На “авансцэне” і ў “мізансцэнах”

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

29 мая ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы прайшоў VII з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў”. Аляксей Дудараў, які ўзначальваў аб’яднанне тры пяцігодкі запар, амаль адзінагалосна (1 голас — супраць) быў зноў абраны старшынёй БСТД.

Меркавалася, што галоўнай інтрыгай сёлетняга з’езда стануць менавіта выбары новага старшыні. Але ж прысутнасць у складзе рабочага прэзідыума міністра культуры Уладзіміра Матвейчука, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення -- начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнагаўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Ірыны Дрыга, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ і новага старшыні Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў Генадзя Давыдзькі, начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віктара Кураша, рэктара БДУ культуры і мастацтва Ядвігі Грыгаровіч надала падзеі дадатковую значнасць і ў цэлым паўплывала на вызначэнне новай стратэгіі працы БСТД. Вёў пасяджэнні з’езда памочнік мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Вадзім Дапкюнас.
А распачаўся з’езд з выступлення Аляксея Дударава. У сваім справаздачным дакладзе старшыня падкрэсліў, што прыярытэтам дзейнасці БСТД у сённяшні час, калі змяніліся каштоўнасці грамадства, калі “правіць матэрыяльнае”, была і застаецца сацыяльная абарона артыста. “Многія сёння параўноўваюць дзейнасць БСТД з дзейнасцю прафсаюзаў,— казаў драматург, — але ці заганна гэта, калі аб’яднанне клапоціцца аб людзях?” А.Дудараў адзначыў, што Саюз за нялёгкія часіны перабудовы выжыў і захаваў палітыку “ўзаемадапамогі”. Саюз, на думку старшыні, мусіць быць тым самым звяном паміж артыстам і дзяржаўнымі інстытутамі.Дапоўніў А.Дударава, падкрэсліўшы эканамічную жыццяздольнасць аб’яднання, старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі БСТД Ігар Андрэеў. “У агульнай суме даходаў Саюза членскія ўзносы займаюць толькі 2,1 %, — паведаміў ён, — асноўныя сродкі паступаюць ад здачы ў арэнду памяшканняў. Ці ж гэта не з’яўляецца пацвярджэннем таго,што БСТД трывала стаіць на нагах?”
На з’ездзе было ўзнята пытанне аб адпаведнасці Статута грамадскага аб’яднання сучаснаму заканадаўству. Так, у сувязі з выхадам у свет новай рэдакцыі Закону РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях” ад 19 ліпеня 2005 г., патрабуюць карэкціроўкі пэўныя артыкулы Статута, якія тычацца структуры БСТД, прадмета і мэт яго дзейнасці... Патрэбныя змяненні і дапаўненні агучыла ў сваім выступленні дырэктар ГАА “Ваш юрыст” Наталля Трафімава. Новы праект Статута і быў прапанаваны для абмеркавання дэлегатам з’езда.
Але перш чым сканцэнтравацца на вырашэнні прававых пытанняў, тэатральныя дзеячы выступілі са сваімі прапановамі і заўвагамі адносна дзейнасці Саюза.
У прыватнасці, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марына Філатава ўказала на дэфіцыт маладых кадраў у арганізацыі. “Мяне прымалі ў БСТД ва ўзросце 23 гадоў,— падзялілася выкладчык, — і гэта лічылася вельмі прэстыжным, а сёння самаму малодшаму з нас — 35 гадоў”.
Кампазітар Сяргей Картэс прапанаваў “узяць пад апеку” БСТД беларускае аддзяленне Міжнароднага інстытута тэатра, якое ён узначальвае. “Гэта дазволіць заявіць аб нашым тэатральным полі на ўвесь свет, — падкрэсліў выступоўца, — і мы будзем уключаны ў міжнародную тэатральную суполку”.
Актрыса Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Алена Гайдуліс засяродзіла ўвагу дэлегатаў на адарванасці правінцыйных тэатраў ад сталічнага тэатральнага жыцця. “Мы “варымся” ва ўласным соку нікому не патрэбныя, — казала пра набалелае заслужаная артыстка РБ, — а хацелася б, каб мы адчувалі сваю прыналежнасць да культурнай прасторы рэспублікі”.
Увогуле, “чырвонай ніткай” у прамовах многіх выступоўцаў ішла тэма інфармацыйнага вакууму артыста.На з’ездзе была агучана прапанова аб магчымасці вольнага ўваходу ў рэспубліканскія тэатры членам БСТД.“Гэта дазволіла б нам хоць бачыць працу адзін аднаго”, — падкрэсліла М.Філатава.
Уладзімір Матвейчук пачаў сваё выступленне з крытыкі пэўных тэзісаў даклада Аляксея Дударава. Міністр падкрэсліў, што чакаў больш канкрэтыкі ў яго справаздачным дакладзе. Ён адзначыў, наколькі ўзрасла за апошнія гады падтрымка галіны культуры дзяржавай, і асабліва не пагадзіўсяз заўвагай, што культура нібыта пакінута сам-насам са сваімі праблемамі. “У 2004 годзе на культуру выдаткоўвалася 423 мільярды рублёў. У 2007 годзе галіна ў параўнанні з 2004 годам фінансуецца на 167%, а датацыі па тэатрах сёлета дасягнулі 152% у параўнанні з тым жа 2004 годам, — сказаў міністр. — Дзе ж вы бачыце, што культура кінутая? Прэзідэнт краіны аб’явіў на ІІІ Усебеларускім народным сходзе, што культура — гэта цэнтральны напрамак у працы дзяржавы. І сёння мы можам бачыць гэта памногіх параметрах, у тым ліку і па інвестыцыйнай праграме, і па сродках, якія вылучаюцца з фонду Прэзідэнта”.
Міністр гаварыў пра асноўныя напрамкі дзейнасці Міністэрства культуры, падкрэсліўшы, што ўсё ж на першае месца ставіць забеспячэнне жыллём работнікаў культуры. А наконт малой колькасці ганаровых званняў — заўвагі, якая даволі часта гучала ў прамовах выступоўцаў, — У.Матвейчук сказаў: “У 2002 годзе званне заслужанага артыста атрымалі тры чалавекі, у 2003 — два, у 2004 — тры, у 2005 — тры, а шчодры на ганаровыя званні і заслужаныя ўзнагароды 2006 год!..Так, хочацца болей, але гэта не значыць, што БСТД абыходзяць увагай, што тэатральныя дзеячы забытыя”.
Гэтую ж тэму закранула і Ірына Дрыга. “Гэта патрабаванне заканадаўства — каб атрымаць ганаровае званне, сапраўды, трэба мець яшчэ дзяржаўную ўзнагароду — медаль ці ордэн. Вылучайце артыстаў, каб яны на адпаведных ступенях сваёй творчай кар’еры былі адзначаны дзяржавай”. Ірына Уладзіміраўна таксама нагадала прысутным аб магчымасці атрымання грантаў на пастаноўку спектакляў з Фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы культуры і мастацтва. “Некаторыя тэатры ўжо тройчы атрымлівалі грант, — паведаміла яна,— у той час як іншыя так і не рашыліся на падачу дакументаў у Міністэрства культуры”. Ірына Дрыга падкрэсліла, што вельмі мала кандыдатаў з тэатральнай сферы вылучаецца і на атрыманне стыпендый з Фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.Завяршыўся з’езд прыняццем рашэння аб унясенні змен і дапаўненняў у Статут арганізацыі і абраннем новага старшыні БСТД.
Таксама па выніках дыскусіі быў вызначаны і новы курс дзейнасці Саюза, скіраваны на больш шчыльнае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі. Вылучаныі яшчэ адзін напрамак дзейнасці БСТД — пашырэнне інфармацыйнага поля, актывізацыя творчых стасункаў. “Я, хутчэй, не чакаю чагосьці ад Саюза, — прызналася карэспандэнту “К” актрыса Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Таццяна Зміцюра напрыканцы з’езда, — а больш думаю пра тое, што асабіста кожны з нас можа даць аб’яднанню. Але ж, калі гаварыць пра патрэбы і пажаданні, дык асабіста мне не хапае інфармацыі аб тым, што адбываецца навокал, якія прэм’еры, скажам, сёння абмяркоўвае тэатральны свет. І гэтую задачу — наладзіць між членамі Саюза, увогуле артыстамі, музыкантамі, мастакамі сувязі, сустрэчы, канферэнцыі — БСТД мусіць і здольны выканаць”.
Ісціна прамаўляецца не толькі вуснамі дзіцяці. 

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ