“Залатая маска”.by

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

Трапіць на тэатральны Алімп Цягам апошніх месяцаў з афіцыйнай трыбуны Міністэрства культуры неаднойчы было абвешчана аб заснаванні ў Беларусі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Яе дзейнасць мусіць распачацца сёлета. У такім выпадку першыя лаўрэаты стануць вядомыя ўжо напрыканцы бягучага года. Нарэшце, хоць пакуль гэта толькі “дэкларацыя аб намерах”, твары тэатральных дзеячаў асветлены надзеяй. Між тым, сітуацыя, што цягам апошніх гадоў склалася ў нашых тэатрах, даўно вымагае пільнай увагі. “Дыягназ”, які найчасцей выстаўляецца крытыкай і практыкамі тэатра, гучыць даволі катэгарычна: адсутнасць яркіх мастацкіх падзей. Што маецца на ўвазе, ніхто падрабязна патлумачыць не можа. Бо тое, што падабаецца крытыкам, часам катэгарычна адвяргаецца практыкамі, і наадварот. Ва ўсёй краіне знойдзецца хіба што некалькі чалавек, якія добра ведаюць агульную карціну цалкам. Між тым, сітуацыя не такая безнадзейная, прынамсі, у абласных цэнтрах, што вылучаюцца больш рухомым і актыўным творчым жыццём.

 

Заснаваць Нацыянальную прэмію ў галіне тэатра - значыць адказаць на шмат пытанняў і вырашыць шэраг праблем. Тэатральнае мастацтва, больш за астатнія, мае на ўвазе калектыўнае выказванне. Але ў межах аднаго асобна ўзятага тэатра гэтую задачу вырашыць немагчыма: нават калі сцэнічны калектыў надзвычай паспяховы, ягоны поспех - абавязкова публічны і неадрыўны ад поспеху калег, бо ён абавязкова існуе ў агульным полі тэатральных тэндэнцый, напрамкаў і стыляў.

Між тым, заснаванне Нацыянальнай прэміі ў галіне тэатральнага мастацтва здатнае вырашыць адну з галоўных праблем: аб'яднаць творчыя намаганні ўсіх прафесіяналаў у галіне тэатра, зрабіць так, каб усё лепшае абавязкова трапляла ў зону грамадскай увагі, мела шырокі публічны рэзананс і абавязкова ацэньвалася прафесійным і кампетэнтным экспертным саветам. Апошнім часам усе погляды зацікаўленых асоб сыходзяцца на Рускім і Купалаўскім тэатрах. У сувязі з іх прэм'ерамі агучваецца пэўная колькасць адных і тых жа імёнаў. Але ў нашых абласных тэатрах, якія несправядліва выпалі з зоны ўвагі тэатральнай грамадскасці, ідуць вельмі цікавыя і жывыя творчыя працэсы, працуюць таленавітыя акцёры і рэжысёры. Няма гастролей у сталіцы - значыць, пра іх няма каму распавесці. У лепшым становішчы знаходзяцца тэатры - арганізатары міжнародных фестываляў, іхні плён - навідавоку. У астатнім - прыкрая цішыня. У выніку мы маем вялізную, закрытую ад старонніх позіркаў, тэатральную зону. Кожны калектыў варыцца ва ўласным соку і часам задыхаецца пад цяжарам "міжусобных войнаў". Матывацыя поспеху адсутнічае, імкненне трапіць на тэатральны Алімп знікае.

Якім чынам можна ўзняць прэстыж тэатральнага мастацтва, знайсці для яго годнае месца ў культурным жыцці краіны, можна пацікавіцца ў нашых бліжэйшых суседзяў. Творчы плён і гісторыя Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю "Залатая маска", што сёлета праходзіў у Маскве шаснаццаты раз, здаецца вельмі цікавым і карысным. На сённяшні дзень гэта велізарны тэатральны канцэрн, дзейнасць яго распаўсюджваецца на шматлікія расійскія гарады і весі. Экспертны савет, у склад якога ўваходзяць вядомыя і ўплывовыя тэатральныя крытыкі, штогод, не шкадуючы часу і сіл, адбірае спектаклі ў сцэнічных калектывах краіны. У рамках заключнага фестывалю "Залатая маска" - кульмінацыйнай кропкі конкурсу - паказваецца каля ста лепшых пастановак апошняга тэатральнага сезона, якія праходзяць на аншлагах і прыцягваюць увагу звыш 30 000 гледачоў. Прэмію атрымліваюць спектаклі ўсіх жанраў тэатральнага мастацтва, уласна ж "Залатая маска" ахоплівае драму, оперу, балет, сучасны танец, аперэту і мюзікл, лялечны тэатр у шматлікіх супольных ды індывідуальных намінацыях. У журы "Залатой маскі" не ўваходзяць члены экспертнага савета - у ім працуюць акцёры, рэжысёры, дырыжоры, харэографы, тэатральныя мастакі, крытыкі і тэатразнаўцы. Сёлета на "Залатой масцы" прэзентавалі работы больш чым 120 творцаў - рэжысёраў, акцёраў, дырыжораў, мастакоў, кампазітараў і харэографаў - у пяцідзесяці спектаклях.

Дзейнасць "Залатой маскі" не абмяжоўваецца адборам і паказам лепшых пастановак года - яна праводзіць шэраг мерапрыемстваў, якія яшчэ больш ўзмацняюць прэстыж сцэнічнага мастацтва, садзейнічаюць ягонаму росквіту і развіццю. Сярод іх - Фестываль сучаснай п'есы "Новая драма", праграма для замежных гасцей "Russian Case", тэатральны рынак "PRO-Тэатр", выдавецкія праекты, гастролі Вялікага, Марыінскага, Александрынскага, Малога драматычнага тэатраў, праграма "Легендарныя спектаклі і імёны", пазаконкурсная праграма "Маска Плюс" і "Лепшыя спектаклі ў гарадах Расіі і краінах Балтыі". Цікава, што сёлета чарговую "Залатую маску" атрымаў вядомы беларускі і цяпер ужо расійскі сцэнограф Зіновій Марголін - за сцэнаграфію да спектакля "Шэрбургскія парасоны" ў Санкт-Пецярбургскім Музычным тэатры "Карамболь". А сярод намінантаў прэстыжнай прэміі былі беларускі рэжысёр-"лялечнік" Алег Жугжда і знакаміты мастак Эрнст Гейдэбрэхт, які доўгі час працаваў у Вялікім тэатры Рэспублікі Беларусь.

Беларусь ніколі не з'яўлялася тэатральнай "супердзяржавай", але ж заўсёды вызначалася вялікай колькасцю таленавітых людзей. У тым ліку - у тэатральным мастацтве. Працэсы, якія цяпер тут адбываюцца, вядома, адрозніваюцца ад тэатральных працэсаў у Расіі, Польшчы, Літве. Беларуская рэжысура і сцэнаграфія маюць сваё пэўна выяўленае аблічча, таму і спосабы арганізацыі тэатральнага бытавання ў нас могуць быць свае, адметныя. У любым выпадку, з заснаваннем нацыянальнага тэатральнага конкурсу і наш тэатр атрымае моцны штуршок для развіцця.

Людміла ГРАМЫКА