Таленты могуць разлічваць на дапамогу дзяржавы
Прэзідэнт павіншаваў маладых людзей з заканчэннем чарговага навучальнага года і тымі творчымі дасягненнямі, якія яны здзейснілі на працягу яго. А гэта - не проста перамогі ў прэстыжных міжнародных творчых конкурсах, фестывалях і прадметных алімпіядах. Яны - сведчанне таго магутнага стваральнага патэнцыялу, якім сёння можа ганарыцца Беларусь. Не выпадкова Кіраўнік Дзяржавы зазначыў у сваім звароце да таленавітай моладзі: "Ствараючы нашу маладую суверэнную дзяржаву, выпрацоўваючы сваю арыгінальную мадэль развіцця, мы абапіраліся і абапіраемся на духоўныя сілы і творчы патэнцыял беларускага народа, яго здольнасці, інтэлект і працавітасць".
Падтрымка адораных дзяцей і моладзі ў Беларусі з'яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў сацыяльнай палітыкі. Прычым, у адрозненне ад многіх іншых краін, у нашай рэспубліцы падобная работа носіць сістэмны і практычны характар. Пятнаццаць гадоў таму ў краіне былі створаны спецыяльныя фонды Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы адораных вучняў і таленавітай моладзі. За гэты час іх лаўрэатамі і стыпендыятамі сталі больш як 22 тысячы маладых людзей, іх педагогаў і творчых калектываў. Але гэтым дапамога дзяржавы маладым талентам не абмяжоўваецца - іх далейшы творчы лёс пільна адсочваецца, таму пры неабходнасці любы малады чалавек можа атрымаць падтрымку ў рэалізацыі сваіх творчых праектаў і ініцыятыў. Для максімальнай эфектыўнасці гэтай работы створаны спецыяльныя банкі даных адоранай і таленавітай моладзі.
"Кожны з вас, лаўрэатаў і стыпендыятаў прэзідэнцкіх фондаў, уключаны ў іх і заўсёды можа разлічваць на ўвагу і дапамогу дзяржавы ў рэалізацыі сваіх даследчых і творчых праектаў", - запэўніў маладых Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння ў краіне створана трывалая сістэма сацыяльных ільгот для лаўрэатаў спецыяльных фондаў у многіх сферах іх жыцця і дзейнасці.
Разам з цёплымі словамі віншаванняў, Прэзідэнт звярнуўся да моладзі са словамі пра тую высокую адказнасць, якая ўскладаецца на іх як на прадстаўнікоў сваёй нацыі. "Вам дадзены ўсе магчымасці для асобаснага росту і дасягнення дасканаласці ў любімай справе. Галоўнае - правільна распарадзіцца імі, не закапаць бязмэтна свой талент у зямлю, а паспяхова раскрыць яго на Радзіме і з карысцю для грамадства", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі творчы чалавек адрываецца ад сваіх каранёў, то рана ці позна ў яго душы высыхае жыватворная крыніца натхнення і ўтвараецца духоўная пустэча. І таму ніколі не здраджвайце і не забывайце родную Беларусь. Цаніце і паважайце сваіх бацькоў і настаўнікаў, будзьце ўдзячныя за тое, што яны для вас зрабілі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Лепшыя з лепшых - уладальнікі першых прэмій міжнародных творчых спаборніцтваў і алімпіяд - атрымалі з рук Прэзідэнта дыпломы, пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльных фондаў. А ў адказ маладыя таленты прадставілі невялікую канцэртную праграму.
На здымку:
Салістка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Марыя Новік уганаравана Гранд-прэміяй і званнем лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА