Аўтар сёлетняга Гран-пры - сама Вольга Падліпаліна. А першы сяміквет да першага фестывалю, што прайшоў у Гродне ў 1995-м, стварыла заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Людміла Мягкова, потым знешнім выглядам галоўнага прыза займаўся Васіль Самахвалаў... Але з кожным фэстам новы галоўны мастак захоўваў канцэпцыю ўзнагароды - суквецце культур, крыху відазмяняючы яе форму.
Гран-пры для нацыянальных суполак - сапраўдны мастацкі твор. Па унікальнасці і значнасці яго можна параўнаць хіба што з прызамі для нашага знакавага кінафестывалю "Лістапад" (гэтыя ўзнагароды таксама вырабляе шклозавод "Нёман").
- У сваёй працы мы павінны былі не толькі адпавядаць высокаму статусу фестывалю ў Гродне, - распавядае Вольга Падліпаліна, - але і выразна адлюстраваць непарушную еднасць прадстаўнікоў шматлікіх нацыянальных культур, што спрадвек жывуць на Беларусі. Таму кожны з пялёсткаў сімвалічнай кветкі ўспрымаецца як частка непарыўнага цэлага. Ваза як канструктыўны элемент мае адмысловы сімвалічны выгляд: "рыфлёнка" закручваецца ў спіраль, якая таксама аб'ядноўвае складнікі кампазіцыі.
А.С. На здымку: Гран-пры VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.