Грашовая аддача і кадравы рэзерв

№ 22 (942) 29.05.2010 - 04.06.2010 г

На пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 26 мая прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На ім аналізавалася дасягненне мэтавых прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў студзені — сакавіку бягучага года, а таксама ішла гаворка аб дзейнасці ўпраўленняў Міністэрства культуры па павышэнні эфектыўнасці работы з кадрамі ў арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання.

 

У чым стратэгія "культурнай" эканомікі?

Па словах начальніка эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Вольгі Кананюк, тэмпы росту платных паслуг у супастаўных цэнах склалі 127,6% пры плане 118- 119 %. Справіліся з заданнем установы культуры Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей. Не дасягнулі планавага паказчыка на Гродзеншчыне і Міншчыне.

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Эдуард Багдановіч запэўнілі, што цягам бліжэйшых месяцаў сітуацыя будзе выпраўлена. Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Мікалай Шаўцоў выказаў з гэтай нагоды даволі слушную заўвагу ў дачыненні да нявыкарыстаных пазабюджэтных рэсурсаў. Маўляў, на тэрыторыі краіны знаходзіцца процьма санаторыяў, большая частка наведвальнікаў якіх - замежнікі, што не супраць плаціць грошы за нашы нацыянальныя культурныя паслугі.

Высокі тэмп росту платных паслуг у супастаўных цэнах дасягнуты Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета. У той жа час, зніжэнне аб'ёму паслуг адбылося ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі...

 Спіс устаноў і арганізацый, што не здолелі выйсці на прагнозны паказчык аказання культурных паслуг,- даволі ўнушальны. Гэткая ж унушальная, як вядома, і колькасць пажаданняў з месцаў па ўдасканаленні планавання гэтага мэтавага паказчыка з улікам канкрэтных асаблівасцей кожнай з асобна ўзятых устаноў. Дык што трэба зрабіць, каб эканоміка ў сферы культуры запрацавала больш эфектыўна? Якую стратэгію прапануе эканамічнае ўпраўленне, якія ініцыятывы агучыць, каб без адміністрацыйнага прымусу трапіць у заканадаўча абгрунтаванае рэчышча выніковай пазабюджэтнай дзейнасці? Гэтыя пытанні міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі надалі пасяджэнню большую канструктыўнасць.

Начальнік эканамічнага ўпраўлення Вольга Кананюк мяркуе, што будучыня- за развіццём прадзюсерскіх структур, якія вывучалі б рынак культурных паслуг, рэгулявалі адносіны паміж спажыўцамі і носьбітамі культуры. А паколькі асноўны пазабюджэтны даход прыносяць кінатэатры, канцэртныя арганізацыі і дыскатэчны рух, дык і тэхнічнае забеспячэнне павінна адпавядаць патрэбам часу. Урэшце, касавы поспех прынёс, скажам, не столькі фільм "Аватар", колькі 3D-кінаабсталяванне. Але як хутка можна будзе ўбачыць ягоны эфект у райцэнтраўскіх кіназалах? Патэнцыйныя інвестары пакуль жадаюць укладаць грошы ў пашырэнне тэхнічных магчымасцей сталічных і абласных устаноў культуры. А сістэма DOLBI ёсць на сёння толькі ў 30-і кінатэатрах, а ўсяго іх у рэспубліцы- за сотню... Словам, у праект Рашэння пасяджэння калегіі былі занесены даволі канкрэтныя пункты па ўдасканаленні пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры.

Пад час пасяджэння гаворка ішла і пра дасягненне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. Выканалі гэты паказчык 64% арганізацый Міністэрства культуры. На планавы ўзровень не здолелі выйсці Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінскі завод "Светокон", "Белпрамкультура" ў Гомелі і Віцебску, "Гроднатэамантаж", Белдзяржфілармонія... Прычына, па словах начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віктара Рымашэўскага, - недастатковае фінансаванне мерапрыемстваў па энергазберажэнні.

 Не забыцца на атэстацыю

Загадчык сектара кадравай работы Ірына Анціпенка прааналізавала работу структурных падраздзяленняў Міністэрства культуры па ўдасканаленні сістэмы кадравага ўліку, падборы, падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў сферы культуры. Да прыкладу, актуальным застаецца пытанне кадравага амаладжэння па той простай прычыне, што не паўсюдна вядзецца карпатлівы пошук і падбор маладых, здольных да кіравання і крэатыўных у творчым плане работнікаў.

 Андрэй СТАРЖЫНСКІ