Мэта мемарандума - развіццё культурнага абмену, дзе прадугледжаны сумесныя праекты, арганізацыя гастролей, абмен салістамі, выканальніцкімі калектывамі, дырыжорамі, рэжысёрамі, мастакамі, правядзенне майстар-класаў, удзел у конкурсах і фестывалях. А найперш - інфармацыяй пра найбольш важныя падзеі ў музычным і тэатральным жыцці.
Сустракаючы гасцей, генеральны дырэктар нашага тэатра Уладзімір Грыдзюшка правёў іх па адноўленым будынку, распавядаючы пра сцэнічныя ноў-хаў. Пазней адбыліся экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей, прагляд оперы "Набука". А генеральны дырэктар Тбіліскага тэатра Давід Сакварэлідзэ, сеўшы за раяль у Музычнай гасцёўні, прапанаваў у адказ свой напаўімправізацыйны падарунак.
Пад час афіцыйных перамоў стала канчаткова зразумела, як многа могуць даць адзін аднаму нашы тэатры. Гасцей, вядома, уразілі вынікі рэканструкцыі - тым больш, што іхні тэатр цяпер зачынены на рамонт. Нас - што ў Грузіі неўзабаве з'явяцца тры оперныя тэатры: не толькі ў Тбілісі і Батумі (дзе, дарэчы, пачалася творчая кар'ера Ф.Шаляпіна), але і ў Кутаісі. Тут оперная сцэна адкрыецца ўжо ў лістападзе. Яшчэ ў Грузіі плануюць стварыць свой Цэнтр опернага мастацтва, адкрыць філіял Акадэміі "La Scala", а да нас прывезці - вечар аднаактовых балетаў, сярод якіх - і новая пастаноўка сусветна вядомага, папраўдзе культавага харэографа сучаснасці Іржы Кіліяна.