“Наточаны” мадэрн Дзмітрыя Стэлецкага

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Не памылюся, калі скажу, што гэты таленавіты скульптар, графік, жывапісец-манументаліст, сцэнограф, майстар прыкладнога мастацтва на сваёй радзіме, у Беларусі, практычна не вядомы. І не згадваецца, наколькі я высветліў, ні ў адной нашай энцыклапедыі, ні ў шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, ні ў іншых кнігах па выяўленчым мастацтве. Інакш кажучы, пра яго ніхто з беларускіх мастацтвазнаўцаў ніколі не пісаў з адной прычыны: гэты творца ў мастацка-эстэтычнай прасторы нашай краіны проста не існаваў. Хаця, па праўдзе кажучы, і ў Расіі, у адрозненне ад Францыі — яго другой радзімы, ён мала каму вядомы.

/i/content/pi/cult/266/4101/23-1.jpg Мяркую, што адна з прычын такога забыцця ў тым, што ён - эмігрант. А тое, што гэты мастак пакінуў сваю радзіму яшчэ за тры гады да Кастрычніцкага перавароту, нікога не хвалявала: мог бы вярнуцца, як, скажам, "чырвоны граф" Аляксей Талстой, Аляксандр Вярцінскі, Аляксандр Купрын або Марына Цвятаева, але - не вярнуўся, значыць, ён - вораг... Дарэчы, яго блізкі сябра і сааўтар некалькіх твораў граф Уладзімір Камароўскі радзіму не пакінуў ні да, ні пасля рэвалюцыі. Жыў, пакуль у 1937 годзе органы НКУС яго не арыштавалі як "ворага народа" і не расстралялі на падмаскоўным Бутаўскім палігоне разам з яшчэ адным нашым земляком - Раманам Семашкевічам і яшчэ сотняй іншых савецкіх дзеячаў культуры.

Не буду стамляць чытача: гаворка ў сённяшнім артыкуле ідзе пра Дзмітрыя Стэлецкага. Яго радзіма - Беларусь, горад Брэст-Літоўск (цяперашні Брэст). Тут, у сям'і беларускага двараніна, ваеннага інжынер-палкоўніка Сямёна Стэлецкага, 13 студзеня 1875 года нарадзіўся будучы мастак.

Дзяцінства і юнацтва Дзмітрыя прайшлі ў сядзібе бацькі, ля Белавежскай пушчы. У 1896 годзе тату з сям'ёй перавялі ў Санкт-Пецярбург, дзе яны пасяліліся на 9-й лініі Васільеўскага вострава, у доме № 22. У тым жа годзе юнак паступіў у Акадэмію мастацтваў. Спачатку яго залічылі на архітэктурнае аддзяленне, але ён хутка захапіўся скульптурай, і 1 сакавіка 1897 года яго перавялі на адпаведнае аддзяленне, дзе яго настаўнікамі сталі акадэмік Уладзімір Беклямішаў і прафесар Гуго Залеман. Пасля заканчэння навучання ў 1903 годзе Дзмітрый выправіўся ў Парыж, каб папоўніць свае прафесійныя веды ў Акадэміі Р.Жульена. Але хутка вярнуўся ў Пецярбург з намерам менавіта ў Расіі знайсці сябе як мастака.

У вялікае мастацтва творца ўварваўся перш за ўсё як скульптар, які прадставіў на пачатку 1900-х гадоў серыю "імпрэсіяністычных" партрэтаў дзеячаў мастацтва Казьмы Пруткова (зборны вобраз), паэта Б.Анрэпа (улюбёнага аўтара Г.Ахматавай), сцэнографа А.Галавіна, жывапісца В.Сярова, дырыжора і кампазітара Э.Напраўніка.

 Паралельна Стэлецкі выпрацоўваў самабытную пластычную манеру ў стылі народнага дэкаратыўнага мастацтва, якая ператварала акадэмічную форму ў яркія абагульнена-сімвалічныя кампазіцыі, блізкія да мадэрна. Імкнучыся адрадзіць скульптурную паліхромію Сярэднявечча і Рэнесанса, ён афарбаваў з "гранічнай наточанасцю майстэрства" свае творы ў гіпсе або ў дрэве (бюст Леанарда да Вінчы, партрэты "Марфа Пасадніца", "Знатная барыня", "Гусляр"). Яны, на думку мастацкага крытыка, паэта і рэдактара часопіса "Аполлон" Сяргея Макоўскага, вылучаліся "самабытнасцю густу, у той жа час, - хвалюючай авеянасцю духам старадаўнасці".

 Мастак захапляўся таксама мастацкім фарфорам, стварэннем тыпу "а ля рус" камінаў, роспісам дэкаратыўных пано... І нават з паліхромнага гіпсу вырабляў прадметы для сервіроўкі стала "Surtout de table" ў выглядзе фігурак дзяўчат у рускіх узорыстых сарафанах. У гэтым захапленні няма нічога дзіўнага: Стэлецкі яшчэ ў гады студэнцтва атрымаў практычныя навыкі. Спачатку - у ганчарнай майстэрні знакамітага мецэната і купца Савы Мамантава за Бутырскай заставай, дзе герой нашага расповеду сумесна з М.Урубелем і П.Вауліным вырабляў мастацкую падглазурную кераміку.

Потым Дзмітрый Стэлецкі некаторы час працаваў у маёнтку Талашкіна (пад Смаленскам) знакамітай княгіні Марыі Ценішавай, дзе гэтая цудоўная жанчына - мастак-медальер, калекцыянер, педагог, мецэнат - трымала вялікую мастацка-прамысловую майстэрню. Памятаеце яе шыкоўны партрэт у рост пэндзля І.Рэпіна? Гэта пра яе Іван Білібін сказаў: "Усё сваё жыццё яна прысвяціла роднаму рускаму мастацтву, для якога зрабіла бясконца шмат". Тут Стэлецкі меў усё: гліну, пластык, палатно, фарбы, асабістую, добра асветленую, майстэрню. Але доўга заставацца "наёмным" мастаком незалежны па натуры Стэлецкі не пажадаў. Яму надакучыла ствараць усялякія шырмы, шафы, гаршчкі, вазоны, распісваць балалайкі, дэкарыраваць хатнія спектаклі, якія ставіла па сваіх лібрэта княгіня.

Праз год маст/i/content/pi/cult/266/4101/23-2.jpgак вярнуўся з Талашкіна ў Пецярбург, каб адразу ж сумесна з сябрам Барысам Кустодыевым "махнуць" у Італію, потым - у Францыю. Гэтыя паездкі былі вельмі значнымі для абодвух, таму што менавіта за мяжой яны яшчэ больш умацаваліся ў сваіх поглядах на ідэйна-эстэтычныя асновы сучаснага ім рускага мастацтва. Пазней Сяргей Макоўскі адзначаў: "У пачатку 1900-х гадоў і да самай сваёй смерці Стэлецкі заставаўся перакананым антызаходнікам, упартым вяшчальнікам нашай "самабытнасці", ненавіснікам таго еўрапеізму, якім павеяла напрыканцы мінулага стагоддзя з выставак "Мира искусства".

У прынцыпе, можна пагадзіцца з такой катэгарычнай думкай вядомага мастацтвазнаўцы. Пастаянна звяртаючыся да матываў нацыянальнай даўніны, Стэлецкі ўжо ў маладыя гады стаў яркім прадстаўніком так званага "рускага стылю" як асобнага накірунку мастацтва мадэрна.

Цягам пяці або шасці гадоў (да 1906га) па парадзе Валянціна Сярова ён перапісваў славянскай вяззю "Слова пра паход Ігаравы", упрыгожваючы тэкст славянскімі арнаметамі і ілюстрацыямі. Яны нагадвалі мініяцюры старажытных рукапісных кніг, дзе нельга не адзначыць цікавасць маладога мастака да візантыйскіх традыцый, старажытнарускага мастацтва. Урэшце, гэтую нястомную цягу да нацыянальнага іканапісу і фрэскі ён захаваў да канца свайго жыцця, і стварыў у гэтым кірунку шмат таленавітых твораў і ў галіне манументальнага храмавага жывапісу, і ў сцэнаграфіі, і ў станковых відах творчасці, і ў кніжнай графіцы. Рэтра-матывамі прасякнуты і тонка стылізаваныя жывапісныя пано "Сакалінае паляванне", "Tempi Passari", вялікая гуаш "Бітва", якія навеяны некаторым уплывам "мирискусстничества" (удзельнікам аб'яднання "Мир искусства" мастак стаў у 1912 годзе, а да гэтага з'яўляўся членам "Союза русских художников").

(Заканчэнне будзе.)

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"