“Витбеск” — тры сцяны каменныя…”

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

15 ліпеня спаўняецца 600 гадоў з моманту бітвы пад Грунвальдам. Адзін з трох “рускіх палкоў”, якія на поле бітвы прывёў князь Сямён Лунгвен, на думку некаторых даследчыкаў, быў віцебскі. Як выглядаў на той час гэты горад, чые ваяры мусілі прайсці тысячу кіламетраў, каб адстаяць сваю зямлю — Вялікае княства Літоўскае? Адказаць на гэтае пытанне дапамагаюць сведчанні пісьмовых крыніц і даныя раскопак.

/i/content/pi/cult/266/4098/22-1.jpgНапрыканцы XIII ст. Віцебск, як і большасць усходнеславянскіх гарадоў, меў дзяцінец з княжацкім дваром, вакольны горад, неўмацаваны пасад, што месціўся па другі бок ракі Віцьбы ад дзяцінца, сельскую акругу і гарадскі курганны могільнік. Насельніцтва Віцебска ў XIII ст. складала больш за 4,5 тыс. чалавек. Акрамя ўласна славянскага насельніцтва, у горадзе жыла невялікая група немцаў - купцоў, бо пісьмовыя крыніцы гэтага часу фіксуюць у Віцебску нямецкія двары і называюць імёны іх уладальнікаў: Фрыдэрык, Плос...

Віцебск - адзін з нямногіх гарадоў на Беларусі, дзе шмат помнікаў эпіграфікі - археалагічных рэчаў з надпісамі або паметамі-літарамі. Гэта два шыферныя праселкі, костка для гульні- з меткаю ў выглядзе літары "А". Былі надпісы і на сценах храма Звеставання. І менавіта ў Віцебску была знойдзена, упершыню на Беларусі, берасцяная грамата. Усё гэта сведчыць пра даволі высокі ўзровень пісьменнасці насельніцтва.

 На пачатку XIV ст. у Віцебску правіў Яраслаў Васільевіч - апошні прадстаўнік роду ўсходнеславянскіх князёў. У 1318 г. ён выдаў сваю дачку Марыю замуж за крэўскага князя Альгерда Гедымінавіча, які пасля смерці Яраслава Васільевіча ў 1320 г. становіцца віцебскім князем.

У 1335 г., як паведамляе летапіс, у Віцебску здарыўся вялікі пажар, у выніку якога была знішчана значная частка горада. Гэты слой пажарышча, што месцамі меў таўшчыню ад 20 да 40 см, /i/content/pi/cult/266/4098/22-3.jpgразмяжоўвае два перыяды ў стратыграфіі культурных напластаванняў Верхняга замка Віцебска - так званыя старажытнарускі і літоўскі.

З другой паловы XIV ст. Віцебск становіцца аб'ектам жорсткай міжусобнай барацьбы паміж сынамі і сваякамі князя Альгерда за права валодання гэтым важным стратэгічным і гандлёвым пунктам.

У пэўным сэнсе, з гэтым звязаны і асобныя зрухі, што адбыліся за гэты час у матэрыяльнай культуры горада, і найперш - у сістэме абароны Віцебска. Замкавую гару, Верхні і Ніжні замкі ахапіла магутным шчытом мураваная сцяна з вежамі. Будаўніцтва названых умацаванняў доўжылася не менш як тры дзесяцігоддзі і скончылася, як паведамляе мясцовы летапіс, да сярэдзіны XIV ст. У выніку таўшчыня сцен дасягала ў аснаванні двух метраў, а агульная даўжыня ўсіх умацаванняў складала 1750 м.

 У Наўгародскім летапісе за 30-я гг. XV ст. адзначаецца: "Витбеск - три стены каменные...". Што летапісец меў на ўвазе? Магчыма, пад першай сцяной разумеліся ўмацаванні Ніжняга замка, пад другой - Верхняга, а трэцяя сцяна праходзіла па краі Замкавай гары з яе напольнага боку. За выключэннем хіба што Гродна, ніводзін з гарадоў Беларусі ў той час не меў падобных магутных умацаванняў.

У астатнім матэрыяльная культура Віцебска ў гэты перыяд захоўвае драўляныя вулічныя маставыя, зрубавыя дамы, хатні, рамесніцкі і прамысловы інвентар. Тыпы яго былі выпрацаваны яшчэ раней.

Вулічныя маставыя, да прыкладу, мелі шырыню каля трох метраў і насцілаліся з дошак, аполкаў, бярвення на лагі. Нярэдка адна вуліца спалучала ў сабе ўсе тры даступныя тады віды будаўнічага матэрыялу: дошкі, бярвенні, аполкі. Выцякала такая акалічнасць зза таго, што, паводле правілаў таго часу, кожны гаспадар сядзібы павінен быў рамантаваць участак вуліцы насупраць свайго двара. Так, у грамаце вялікага князя літоўскага Аляксандра за 1495 год віцебскаму намесніку Міхаілу Жэслаўскаму гаворыцца: "Також жалавали нам, што ж здавна мост мощивала, каждый человек перед своим двором с пяти топорищ..." А ў напластаваннях першай паловы XV ст. Верхняга замка Віцебска выяўлена вуліца, цалкам выкладзеная з дубовых плах! Пэўна, нехта з заможных гараджан мог дазволіць сабе такую раскошу. Сядзібы жыхароў Віцебска ўключалі адну-дзве жылыя і тры-пяць пабудоў гаспадарчага прызначэння, у тым ліку хлеў, свіран, стайню. Жытлы мелі плошчу ад 36 да 42 кв. м. Падлога ў жытлах і гаспадарчых пабудовах была з дошак, як, дарэчы, і дах.

Тым часам з'яўляюцца і набіраюць моц і заходнееўрапейскія навацыі. Гэта рамавакаркасныя пабудовы гаспадарчага прызначэння, керамічная дахоўка, якой пакрывалі вежы, пячная кафля, што мела тады сасудападобны выгляд. Магчыма, якраз у гэтыя гады на Замкавай гары будуецца першая камяніца, так бы мовіць, грамадзянскага прызначэння - палац князя Альгерда.

 На мяжы XIII - XIV стст. у Віцебску стварылася ўжо свая грашова-вагавая сістэма. Яе аснову складала грыўня, якая ў пісьмовых крыніцах 1298 г., што маюць дачыненне да Віцебска, называлася "ізрой" і раўнялася 30 пражскім грошам. Менавіта яна стала папярэдніцай грашовай сістэмы ВКЛ канца XIV - пачатку XV стст. Акрамя гэтага, значную ролю ў грашовым звароце Віцебска адыгрывалі пражскія грошы. У 1920 г. у Віцебску быў знойдзены самы вялікі, і па сённяшні дзень, скарб з пражскіх грошай: 792 сярэбраныя манеты агульнай вагой у 2052 грамы. Лёс гэтага унікальнага скарбу невядомы.

Пасля падзей 1410 г. у XV - XVI стст. Віцебск становіцца буйным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам. З сярэдзіны XV ст. тут паступова павялічваецца колькасць жыхароў. Невыпадкова ў 1444 г. устаўнай граматай вялікага князя ВКЛ Казіміра Ягелончыка гараджанам было дадзена няпоўнае права на самакіраванне. Згодна з гэтай граматай, віцебскі ваявода прызначаўся толькі са згоды жыхароў - "по их воле", а прыехаўшы ў горад, павінен быў "цалаваць крыж" - на вернасць гораду.

 Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, археолаг На здымках: віцебскі Верхні замак XIV стагоддзя (мастак - Ігар Дудараў); ваяр віцебскай дружыны; археалагічныя раскопкі на Верхнім замку Віцебска аўтара і Міхася Ткачова ў 1978 годзе (фота Міхаіла Шмерлінга).