Тэатр пачынаецца са... штатных адзінак

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Калі з’явіцца ў Полацку прафесійная сцэна? 5 Можна было б шмат гаварыць пра тое, якім магутным падмуркам служаць прафесійнаму мастацтву аматарскія тэатральныя калектывы. Яны з’яўляюцца своеасаблівымі “фільтрамі” для людзей, што мараць звязаць сваё жыццё са сцэнай: акурат тут правяраецца іх эмацыянальная гатоўнасць да акцёрскай прафесіі і закладваюцца першыя, базавыя веды пра ўнутраную этыку тэатральнага існавання, прышчапляецца тая культура, якая потым становіцца асновай для далейшага прафесійнага росту. Аднак раней ці пазней усе гэтыя “гімны” на адрас аматарскіх тэатраў перастаюць спрацоўваць: людзі, для каго яны становяцца часткай жыцця, пачынаюць жадаць іншага, новага развіцця — не толькі для сябе, але і для той ідэі, якой яны служаць. І справа тут зусім не ў амбіцыйнасці канкрэтных людзей — ім важна ведаць, што справа іхняя знойдзе свайго ўдзячнага адрасата.

 

Quo vadis?

 Аднак надзвычай часта - амаль заўсёды - аматарскія тэатры становяцца своеасаблівымі заложнікамі свайго статуса. Фестывалі для аматараў, хутчэй, выключэнне, чым правіла: айчынных "Тэатральных скрыжаванняў", што праводзяцца ў Маладзечне раз на некалькі гадоў, яны чакаюць як свята. Ды што там фестывалі- нават аднадзённыя гастролі для іх з'яўляюцца велізарнай праблемай, якая палягае зусім не ў творчай, а- у адміністратыўнай плоскасці. Кожны з удзельнікаў аматарскага тэатра мае месца працы, а значыць, для выезду ён мусіць атрымаць ад свайго непасрэднага кіраўніка згоду на адгул. А гэта не заўсёды супадае з вытворчымі планамі канкрэтнай установы. І тое- толькі вяршыня "айсберга", сутыкаючыся з якім далёка не кожнаму аматарскаму калектыву ўдаецца пазбегнуць лёсу "Тытаніка".

 Даеш статус!

Ды што тут мудраваць: калі калектыў насамрэч такі моцны і годны, варта надаць яму статус прафесійнага, і пытанні адпадуць самі сабой. Такі падыход да вырашэння справы падаецца самым відавочным. Аднак і ён тоіць у сабе мноства "гальфстрымаў", якія здольныя дадаць свежай плыні калектыву, але таксама сваёй магутнай сілай разбурыць тое, што было напрацавана цягам дзесяцігоддзяў.

 Дваццаць гадоў таму падобныя спробы надання новага статуса адбыліся ў дачыненні да некалькіх народных калектываў: прафесійныя трупы на іх аснове з'явіліся ў Слоніме, Мазыры, Маладзечне, а зусім нядаўна да гэтай кагорты далучыўся і Пінск. Кожны са згаданых тэатраў прайшоў свой лёс, які мусіць стаць прадметам вывучэння не толькі тэатразнаўцаў, але, у пешую чаргу, і адміністратыўных кіраўнікоў на месцах - тых, хто праводзіць культурную палітыку рэгіёна.

Як паказваюць гісторыя і практыка, "адкрыць" тэатр у тым ці іншым горадзе - гэта самае лёгкае. Нашмат цяжэй зрабіць яго жаданым, прычым як для мясцовых улад, так і для саміх жыхароў. Часам ідэя сутыкаецца з адсутнасцю ў тым ці іншым горадзе сфарміраванага культурнага і тэатральнага асяродка, так што ўсе зацікаўленыя гледачы "заканчваюцца" пасля трэцяга прэм'ернага паказу спектакля. Калектыву нічога не застаецца, як ехаць на вёску і паралельна рыхтаваць новую прэм'еру. Зразумела, пра ўдумлівасць і элементарную якасць творчага працэсу ў такіх умовах працы нават казаць не выпадае. Яшчэ важней - увага з боку мясцовых улад, якая выражаецца ў матэрыяльна-тэхнічным клопаце аб тэатры: калектыў, які не мае свайго ўласнага будынка-"дому", наўрад ці здольны арганізаваць рабочы працэс такім чынам, каб у выніку глядач атрымліваў якасны тэатральны прадукт. Наглядным узорам - існаванне Слонімскага драматычнага тэатра, што туліцца ў частцы Гарадскога палаца культуры.

Пра гэта і пра многае іншае ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Полацкім гарадскім палацы культуры напярэдадні паказу "Дзядзечкавага сна". І я, што адносіць сябе да кагорты тых, хто скептычна ставіцца да ідэй пераўтварэння аматарскіх калектываў у прафесійныя, засталася задаволена тымі аргументамі, якія прагучалі на карысць такога пераўвасаблення полацкага "Пілігрыма".

Найперш - з вуснаў намесніка старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалая Ільюшонка. Ён падзяліўся тым "ходам думак", які рухае справу адкрыцця ў Полацку прафесійнага тэатра. Што да зацікаўленага асяродка, дык у гэтым сэнсе гораду няма на што скардзіцца: старадаўняе паселішча з магутнымі культурнымі традыцыямі з задавальненнем успрыме з'яўленне муніцыпальнага тэатра: балазе насельніцтва Полацка, Наваполацка і раёна ў суме складае прыкладна 200 тысяч, што можна параўнаць з колькасцю жыхароў у сярэднім абласным горадзе. І нават сёння, калі кошт наведвання тэатра складае 8 тысяч, білеты на спектаклі "Пілігрыма" разыходзяцца.

 А вось да пытання ўласнага будынка ўлады ставяцца патрабавальна, не пакідаючы гэтую праблему "на потым". Ды і як інакш: на сённяшні дзень у Гарадскім палацы культуры дзейнічае 43 творчыя аб'яднанні. І калі "Пілігрым" у статусе прафесійнага калектыву на "пэўны перыяд" (часта ён аказваецца вельмі няпэўным па часе) застанецца на сваёй цяперашняй пляцоўцы, можна ўявіць сабе, якімі мізэрнымі на новым этапе існавання будуць яго творча-вытворчыя магчымасці.

Антракт для рэцэнзіі

Сярод урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня горада, маю ўвагу як крытыка прыцягнуў праект "Полацк тэатральны": у яго рамках мясцовы тэатр "Пілігрым", які з'яўляецца Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь, прапанаваў жыхарам і гасцям горада спектакль "Дзядзечкаў сон" паводле Фёдара Дастаеўскага.

А расійскі класік на сцэнах беларускіх тэатраў - "госць" нячасты, і такая сітуацыя склалася не за апошнія гады. Не будучы драматургам, гэты геній задае шмат спраў тым, хто бярэцца за ўвасабленне яго твораў. Так што, ідучы на спектаклі паводле літаратурных опусаў Дастаеўскага, заўсёды думаеш пра смеласць рэжысёра, які наважваецца на працу з такім няпростым і "нелінейным" матэрыялам. Гэты інтарэс падаграваецца ўдвая, калі гаворка ідзе не аб прафесійнай, а аб аматарскай сцэне.

Не заглыбляючыся ў тэатразнаўчыя разборы, мушу зазначыць, што работа, прапанаваная палачанамі, цалкам адпавядае тым патрабаванням, якія практыкі тэатра прад'яўляюць да прафесійнага спектакля: ні хвіліны сцэнічнага часу не ўзнікала жадання зрабіць паблажку акцёрам, скідку на іх "непрафесіяналізм". Здаецца, яны і самі сабе гэткіх скідак не дазваляюць, бо пасля пастаноўкі было відавочна: выклаліся - напоўніцу. І зала адказвала ім удзячнымі апладысментамі.

Ды ўсё ж не магу стрымацца ад некаторых прафесійных назіранняў: даволі рэдка ў колах аматарскіх калектываў можна пабачыць такую высокую ступень сыгранасці акцёраў, адчуванне партнёра на сцэне і тонкую ансамблевасць, якія прадэманстравалі палачане. А яшчэ - адчуванне перспектывы сваёй ролі і глыбокае яе пражыванне літаральна ўсімі выканаўцамі: не магу папікнуць ніводнага з акцёраў у тым, што ў "чаканні" сваёй рэплікі ён фармальна адбываў час на сцэне. А, між іншым, апошняе - даволі распаўсюджаная з'ява сярод непрафесійных тэатраў, якая часам і за праблему не лічыцца. Маўляў, што вы хочаце ад аматараў - яны ж не сапраўдныя акцёры!

Такіх двайных стандартаў у дачыненні да "пілігрымаўцаў" мастацкі кіраўнік тэатра Вера Кісялёва не дазваляе - і да сябе, і да ўсіх астатніх яна прад'яўляе патрабаванні па найвышэйшым рахунку: калі займаемся тэатрам, дык гэта мусіць быць па тэатральных законах, аднолькавых і абавязковых для ўсіх. Асабліва яскрава згаданы факт вылучыўся бліжэй да фіналу спектакля, калі на сцэну выйшлі "мардасаўскія дамы". Кожная з чатырох дзяўчын паўстала перад гледачамі ў сваім вобразе, з дакладна знойдзеным характарам, індывідуальным пластычным малюнкам ролі, таму я міжволі адзначыла ўзровень тэатральна-педагагічнай увагі да моладзі, да кожнага з акцёраў. Зрэшты, гэта, на маю думку, і ёсць адзін з сакрэтаў існавання народных калектываў: у адрозненне ад прафесіяналаў, якія за сваю ігру атрымліваюць заработную плату, аматары ад рэпетыцый і выхаду на сцэну мусяць "атрымліваць" іншае - не толькі творчае задавальненне, але і а д ч у в а н н е важнасці, сапраўднасці таго, што яны робяць.

Неаднойчы даводзілася чуць, як у час прыёму ў нашы творчыя ВНУ на акцёрскі факультэт у маладых людзей цікавіліся, ці займаліся яны ў аматарскіх тэатрах. І, атрымаўшы станоўчы адказ, экзаменатары не маглі прыхаваць ледзь улоўнае расчараванне. На мае пытанні адносна гэтага яны тлумачылі: "Давядзецца прыкладаць шмат намаганняў, каб найперш адвучыць іх ад таго тэатра, да якога яны прывыклі..."

 Полацкія акцёры ганарацца тэатральнай гісторыяй свайго горада: яе пачатак сягае ажно ў 1565 год - да стварэння пры езуіцкім калегіуме школьнага тэатра. Сам жа "Пілігрым" сёлета святкуе 62-і дзень нараджэння, адлічваючы яго ад пастаноўкі прафесійным рэжысёрам Мікалаем Бароўскім і мясцовымі аматарамі спектакля па п'есе "Слава" В.Гусева. Полацкі народны тэатр стаў у свой час першай творчай прыступкай для шэрагу тэатральных дзеячаў краіны, сярод якіх - знаныя сёння акцёры тэатра і кіно Святлана Сакалова, Анатоль Рудакоў, Аляксандр Бяспалы, Іна Бачарова ды шэраг іншых. Сваю першую тэатральную пастаноўку пад назвай "Чырвоная лінія" В.Сабко менавіта ў Полацку ажыццявіў тады яшчэ студэнт другога курса тэатральнага вучылішча імя Шчукіна Міхаіл Пташук. Сем гадоў у якасці рэжысёра аддаў Полацкаму народнаму тэатру беларускі драматург Мікалай Манохін.

Пазычаць або мець сваё?

Дзеля справядлівасці варта зазначыць: ідэя стварэння ў Полацку прафесійнага тэатра мае і сваю асобную гісторыю. Прынамсі, пяць гадоў таму былі зроблены захады, якія, як тады здавалася, мусілі аказацца наватарскімі і прагрэсіўнымі: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа абвясціў, што сцэна Полацкага гарадскога Палаца культуры стане іх своеасаблівым філіялам. Маўляў, штотыдзень па чацвяргах палачанам будуць прапаноўваць "сапраўдны", а не які-небудзь самадзейны тэатр ("К" падрабязна пісала пра гэтую ініцыятыву ў № 7 за 2005 г. у матэрыяле "Паспяшаючы, не спяшайся, альбо Якім быць Полацкаму драматычнаму тэатру?"). У якасці перспектывы жыхарам горада абяцалі не толькі паказы лепшых коласаўскіх спектакляў, але і своеасаблівыя сумесныя праекты: удзел у пастаноўках полацкіх акцёраў і нават своеасаблівае "кланіраванне" іх з разлікам на мясцовыя творчыя рэсурсы.

Ды толькі на справе ініцыятыва гэтая праіснавала не так і доўга. Сёння ўжо складана высветліць сапраўдныя прычыны таго, чаму ж не прыжыўся ў Полацку філіял коласаўцаў: думаецца, былі тут і арганізацыйныя праблемы, і пытанні творчага характару. У любым выпадку, навідавоку факт, калі палачане так і не змаглі прыняць за свой "гастрольны" варыянт тэатра ў выкананні коласаўцаў. У даволі кароткія тэрміны падобная практыка ператварылася ў звыклае выязное "тэатральнае абслугоўванне".

Сёння ўжо ніхто ў Полацку не сумняваецца, што ніякая "дапамога", нават акадэмічнага гатунку, не заменіць гораду ўласнага, муніцыпальнага тэатра. І Мікалай Ільюшонак пацвердзіў сур'ёзнасць намераў з боку гарадскіх улад: ужо ў чацвёртым квартале гэтага года гарвыканкам прыме пэўныя кадравыя рашэнні, дзякуючы чаму з'явіцца некалькі штатных адзінак, адмыслова выдзеленых пад будучы тэатр. Тым больш, што сёлета першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка на прэсканферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню тэатра, агучыў інфармацыю аб тым, што неўзабаве шэрагі прафесійных тэатральных калектываў нашай краіны папоўняцца, і новая "творчая адзінка" з'явіцца менавіта ў Полацку.

Магчыма, пэўная рацыя ў гэтым маецца: нельга адразу, адным махам пабудаваць новы тэатр, які не намінальна засведчыць свой прафесійны статус. Ды і, поруч з адміністрацыйнымі, варта прадумаць і кадравыя перспектывы будучага калектыву. Не сакрэт, што ў новым статусе многія з сённяшніх удзельнікаў "Пілігрыма" акажуцца, так бы мовіць, за бортам: далёка не кожны з іх зменіць свой прафесійны лёс на новы, акцёрскі. А таму ўжо сёння мае сэнс паклапаціцца пра новае акцёрскае папаўненне: прыкладам, сфарміраваць праз студыйную работу і накіраваць на вучобу ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў мэтавы курс, што праз чатыры гады, да часу, калі Полацкі драматычны тэатр ў статусе прафесійнага стане гарадской рэальнасцю, зможа скласці яго моцную творчую аснову, свежы струмень, які забруіць жывымі ідэямі і на аснове якога паўстане новы храм - Мастацтва.

Наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Полацк - Мінск