У прыватнасці, напярэдадні свята на плошчы Свабоды адкрыўся помнік Героям Айчыннай вайны 1812 года. Тады ж адбылася стылізаваная гістарычная рэканструкцыя, а таксама асвячэнне кароны, парад воінскіх частак Полацкага гарнізона і плац-парад роты ганаровай варты Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Важнай часткай святочных мерапрыемстваў стала і ўшанаванне памяці славутага земляка - кінарэжысёра, стваральніка першага беларускага мастацкага фільма "Лясная быль" Юрыя Тарыча, бюст якога адкрылі на гэтым тыдні. А ў межах турыстычнага праекта "Белая Дзвіна" ўрачыста стартаваў водны прома-тур, што злучыць Полацк і Даўгаўпілс.
Па традыцыі, канец мая ў Полацку адзначаны канцэртам "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен Старажытнай Сафіі". Акрамя гэтага, у праграме запланаваны канцэрт Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь,
Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і гала-канцэрт "Горад старажытны, горад слаўны, горад вечна малады". Дарэчы, сёння святкуе свой дзень нараджэння яшчэ адзін старадаўні горад Віцебшчыны: старажытны Браслаў адзначыць 945-годдзе. У межах гістарычнай часткі свята на Замкавай гары пройдуць урачыстасці сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава".