- На сённяшні дзень Палажэнне аб Нацыянальным тэатральным конкурсе практычна падрыхтавана. Засталося толькі прапрацаваць некаторыя юрыдычныя і тэхнічныя моманты.
- Якім чынам будзе праходзіць конкурс?
- Мы плануем правядзенне некалькіх этапаў. Першы - адборачны: тэатры накіроўваюць у адборачную камісію свае заяўкі з абавязковым дадаткам у выглядзе запісу спектакля. Камісія аналізуе той матэрыял, што паступае да яе, і на падставе прагледжанага вылучае намінантаў, якія і прымуць удзел у далейшым конкурсе. Пасля гэтага пачынаецца другі этап - калі ўжо члены журы праглядаюць непасрэдна самі спектаклі, і па выніках гэтых праглядаў адбываецца вызначэнне пераможцаў па ўсіх намінацыях.
- Як я разумею, конкурснае журы для канчатковага вынясення свайго вердыкту будзе выязджаць у тэатры - туды, дзе спектакль першапачаткова пастаўлены. Гэта, на маю думку, вельмі важная акалічнасць: не сакрэт, што амаль заўсёды пры выездзе на іншую пляцоўку спектакль тое-сёе страчвае, да прыкладу, не становяцца дэкарацыі, іншыя сцэнічныя аб'ёмы разбураюць атмасферу...
- Так. Пасля гэтага ўсе намінанты, вылучаныя адборачнай камісіяй, запрашаюцца на ўрачыстую цырымонію, дзе будуць ускрыты канверты і названы лепшыя творцы па выніках сезона.
- А потым пераможцы паказваюць свае спектаклі?..
- Не, гэта будзе выключна цырымонія ўзнагароджання. Мы ж павінны да апошняга захаваць інтрыгу і не раскрываць нашага рашэння. Думаю, само мерапрыемства будзе абстаўлена прыгожа і ўрачыста, напэўна, з запрашэннем замежных зорак тэатра. А намінанты будуць у гэты вечар не "працаваць" на сцэне, а- святкаваць.
- У конкурсе прымуць удзел толькі дзяржаўныя тэатры, альбо да яго змогуць далучыцца і прыватныя тэатральныя праекты?
- Мы не абмяжоўваем нікога- усе ахвотныя могуць падаваць свае заяўкі. Думаю, удзел недзяржаўных калектываў і праектаў створыць дадатковую канкурэнцыю і інтрыгу.
- Калі ж тэатрам пачынаць рыхтаваць свае пакеты дакументаў?
- Думаю, чакаць засталося нядоўга: як толькі вырашацца ўсе адміністрацыйна-юрыдычныя пытанні, мы аб'явім пра гэта ў СМІ.
- Яшчэ адно хвалюючае пытанне: якую ўзнагароду атрымае пераможца?
- Узнагарода - сімвалічная. Мы вырашылі не выплачваць пераможцам грашовую прэмію: тая сума, якую можна было б выдаткаваць, не настолькі вялікая, каб зрабіць надвор'е ў бюджэце тэатра, - прыкладам, спектакль на яе не паставіш. Таму ацэнка ў выглядзе статуэткі будзе, хутчэй, элементам прэстыжу.
- А можа, у якасці дапаўнення да "прэстыжнай статуэткі" прадугледзець для пераможцаў магчымасць прафінансаваць у якасці дзяржаўнага заказу наступны творчы праект тэатра або рэжысёра?
- Гэта можна разглядаць, але - як варыянт, бо тут ёсць пэўныя нюансы. Прыкладам, мы возьмем на сябе фінансавыя абавязацельствы, а што тэатр прапануе ў якасці матэрыялу для пастаноўкі? А раптам не атрымаецца? У любым выпадку, пры размеркаванні дзяржзаказаў мы будзем улічваць, што той ці іншы тэатр з'яўляецца пераможцам нацыянальнага конкурсу.
- Ці будзе прадугледжана запрашэнне замежных экспертаў, дырэктараў міжнародных фестываляў для таго, каб яны мелі магчымасць пазнаёміцца з нашым тэатральным мастацтвам, выданне адпаведнай прома-прадукцыі?
- Чаму б і не? На гэтую тэму трэба падумаць. Вы слушна кажаце: і на цырымонію, і на больш раннім этапе прагляду саміх спектакляў можна было б запрасіць дырэктараў, прадзюсераў буйных міжнародных фестываляў, той жа "Залатой маскі". Думаю, дадзеную ідэю варта падтрымаць.