Францыя, за якой стала замацавалася слава сусветнай сталiцы мастацтва, стылю i моды, якая традыцыйна з'яўляецца цэнтрам прыцягнення людзей усiх творчых прафесiй, паўстае на палотнах мастачкi ў калейдаскопе хуткiх уражанняў - разнастайных і, адначасова, вельмi арганiчных, цэласных.
Гэта менавiта яе Францыя, па-асаблiваму адчутая, перажытая i занатаваная пэндзлем. Незвычайны свет, у якiм фрагментарна схоплена вiтрына маленькай вулiчнай крамы або стрыманы нацюрморт з белым кубачкам гарачай кавы ("Кава з вяршкамі"), не менш велiчныя i значныя, чым старадаўнiя саборы або бязмежныя марскiя вiды ("Нармандыя"). Таму што кожны вобраз, перанесены на палатно, - нi што iншае, як адлюстраванне тонкага, нават "гурманскага" ўспрыняцця мастачкi, дзе гарманiчна суіснуюць i эстэтычны, рафінаваны вобраз Францыi, узрошчаны стагоддзямi захопленага сузiрання ды моцнага жадання ўсiх астатнiх еўрапейцаў хоць у чымсьцi наблiзiцца да недасягальнага французскага iдэалу, i Францыя - як месца на зямлi надзіва блiзкае, абжытае, дзе радасна, спакойна i светла ("Палац, які заснуў"). У кожнай карцiне, напiсанай у манеры свабоднай i дынамiчнай, з характэрнымi шырокiмi мазкамi i стрыманым каларытам, з відавочна дамiнуючымі адценнямi белага колеру, нябачна прысутнiчае асаблiвы, узвышана-ўзнёслы, але i крыху самаiранiчны погляд мастачкi (як калi б мы, ведаючы пра сваю слабасць, усё роўна патуралi ёй), жыве асалода ад захапляльнай, натхнёнай гульнi, iмя якой - працэс творчасцi.
Ілона Георгіеўна вядомая не толькі на сваёй радзіме, у Беларусі, - яе персанальныя выстаўкі адбыліся ва Украіне, у Балгарыі, Славакіі, Францыі. Апошняя ейная выстаўка прайшла ў студзені гэтага года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Ірына СКВАРЦОВА, кандыдат мастацтвазнаўства