Заканадаўчае права на фінансавы эксперымент

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Самадастатковасць аддзела культуры: аптымізацыя намаганняў Універсальная перспектыва універмага і не толькі... Намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Чырко імгненна падтрымаў ідэю правядзення райвыканкамаўскай “лятучкі” з “К” ва ўмовах, так бы мовіць, мясцовых рэалій. Але цягам апошніх месяцаў сустрэчу даводзілася адкладаць: то Пётр Іванавіч быў заняты, як кажуць, “да мяжы”, то мне не выпадала зза іншага журналісцкага клопату. І ўсё ж вырашылі: адклад не ідзе на лад, таму 13 мая я прыехаў у Дзятлава. Але без пазаштатных карэктыў не абышлося: Чырко чакаў праверку па лініі Міністэрства сацыяльнай аховы, аўральна выехаў на раён. Таму сус трэліся з ім у досыць нязвыклым для нашых традыцый ных райвыканкамаўскіх “лятучак” фармаце: у біблі ятэцы гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Тым не менш, месца сустрэчы аказалася невыпадковым… Мо прэамбула і зацягнутая, але яна — для адзінага: на шы “лятучкі” сталі для рэгіёнаў звыклымі, чаканымі і ў пэўнай ступені карыснымі. Прынамсі, мясцовае кі раўніцтва ўсё часцей выкарыстоўвае палосы “К” для “агучвання” праблем і слушных прапаноў па іх эфек тыўным вырашэнні. Менавіта ў фармаце такой неабы якавай гутаркі на Дзятлаўшчыне я і даведаўся, чаму два мясцовыя буйныя культурныя праекты так і заста ліся неажыццёўленымі, з якой прычыны быў нявыка наны леташні план па аказанні платных культурных паслуг і як варта ўдасканаліць сферу рэгіянальнай ку льтуры, каб стала яна менш праблемнай у фінансава творчым плане.

Народ пытаецца і прапануе

У апытанні "К" гэтым разам бралі ўдзел як спажыўцы культуры Дзятлаўшчыны, так і яе стваральнікі.

Дырэктар СДК аграгарадка "Дварэц" Ірына Цяцерына:

- Я замяніла б гукаўзмацняльную апаратуру ў нашай установе: састарэла яна даўно, а так не хочацца ад прагрэсу адставаць... З аднаго боку, ідзе гаворка пра пераход на самаакупнасць, з іншага - ніякай для гэтага матэрыяльнай падтрымкі... Яшчэ адна праблема: паводле Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, аграгарадскія бібліятэкі камп'ютэрнай тэхнікай забяспечваюцца, а клубныя ўстановы - не. Чаму? Мы ж даўно гатовы павысіць якасць абслугоўвання за кошт правядзення мерапрыемстваў па мультымедыйных тэхналогіях... І апошняе: моладзь, якой няма 18 гадоў, у адпаведнасці з нашым заканадаўствам, не мае права прысутнічаць на начных дыскатэках пасля 22 гадзін. Ніякім чынам не аспрэчваю карысці закону, але не магу не зазначыць і такі факт: гэтыя юнакі і дзяўчаты пасля ўказанага часу - бескантрольныя, у тым ліку, на жаль, і з боку нас, культработнікаў.

Мікалай, Сяргей, Яўген - трыццацігадовыя рабочыя з пасёлка Казлоўшчына:

- Мы ў Дом культуры не надта часта заглядваем, бо сямейнымі сталі... Дый не цікавіць нас самадзейнае мастацтва, а спартыўных паслуг ДК не аказвае... Чулі, што пад новы Цэнтр культуры і спорту даўно збіраюцца прыстасаваць закінуты універмаг. Але ж калі тое будзе?..

Аляксандр Іванавіч, служачы з Дзятлава:

- Радзівілаўская сядзіба была ўзведзена аж у 1751 годзе - сапраўдны гісторыка-культурны помнік. А месцяцца там бальнічныя памяшканні ды прыватная стаматалогія. Гэты б палац - ды пад Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей адвесці, бо няма ў яго прыстойнага будынка. Але ж рэканструкцыя патрэбна, а грошай у раёна, відаць, не стае. Значыць, без дапамогі на больш высокім узроўні не абысціся...

 

І радзівілаўская сядзіба, і універмаг у Казлоўшчыне, дзе мяркуецца размясціць ДК, бібліятэку і ДШМ, - першарадныя праблемныя аб'екты для мясцовых улад і аддзела культуры. Ад рэалізацыі гэтых задум наўпрост залежыць заўтрашні дзень сацыяльнай сферы Дзятлаўшчыны. Таму менавіта ў Казлоўшчыне і давялося сустрэцца з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Пятром ЧЫРКО і начальнікам аддзела культуры Васілём ШЫЦЬКО.

Яўген РАГІН:

 - Пётр Іванавіч, з якой прычыны вашы мары ў культурнай сферы ніяк не матэрыялізуюцца?

/i/content/pi/cult/264/4080/11-1.jpgПётр ЧЫРКО:

 - Усё проста: раённы бюджэт не дазваляе... Па Казлоўшчыне справа - у стадыі праектавання. Стары ДК, як вы ведаеце, - лядашчы. А ў будынку універмага мы цвёрда вырашылі зрабіць суперсучасную ўстанову культуры. Трохтысячнае насельніцтва пасёлка даўно гэтага чакае. Дарэчы, названая рэканструкцыя стане апошнім грунтоўным крокам у аптымізацыі сеткі сельскіх устаноў культуры на Дзятлаўшчыне.

Васіль ШЫЦЬКО:

- Гродзенскі аблвыканкам выдаткаваў нам 140 мільёнаў на дах будучага Цэнтра культуры і адпачынку ў Казлоўшчыне...

Пётр ЧЫРКО:

- Натуральна, гэтая сума пытання не вырашае...

Яўген РАГІН:

- А ў Міністэрстве культуры праблему агучвалі, абласное ўпраўленне культуры турбавалі?

Пётр ЧЫРКО:

- Безумоўна! У першую чаргу гэта тычыцца Палаца Радзівілаў. Ніякім чынам не папракаю Міністэрства, упраўленне, бо цудоўна разумею, у якіх фінансава-эканамічных умовах свет цяпер жыве... Але я рэальна ўсведамляю і тое, што без руху наперад зачэзне сельская культура. Таму ад дапамогі, у тым ліку і газеты "Культура", мы не адмовімся.

Яўген РАГІН:

- Палац Радзівілаў - помнік архітэктуры, наколькі ведаю, другой катэгорыі...

Васіль ШЫЦЬКО:

- А гэта, пагадзіцеся, дзяржаўны ўзровень увагі. Тым больш, пасля рэканструкцыі мы тут адпаведнае "начынне" збіраемся займець: музей, галерэю, кавярню ў падвальным памяшканні, побач - аўтамабільную стаянку, на прылеглым возеры - спектр адпаведных культурных паслуг.

Пётр ЧЫРКО:

- Словам, гаворка - пра іміджаўтваральны аб'ект не толькі для горада, але і для раёна. Побач з райцэнтрам - санаторый, дзе траціна адпачываючых - замежнікі з Расіі, Прыбалтыкі, Германіі, ЗША... Гэта ж патэнцыйныя спажыўцы нашай культуры! І тут без належнай базы з адпаведнай інфраструктурай не абысціся... На рэканструкцыю радзівілаўскай сядзібы патрэбна 600 - 700 мільёнаў плюс афармленне новых музейных экспазіцый. І гэтая сума з часам няўхільна расце... Усе пагаджаюцца, што пераўтварэнне палаца - не манілаўшчына, але неадроджаных палацаў ды сядзіб на Беларусі шмат, і мы гэта разумеем... На сёння неабходна хаця б захаваць нашы перспектыўныя аб'екты ад разбурэння.

Яўген РАГІН:

- Цудоўна разумею вашы памкненні, бо і колішні універмаг, і радзівілаўская сядзіба - заўтрашняя крыніца стабільнага паступлення пазабюджэтных грошай... Але гэта заўтрашні дзень. А сёння якія задачы ставяцца перад структурамі аддзела культуры?

Пётр ЧЫРКО:

- Працуе аддзел, на мой погляд, няблага. Хачу, каб "К" адзначыла, што і з кадрамі культработнікаў у нас праблем асаблівых няма, і бадай усе яны маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю...

Яўген РАГІН:

- Але план па аказанні платных паслуг застаўся летась нявыкананым...

Пётр ЧЫРКО:

- Безумоўна, хібаў хапае. І не зарабляюць на сёння бібліятэкі або клубы столькі, каб за кошт пазабюджэтных сродкаў забяспечыць сябе, скажам, сучаснымі касцюмамі... Словам, папрок досыць справядлівы. У нас на сяле і бібліятэкі, і клубныя ўстановы размешчаны ў даволі прыстойных будынках (Казлоўшчына - апошні этап аптымізацыі). Хацелася б мець ад гэтага і адпаведную грашовую аддачу...

Яўген РАГІН:

- Ваша стаўленне да будучага самафінансавання рэгіянальнай культуры, Пётр Іванавіч.

Пётр ЧЫРКО:

- Ніколі гэтага не дасягнём без узорнай матэрыяльнай базы! Пазабюджэтную дзейнасць, да прыкладу, сельскага клуба немагчыма, на мой погляд, планаваць без уліку вясковай дэмаграфічнай сітуацыі, без плацежаздольнасці сяльчан, без высокай якасці мерапрыемстваў, якой не дасягнуць без сучасных інструментаў і мультымедыйных сістэм. Прынамсі, у вёсцы гэта на сёння зрабіць нерэальна... Вельмі добра, што "К" пастаянна ўзнімае гэтыя балючыя для кожнага з нас пытанні пад час райвыканкамаўскіх "лятучак" ва ўсіх кутках Беларусі. Думаю, прыспеў час "лятучак" міжраённых і міжабласных, якія б праводзіла газета.

Яўген РАГІН:

- Прапанова выключна цікавая.

Васіль ШЫЦЬКО:

 - Вяртаючыся да самаакупнасці. На ўзроўні мінскіх устаноў культуры яна - дасягальная. А нашы магчымасці - непараўнальныя са сталічнымі або абласнымі...

Пётр ЧЫРКО:

- У гэтым плане павінна быць дыферэнцыяцыя. Да развіцця рэгіёнаў варта ставіцца, мяркую, з дакладным веданнем рэальнага стану сённяшняй вёскі.

Яўген РАГІН:

- Што б вы змянілі, удасканалілі ў стратэгіі, тактыцы, палітыцы далейшага развіцця сельскай культуры?

Васіль ШЫЦЬКО:

- Думаю, мяне кожны начальнік аддзела культуры падтрымае: падыходы да наладжвання эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці, як я перакананы, павінны якасна змяніцца на заканадаўчым узроўні. У нас цяпер проста няма гарантаванага права на, умоўна кажучы, фінансава-творчы эксперымент.

Яўген РАГІН:

- Патлумачце падрабязней, калі ласка, аб якім эксперыменце вядзецца гаворка.

Васіль ШЫЦЬКО:

- Прыдумалі мы, скажам, новы від паслуг. Яго патрэбна абкатаць на практыцы. Але без аглядкі на фінансава-кантралюючыя органы - не атрымаецца... У нас не гандаль гуркамі, у нас - сфера тонкая, творчая. Адпаведным, думаецца, павінна быць і заканадаўства: спрыяльным, празрыстым, гнуткім, зразумелым і, так бы мовіць, "дальнабачным"... Мы ж на сёння, не маючы прыстойнай гукаўзмацняльнай тэхнікі, не можам узяць яе, да прыкладу, у арэнду ў прыватніка: незаконна. Вось і__ блукаем у заканадаўчых лабірынтах, бо юрыста ў аддзел штатны расклад узяць не дазваляе. Або, скажам, такое пытанне: колькі наш эканаміст можа закладваць рэальнага прыбытку ў калькуляцыю - 30, 40, 50 працэнтаў? Ніхто ж не дае адказаў на гэтае пытанне: маўляў, закладвайце, колькі пажадаеце, а пасля - абавязковыя штрафныя санкцыя з боку кантралюючых органаў...

Яўген РАГІН:

- На "лятучцы" ў Краснаполлі мы казалі, у тым ліку, і пра тое, што гукаўзмацняльная апаратура Мінскага завода "Светокон" - і дарагая, і не заўсёды адпавядае патрабаванням якасці... Наступнымі днямі, пасля выхаду газеты з тым артыкулам, са мной звязаўся па тэлефоне кіраўнік адной з прыватных гомельскіх фірм і з гонарам распавёў, што фірма вырабляе аналагічную апаратуру на парадак таннейшую і больш якасную, прычым з даволі багатым асартыментам. Але, як аказалася, супрацоўнічае фірма далёка не з усімі аддзеламі культуры рэспублікі: тыя, маўляў, баяцца самастойнасці, не маюць асаблівага права ў выбары эканамічнай мэтазгоднасці... Невялікі я эканаміст, але ў час рынкавых стасункаў, лічу, слова "выгадна" - ключавое, асабліва - для нашых не надта багатых аддзелаў культуры.

Васіль ШЫЦЬКО:

- І я - пра гэта: не хапае заканадаўча выверанай самастойнасці.

Пётр ЧЫРКО:

- Хоць і невялікія пазабюджэтныя грошы зарабляем, але ўсё ж зарабляем. Кажу начальніку аддзела: "Аб'яднай, Васіль Васільевіч, гэтыя капейкі, што паступаюць штогод ад клубаў і бібліятэк, ды давай па чарзе дапамагаць тым бібліятэкам ці клубам: купім штосьці больш-менш унушальнае сёння адной установе, а заўтра - другой..." Дык нельга, аказваецца! А чаму? Летась мы 165 мільёнаў зарабілі за кошт аказання платных паслуг. Дзелім суму на 29 сельскіх устаноў - маем у выніку пяць з лішкам мільёнаў: кошт аднаго баяна. Ды і той мы набыць не можам, бо не вырабляюць іх у нас...

Васіль ШЫЦЬКО:

- Даўно ўжо прыспеў час пагаварыць на ўсе ўзнятыя намі тэмы ад душы ды на рэспубліканскім узроўні.

Яўген РАГІН:

- Гэтыя выключна важныя моманты, трэба спадзявацца, будуць прапісаны ў Дзяржаўнай праграме развіцця культуры і мастацтва на 2011 - 2015 гады.

Пётр ЧЫРКО:

- Яшчэ пэўны час раённы бюджэт не зможа фінансаваць нашу культуру больш, чым сёння. Адзінае тут выйсце - пазабюджэт. Дык трэба даць магчымасць зарабіць на гэтым законна. Логіка, як мне падаецца, жалезная, ці не так?

Васіль ШЫЦЬКО:

- Рацыянальным было б і падаткі знізіць хаця б на час - для больш эфектыўнага развіцця сельскай пазабюджэтнай дзейнасці: ледзь не траціну пазабюджэтных грошай на гэтым губляем. Самы час пра льготнае падаткаабкладанне казаць.

Яўген РАГІН:

- Не першы раз на газетных старонках узнімаем і вось якую праблему: згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 582, дзе гаворка вядзецца пра наладжванне дыскатэк, моладзь, што не дасягнула 18 гадоў, не мае права наведваць гэтыя мерапрыемствы пасля 10 гадзін вечара. З удзелам такой моладзі праводзіць можна толькі разавыя начныя дыскатэкі. Закон ёсць закон: ці ж могуць скажам, пяцікласнікі бавіць час уначы па-за сценамі роднай хаты? Але дырэктар аднаго з СДК раёна пытаўся: "Куды ж больш старэйшым падзецца?".

Пётр ЧЫРКО:

- Даволі добра ведаю праблему, бо з'яўляюся яшчэ і старшынёй раённай камісіі па справах непаўналетніх... Выкажу з гэтай нагоды вось якую думку: мы пасля 22 гадзін страчваем уплыў на падлеткаў. Не варта іх абмяжоўваць у часе, бо іх адпачынак кантралююць і работнікі культуры, і бацькоўскія патрулі, і міліцыя! Ці ж не лепей, каб нашы дзеці пад наглядам заставаліся? Увага да моладзі, клопат пра яе - ужо само па сабе магутны элемент выхавання. Дый дыскатэкі начныя ў нас - тэматычныя... Пастанову мы, безумоўна, выконваем, але праблема, на жаль, застаецца. І, канешне, не ў грошах тут справа.

Васіль ШЫЦЬКО:

- Я зноў пра неабходнасць дыферэнцыяцыі. Па-мойму, не варта па адных мерках падыходзіць да арганізацыі вольнага часу ў шматнаселеных гарадах і маленькіх вёсках. Падлетак з вёскі, што пасля школы маме дапамагаў па гаспадарцы ўходжвацца, ад клопату сялянскага ды ад хатняга школьнага задання толькі ў дзевяць вечара вызваляецца. А яму ж адпачыць трэба, і не за аколіцай, а ў клубе. Нельга не ўлічваць тут вясковы менталітэт, лад жыцця...

Яўген РАГІН:

- Пётр Іванавіч, вернемся да ацэнкі дзейнасці аддзела культуры, а дакладней - яго сельскіх і гарадскіх структур. Да каго ў вас больш прэтэнзій: да клубнікаў, да бібліятэкараў, да выкладчыкаў ДМШ?

Пётр ЧЫРКО:

- Прэтэнзіі, па праўдзе, маюцца літаральна да ўсіх... Да музычных школ, школ мастацтваў вось якія пажаданні. Іхняя роля ў развіцці самадзейнай творчасці павінна быць больш заўважнай. Культура заўжды працавала і працуе на канчатковы якасны вынік. У раёне - 11 народных і ўзорных калектываў з высокім выканальніцкім майстэрствам. Але ў Дзятлаўскай ДШМ - толькі адзін народны ансамбль. Замала для магчымасцей райцэнтраўскай навучальнай установы... Што да клубнікаў... Мерапрыемствы - якасныя. Але я асабіста чакаю ад іх большага: заставацца гаспадарамі сваіх устаноў, захоўваць як мага іх узорны паслярамонтны стан, не спадзявацца ва ўсіх цякучых дробязях на дапамогу аддзела культуры, яго гаспадарчай групы... Прывіць культуру можна толькі культурай. Тады і прылеглая тэрыторыя застанецца прывабнай, і фарба на клубных сценах захавае свежасць... Бібліятэчныя работнікі павінны ісці ў народ, не толькі да пенсіянераў - да моладзі, што кніжкі ўжо часцяком развучылася чытаць. Бібліятэкар павінен напералік ведаць праблемы падлеткаў, асабліва тых, хто на ўліку стаіць. І іх чытаннем трэба кіраваць планава і ўдумліва. Гэтага часам не стае, як і яркасці, артыстычнасці ў стасунках з патэнцыйным чытачом... Дарэчы, я вельмі ўдзячны "Культуры", якая не абмінае жыццё глыбінкі, сістэмна прыцягвае чытацкую ўвагу да праблем нашай вёскі, прапагандуе лепшае, крытыкуе за адсутнасць інавацый: гэта вельмі дапамагае працы...

Яўген РАГІН:

- Асабіста мне Дзятлаўшчына ў нечым нагадвае Рагачоўскі раён. У вас пад бокам санаторый "Радон", у іх- "Прыдняпроўскі". Але аддзел культуры Рагачоўскага райвыканкама ўжо здабыў ліцэнзіі на перавозку людзей, на правядзенне экскурсій, возіць экскурсантаў па цікавых мясцінах, ненавязліва і займальна "прымушае" іх развітацца з грашыма пад час рэалізацыі сувеніраў, дэманстрацыі народных абрадаў. У вас таксама ёсць транспарт, а справа з месца не рушыцца. Чаму?

Пётр ЧЫРКО:

- За месяц 5 - 6 платных канцэртаў у "Радоне" робім. Іншая справа - не хапае варыянтнасці форм такой дзейнасці. Вось на пошук іх і скіроўваю аддзел культуры. Неаспрэчна, без крэатыву не выжывеш. 

 

Дэталь да агульнай карціны

Ці здзейсніцца мара букініста?

Сярод перспектыўных крэатыўных задум бібліятэкараў Дзятлаўшчыны самым яркім падаўся намер утварэння адмысловай бібліятэчнай структуры: букіністычнага аддзела пры ЦБС.

Як тлумачыць начальнік аддзела культуры Васіль Шыцько, пасля аптымізацыі раённай бібліятэчнай сеткі ў кніжных фондах засталося шмат дублетных экземпляраў. Сярод іх ёсць выданні дваццаці - трыццацігадовай даўніны, якія ўяўляюць цікавасць хіба што для зацятага бібліямана. Спісаць такую літаратуру нельга, дый шкада вельмі. Таму і з'явілася ідэя стварэння гэткай букіністычнай "крамкі".

Аналагаў такой бібліятэчнай структуры ў рэгіянальнай культуры пакуль няма. Шлях жа да рэалізацыі задуманага абяцае быць, як мяркуе дырэктар Дзятлаўскай ЦБС Святлана Касцюк, няпростым. Неаспрэчна толькі адно: паслуга не застанецца незаўважанай і мясцовымі жыхарамі, і шматлікімі заезджымі гасцямі.

Цяпер спецыялісты мясцовай ЦБС высвятляюць на ўзроўні абласнога ўпраўлення культуры, ці ёсць у іх юрыдычнае права ўвесці ў сталы ўжытак унікальны від платных паслуг: рэалізацыю састарэлай літаратуры самых розных жанраў. Інакш кажучы, чарговы раз спрабуюць адказаць на пытанне: "Ці маюць яны права на творча-фінансавы эксперымент?"

Яўген РАГІН,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Дзятлаўскі раён - Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"