося сутыкнуцца з пластычным увасабленнем чэхаўскіх гераінь, што ў фінале складаліся ў вобраз ці то грэшніцы Марыі Магдаліны, ці то ў аблічча Божай Маці. І гэтае яе адчуванне шматмернасці жаночай прыроды, калі пазнавальныя паасобку праявы складваюцца ў нешта большае, чым проста сукупнасць чалавечых якасцей, у "Яго апошнім каханні" толькі ўзмацніла эмацыйны складнік пастаноўкі.

Хаця рэжысёр Венедыкт Расстрыжэнкаў зрабіў у тэксце п'есы пэўныя скарачэнні, канчатковы прадукт - спектакль - ад гэтага зусім не пацярпеў: тэатральная літаратура Анатоля Дзялендзіка набыла пэўную сцэнічную пругкасць і сэнсавую завершанасць. Не ў першы раз, назіраючы за творчасцю гэтага пастаноўшчыка ў РТБД, думаю: для драматургаў, што прыносяць у гэты тэатр свае п'есы, праца з ім з'яўляецца цудоўным майстар-класам. Расстрыжэнкаў як рэжысёр ніколі не "падмінае" пад сябе драматургічны матэрыял, а ў кожным канкрэтным выпадку спрабуе адшукаць адпаведную яму форму і пераканаўча заматываваць на сцэне тую думку, якую праводзіць у п'есе сам аўтар. І падобны падыход, што не мае за мэту жаданне "прыкрыць хібы" аўтара, а, наадварот, - імкнецца паспрабаваць адшукаць яго адметнасці, як ні дзіўна, у сучасным тэатры сустракаецца ўсё радзей. І ў гэтым сваім спектаклі Венедыкт Расстрыжэнкаў бярэ на ўзбраенне той меладраматычны пафас, якім прасякнута п'еса, ставіць яго ў цэнтр увагі і праз яго выходзіць на ўзровень размоў пра метафізічнасць чалавечай прыроды, жыцця, кахання і смерці.

У адрозненне ад п'есы, у спектаклі рэжысёр "раздвойвае" вобраз галоўнага героя: Мікалая Мікалаевіча іграюць адразу два акцёры. У сталым веку яго ўвасабляе Віктар Багушэвіч - акцёр, які ўмее стварыць на сцэне вобраз з тонкіх карункаў псіхалагічных нюансаў і паўтонаў. Маладога ж персанажа выконвае акцёр Генадзь Гаранскі; яму ж аддаецца і роля Душы паэта. І хаця асабіста я як глядач не вельмі люблю разнастайныя тэатральныя "падваенні", што, на маю думку, вельмі часта прадыктаваны элементарным няўменнем рэжысёра стварыць шматпланавы вобраз, у дадзеным выпадку такі ход абсалютна апраўданы. Дзякуючы яму мы і адрываемся ад жыццёвай мітусні з усімі яе побытавымі рэаліямі і пераходзім у свет, дзе звыклыя нам законы перастаюць іграць усялякую ролю, а застаюцца толькі ідэі, вакол якіх і адбываецца спрадвечная барацьба за Душу. Тую, што, у выкананні Генадзя Гаранскага, запаліўшы ў іншым сэрцы каханне, змагла застацца бессмяротнай.

На здымках: Мікалай Мікалаевіч - Віктар Багушэвіч; ён жа ў маладосці - Генадзь Гаранскі; Марына - Наталля Баярава; Лета - Людміла Сідаркевіч. Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА