“Кава з вяршкамі” і… відам на Францыю

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка жывапісу “Мая Францыя”. Яна прадстаўляе творы беларускай мастачкi Iлоны Касабука, напiсаныя цягам двух апошнiх гадоў пад час творчых вандровак па гэтай еўрапейскай краіне.

 Францыя, за я/i/content/pi/cult/266/4107/12-4.jpgкой стала замацавалася слава сусветнай сталiцы мастацтва, стылю i моды, якая традыцыйна з'яўляецца цэнтрам прыцягнення людзей усiх творчых прафесiй, паўстае на палотнах мастачкi ў калейдаскопе хуткiх уражанняў - разнастайных і, адначасова, вельмi арганiчных, цэласных.

Гэта менавiта яе Францыя, па-асаблiваму адчутая, перажытая i занатаваная пэндзлем. Незвычайны свет, у якiм фрагментарна схоплена вiтрына маленькай вулiчнай крамы або стрыманы нацюрморт з белым кубачкам гарачай кавы ("Кава з вяршкамі"), не менш велiчныя i значныя, чым старадаўнiя саборы або бязмежныя марскiя вiды ("Нармандыя"). Таму што кожны вобраз, перанесены на палатно, - нi што iншае, як адлюстраванне тонкага, нават "гурманскага" ўспрыняцця мастачкi, дзе гарманiчна суіснуюць i эстэтычны, рафінаваны вобраз Францыi, узрошчаны стагоддзямi захопленага сузiрання ды моцнага жадання ўсiх астатнiх еўрапейцаў хоць у чым/i/content/pi/cult/266/4107/12-5.jpgсьцi наблiзiцца да недасягальнага французскага iдэалу, i Францыя - як месца на зямлi надзіва блiзкае, абжытае, дзе радасна, спакойна i светла ("Палац, які заснуў"). У кожнай карцiне, напiсанай у манеры свабоднай i дынамiчнай, з характэрнымi шырокiмi мазкамi i стрыманым каларытам, з відавочна дамiнуючымі адценнямi белага колеру, нябачна прысутнiчае асаблiвы, узвышана-ўзнёслы, але i крыху самаiранiчны погляд мастачкi (як калi б мы, ведаючы пра сваю слабасць, усё роўна патуралi ёй), жыве асалода ад захапляльнай, натхнёнай гульнi, iмя якой - працэс творчасцi.

Ілона Георгіеўна вядомая не толькі на сваёй радзіме, у Беларусі, - яе персанальныя выстаўкі адбыліся ва Украіне, у Балгарыі, Славакіі, Францыі. Апошняя ейная выстаўка прайшла ў студзені гэтага года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Ірына СКВАРЦОВА, кандыдат мастацтвазнаўства