Ідзём на кантакт

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

У сталіцы з’явілася яшчэ адна оперная трупа — эксперыментальная. Першай яе пастаноўкай сталася неўміручая класіка — “Любоўны напой” Г.Даніцэці, перакладзены ўсяго для... дзесятка ўдзельнікаў, уключаючы работнікаў сцэны і грымёраў. Чым не гатовы выязны спектакль?

/i/content/pi/cult/266/4104/11-5.jpgАрганізатарам праекта выступіў знаны саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (і пакуль яшчэ студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) Эдуард Мартынюк. Паплечнікі першапачаткова склалі ажно чатыры "змены" салістаў гэтага спектакля. Ды, калі ўцямілі, што працаваць давядзецца на грамадскіх пачатках, засталіся толькі самыя адданыя. Але ж засталіся! Бо - паверылі. Як паверылі і гледачы, што запоўнілі залу Палаца культуры чыгуначнікаў.

У выйгрышы засталіся ўсе. Маладыя артысты - узялі новую для сябе планку (а хтосьці ўвогуле ўпершыню заявіў пра сябе). Гледачы - атрымалі задавальненне (нават я, з усёй сур'ёзнасцю расклаўшы перад сабой нататнік для фіксацыі плюсаў-мінусаў, ледзь не палову спектакля смяялася, забыўшыся на свае запісы). Жанр оперы - набыў новых прыхільнікаў. Палац культуры - увайшоў у гісторыю як першая сцэна Эксперыментальнай опернай трупы "М-АРТ".

Назву расшыфроўвайце, як заўгодна: і канцэпцыйна (Мастацтва-art), і задзірыста-"нясціпла" (Мартынюк і АРТысты), і гулліва-"плагіятна" (як "альтэрнатыўны працяг" маладзёжнага тэатральнага форуму "M.@rt-кантакт"), проста храналагічна (бо менавіта на "март"-сакавік прыпалі першыя рэпетыцыі). Галоўнае- студыйная сутнасць праекта, накіраванага, з аднаго боку, на самарэалізацыю таленавітай моладзі, з іншага - на прыцягненне публікі да жанру оперы.

- У камедыі, - распавёў Эдуард Мартынюк, - як у спорце, вынік - відавочны: смяецца глядач ці не. Нам вельмі хацелася даказаць, што опера можа быць жанрам надзвычай дэмакратычным, даступным нават для непадрыхтаванай публікі. Невыпадкова ў гісторыі мастацтва побач з операй-серыа, заснаванай на сур'ёзных міфалагічных сюжэтах, нарадзілася операбуф - камічнае адгалінаванне жанру. Але Вялікі тэатр мае свае законы: агромністую сцэну трэба запоўніць адметным відовішчам, вялізную залу - гучаннем сімфанічнага аркестра і "сценабітных" галасоў. Таму і камічных опер у рэпертуары такіх тэатраў звычайна замала. А зірніце на развіццё беларускай оперы! Пачаўшыся з камічных прыкладаў у тым жа ХVIII стагоддзі, у ХХ-м яна збочвае, пераважна, да героікапатрыятычных спектакляў, поўных драматызму. Беларускія камічныя оперы можна пералічыць па пальцах! Мы ж звярнуліся да італьянскай класікі, лёгкай для ўспрыняцця, але няпростай для выканання. І паставілі яе ў перакладзе, каб глядач разумеў змест без дадатковага лібрэта. А да таго ж, крыху наблізілі да сучаснасці. З нашых рэпетыцый нават работнікаў сцэны было не адцягнуць! Дый двое знаёмых аднаго з салістаў, зусім не музыканты, так зацікавіліся працэсам, што я прыдумаў для іх бясслоўныя ролі "артыстаў мімансу".

Сапраўды, дзеянне перанесена з італьянскай вёскі пачатку ХІХ стагоддзя ў сучасны бар - самы звычайны, шараговы, дзе працуе нягеглы, зусім не "барменісты" хлопец у смешных акулярах (першакурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Раман Круковіч), закаханы ў легкадумную прыгажуню (студэнтка БДАМ Алеся Брэль), якая часта завітвае да сваёй сяброўкі-барменшы (выпускніца БДАМ Ганна Бяляева). Сяржант, што, без папярэдніх заляцанняў, прапаноўвае прыгажуні руку і сэрца (саліст Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, выкладчык Мінскага музычнага вучылішча Алег Прохараў), ператвораны ў кіраўніка міліцэйскай "групы захопу" (артысты мімансу), якая наведала бар з-за памылковага выкліку. А лекар-шарлатан, гандляр "любоўным напоем", становіцца прадстаўніком сеткавага маркетынгу (удзельнік опернай студыі БДАМ Яўген Глебаў).

Усё- жыва, цікава, з гумарам і фантазіяй! Сцэнаграфія - мінімальная, складзеная са звычайных побытавых рэчаў. Затое рэжысёрскіх "выбрыкаў", ад якіх публіка заліваецца смехам, - безліч (невыпадкова Э.Мартынюк, скончыўшы ў юнацтве тэатральнае вучылішча, пачынаў сваю творчую кар'еру ў тэатрах музычнай камедыі). Спевы, за рэдкай дробяззю, - бездакорныя. Артыстызм - на ўзроўні не толькі "буйнога памолу", але і найтонкіх псіхалагічных дэталей. Вядома, давялося зрабіць купюры і рэдагаванне: зніклі харавыя нумары, асобныя рэплікі хору аддадзены салістам, узнікла некалькі дадатковых размоўных фраз. Затое знакаміты Раманс Немарына пакінуты на італьянскай, - і гэтая акалічнасць цудоўна абыграна.

 У ролі "аркестра" - піяністы Вольга Атвіноўская (таксама пакуль студэнтка) і Настасся Юшкова, якія разам з эмацыйным, імпульсіўным дырыжорам Інгай Ліпай удзельнічаюць у сцэнічнай дзеі. Падобныя оперы можна было б увасабляць з камерным ансамблем, што даўно стала замежнай практыкай, асабліва- у эксперыментальна-авангардных пастаноўках.

Пакуль жа - можна канстатаваць, што Камерны эксперыментальны оперны тэатр, пра які столькі марылі яшчэ з 1980-х, нарадзіўся!

На здымках: сцэны з оперы "Любоўны напой".  

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"