Зязюля ў стылі тэхна

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Біясфера вакол і ўнутры нас Ідучы на чарговую выстаўку ў мастацкую галерэю “Універсітэт культуры”, заўсёды чакаеш чагосьці незвычайнага. Кожная новая экспазіцыя ў галерэі — падзея для сталічнага арт-жыцця. Складана сказаць, у чым прычына: ці то ў схільнасці да эксперыменту студэнтаў — асноўных удзельнікаў выставак, ці ў цудоўных арганізацыйных здольнасцях дырэкцыі галерэі, ці ў пастаяннай увазе да гэтай экспазіцыйнай пляцоўкі такіх міжнародных арганізацый, як ААН… А прычына, хутчэй, — ва ўдалым спалучэнні ўсіх гэтых характэрных асаблівасцей студэнцкай пляцоўкі.

 /i/content/pi/cult/266/4106/12-2.jpg

Папулярнасць выставак ва універсітэцкай галерэі складаецца па добра адпрацаванай формуле: гледача прываблівае ўжо агульная арыгінальная тэматыка экспазіцыі, інтарэс падаграваецца ўдзелам, у дадатак да студэнцтва, і масцітых творцаў, а медыя і спонсарская падтрымка "на дэсерт" - неардынарныя, падчас правакацыйныя творы, выкананыя ў самых разнастайных тэхніках. Паспяховасць працы такой методыкі ўжо неаднаразова даказана. Найярчэйшымі прыкладамі- сумесныя праекты "Універсітэта культуры" і прадстаўніцтва ААН у Беларусі, якія распачаліся з арганізацыі маштабнай "Арт-бульбы" і прадоўжыліся ў цікавай экспазіцыі "Бэбі-бум". Апошні вынік супрацоўніцтва - выстаўка "Біясфера2010", што прадстаўляецца гледачу гэтымі днямі і прымеркавана да правядзення Міжнароднага года біялагічнай разнастайнасці. Сімвалічна абраны і межы экспазіцыі: урачыстае адкрыццё прайшло 22 мая, у Міжнародны дзень біяразнастайнасці, апошнія ж наведвальнікі змогуць убачыць работы удзельнікаў 5 чэрвеня- у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя.

Як заўсёды, творча і неардынарна раскрываць заяўленую тэму куратары выстаўкі пачалі яшчэ з вернісажу: красамоўныя выступленні афіцыйных асоб суправаджаліся аўдыёзапісам гукаў сучаснага тэхнасвету. А ў кутку ціха кукавала зязюля... Такая вось абсалютна простая метафара задала тон усёй выстаўцы, задачу якой акрэслілі дакладна і смела: "Уразіць мінскую публіку свежымі, крэатыўнымі, нестандартнымі ідэямі і іх таленавітым увасабленнем, прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы захавання акаляючага асяроддзя". Гучыць пафасна? Магчыма. Але ж, здаецца, выканаць адразу дзве пастаўленыя задачы - сацыяльную і творчую, - у асноўным, удалося.

Цікава заўважаць, як па-рознаму аўтары бачаць тэму, якія сродк/i/content/pi/cult/266/4106/12-3.jpgі выбіраюць для раскрыцця. Адны адштурхоўваліся ад ідэальнага, іншыя - ад крытычнага. Так, разам з рэалістычнымі творамі ў традыцыйных тэхніках, што адлюстроўваюць вынікі ўзаемаразумення чалавека і прыроды, на выстаўцы прадстаўлены і утрыраваныя, гіпербалізаваныя вынікі актыўнай тэхналагізацыі - своеасаблівы песімістычны погляд у будучыню. Паказальнай работай такога кшталту можна назваць "Сфінкса" Валерыя Малахава: камбінацыя жалезных дэталей - вось што, на думку аўтара, стане "візітоўкай", мастацкім сімвалам наступных пакаленняў.

Дарэчы, арт-аб'ект на выстаўцы традыцыйна для галерэі з'яўляецца адным з вядучых напрамкаў. Модны сёння накірунак дае магчымасць аўтарам гуляць не толькі з фактурай, колерам, прасторай, але і з матэрыялам, магчымасцю паказаць твор з усіх бакоў. Цікавыя вырашэнні прадставілі як студэнты, так і знаныя майстры. А творы Сяргея Шылы для пастаянных наведвальнікаў сталічных выставак увогуле пазнавальныя нават без подпісаў. Як заўсёды, аперыруючы магчымасцямі дваякага прачытання назваў арт-аб'ектаў, мастак незвычайна ёміста метафарызуе з'явы. Так, "Зямля пад соусам" - гэта невялічкі глобус, які ляжыць у чорнай лужыне эмалевай краскі. Чырвоныя падцёкі - і на самім шарыку Зямлі...

Неардынарны погляд на пытанні захаванасці акаляючага асяроддзя прадставіла Ганна Сілівончык. У работах "Бярозавы гай" і "Жанчына - не птушка" - традыцыйнае для творчасці мастачкі спалучэнне тонкага гумару і метафарычнасці. Глядзіш здалёк на палатно: сапраўдны бярозавы гай! А падыдзеш бліжэй - і адразу разгледзіш, што пад чорна-белай фактурай маладых бярозак схаваліся жаночыя ножкі! Дадайце да гэтага яшчэ незвычайны, схільны да інсіту і фальклору, стыль мастачкі...

Словам, ёсць на што паглядзець. Фатаграфія, жывапіс, графіка, скульптура, батык... Шэраг тэхнік, шэраг напрамкаў, шэраг імёнаў. Лейтматывам усёй экспазіцыі мне падалася сціплая работа Алега Елізарава "Сведка кахання" - як напамін пра тое, што дае нам прырода і што мы так часта не цэнім. Вызначыць сваіх фаварытаў прапаную кожнаму самастойна!

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ