Тайна медальёна Францішка Ксаверыя

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

“Медальён!” — ускрыкнула студэнтка Люба Карповіч і хутка пабегла да мяне, кіраўніка археалагічнай практыкі. І сапраўды, на яе далоні ляжаў медальёнчык, пакрыты зялёнай плёнкай вокіслу.

 /i/content/pi/cult/119/408/Medalyon.jpg
 Медальён ХVІІ ст.з раскопак у Капылі.
Так была выяўлена самая унікальная знаходка леташніх археалагічных раскопак у Капылі, калі вывучаўся абарончы роў замчышча, выяўлена на глыбіні 120 см ад сучаснай паверхні…
Але спачатку скажам, што такое медальён і адкуль прыйшло да нас гэтае слова.
Медальён — ювелірны выраб у форме невялікай авальнай ці круглай пласцінкі з рамкаю па перыметры, якая аблямоўвае выяву, змешчаную на ім. Слова “медальён” мае французскае паходжанне і прыйшло да нас у ХVІІ стагоддзі з Польшчы.
Медальён з нашых раскопак меў авальную форму і памеры 20,5 на 24 мм пры таўшчыні 3 мм і важыў 6,4 г. Вушка зверху прызначалася для шнурка, каб насіць медальён на грудзях.
Медальён быў адліты ў формачцы. Хімічны аналіз паказаў, што выраблены ён з латуні — сплаву медзі і цынка, з доляй апошняга каля 15%. Такую латунь у металазнаўстве называюць паўтампакам. Яна даволі пластычная і адносна лёгка апрацоўваецца. На абодвух баках медальёна выразна прасочваюцца рэльефныя выявы.
 /i/content/pi/cult/119/408/Medalyon2.jpg

Аналаг нашай знаходкі — крыху большы медальён — быў знойдзены ў 1993 г. падчас земляных работ у вёсцы Дзежкі Дзяржынскага раёна. Захаваўся ён лепш за капыльскі, што і дало магчымасць спецыялістам вызначыць змест сюжэтаў на ім. Так, на адным баку гэтага медальёна змешчаны ў профіль пагрудны партрэт каталіцкага святара, які трымае разгорнутую кнігу. Наўкол — абрэвіятура: “S. I. GN.” і “D.LOY. S.I.”, з якой вынікае, што гэта святы Лаёла.
Адваротны бок медальёна займае больш складаная кампазіцыя, у цэнтры яе — выява цела ў саване сярод марскіх хваляў. Німб вакол галавы паказвае на святасць нябожчыка. На дальнім плане бачны човен, у які цэліць маланка. Уверсе пазначаны дзве ступні. Уздоўж борціка медальёна чытаецца надпіс: “S.FR. XAV.”. Па заключэнні спецыялістаў, гэтая кампазіцыя прысвечана Францыску Ксаўе.
Аднак калі пра заснавальніка ордэна езуітаў Ігнацыя Лаёлу, кананізаванага Каталіцкай Царквой, распавядае школьны курс гісторыі, дык імя яго найбліжэйшага паплечніка Францыска Ксаўе цяпер мала каму вядома ў Беларусі. Таму нялішне коратка акрэсліць тут жыццёвы шлях гэтага, несумненна, духоўна моцнага і неардынарнага чалавека.
Ён нарадзіўся ў 1506 годзе ў радавым замку Ксавер у каралеўстве Навара. Яшчэ з дзяцінства Францыск вызначаўся чысцінёй звычаяў, шляхетнасцю характара, а таксама выдатнымі здольнасцямі і працавітасцю. У 1524 годзе ён вучыўся ў Парыжы: спачатку ў калегіуме св. Барбары, а з 1525 года — у Сарбонскім універсітэце, дзе і адбылося яго знаёмства з Лаёлам. У 1530 годзе Францыск Ксаўе — доктар філасофіі. І яго, як некалі і Лаёлу, ахапіў запал да місіянерскай дзейнасці. 7 красавіка 1541 года ён ступіў на палубу карабля, які ў складзе партугальскага флоту накіроўваўся ў Ост-Індыю (Паўднёва-Усходнюю Азію).
Больш за год цягнулася плаванне. У той час, каб трапіць на Далёкі Усход, трэба было абысці амаль увесь Афрыканскі кантынент і перасячы Індыйскі акіян. Нарэшце, 6 мая 1542 года Ксаўе прыбыў у Індыю, у горад Гоа, і неўзабаве накіраваўся на Транванкорскі бераг да шукальнікаў жэмчугу, затым — на востраў Цэйлон. Прапаведаваў ён апантана. Пад яго ўплывам больш за тысячу тубыльцаў прынялі хрысціянства. Нават удалося схіліць да новай веры аднаго брахмана — будыйскага святара.У 1549 годзе Францыск Ксаўе распачаў сваю дзейнасць у Японіі. У нататках ён адзначаў, што шмат хто з японцаў умее чытаць і пісаць, што дапамагае яму ў распаўсюджванні “Слова Боскага”. І яшчэ адна акалічнасць спрыяла поспеху яго місіі: Ксаўе меў дар хутка засвойваць замежныя мовы, прычым нават на ўзроўні мясцовых гаворак. Ён быў палымяным прамоўцам і даволі лёгка падпарадкоўваў сабе аўдыторыю.
За тры гады яму ўдалося ахрысціць каля 2 тысяч японцаў. Пасля Ксаўе меў намер накіравацца з місіянерскай дзейнасцю ў Кітай, бо лічыў, што “гэта такая імперыя, дзе аднойчы пасеянае зерне Евангелля абавязкова ўзыйдзе і разрасцецца ўшыркі”. Аднак так і не здзейсніў сваю задуму. Ён захварэў на ліхаманку і 2 снежня 1552 года памёр непадалёк ад Макао (партугальскай калоніі ў Кітаі). Цела нябожчыка перавезлі ў Індыю, у горад Гоа, куды ўпершыню ступіла нага праслаўленага місіянера, і пахавалі ў касцёле св. Паўла. У 1622 годзе адбылася кананізацыя Францыска Ксаўе.
Выявы на медальёне ілюструюць найбольш яскравыя моманты з жыцця Францыска Ксаўе. Так, выява цела ў саване ў аблямоўцы марскіх хваляў нагадвае аб жалобнай працэсіі з Кітая ў Індыю па моры. Човен, у які б’е маланка з воблака, ілюструе, хутчэй за ўсё, казанне св. Францыска Ксаўе індыйскім і цэйлонскім рыбакам, якіх яму ўдалося ахрысціць. Дзве ступні сімвалізуюць цуд, які стварыў Ксаўе, калі ў 1537 годзе працаваў у венецыянскім шпіталі і вылечыў нагу хворага на гангрэну чалавека.
Асоба Францыска Ксаўе шанавалася і на Беларусі. Так, у трох гарадах — Гродне, Полацку і Магілёве былі ўзведзены храмы ў яго гонар. Праўда, у нас яго звалі больш звыклым імем — Францішак Ксаверы.Калі і дзе мог быць выраблены медальён з выявамі Лаёлы і Ксаверыя, як ён трапіў у Капыль і каму мог належаць? Адказаць на гэтыя пытанні з пэўнай доляй гіпатэтычнасці магчыма.Вырабіць медальён маглі неўзабаве пасля 1622 года, калі былі кананізаваны Лаёла і Ксаверы. Адлілі яго, хутчэй за ўсё, у Польшчы ці ў адным з буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага, дзе была пастаўлена вытворчасць такіх абразкоў.
Якім шляхам мог трапіць выяўлены ў нашых раскопках медальён у Капыль?
У 1684 — 1687 гадах (Капыльскі замак тады ўжо належаў Радзівілам) пры парафіяльным касцёле (магчыма, гэта быў касцёл св. Апосталаў Пятра і Паўла, заснаваны яшчэ ў 1439 годзе князем Міхалам з роду Кейстутавічаў) знаходзіўся фундаваны Радзівіламі асяродак місіянерскай дзейнасці Нясвіжскага калегіума езуітаў, дзе па чарзе служылі місіянеры Ян Срэдзінскі, Казімір Абранпольскі і Марцін Хадкоўскі. Такім чынам, трапіць у Капыль гэты медальён мог у прамежку з 1684 па 1687 гг.
Ён у 1,2-1,3 разы меншы і ў 2,5 разы лягчэйшы за той, што знойдзены ў Дзежках на Дзяржыншчыне. Магчыма, ён належаў дзяўчыне або падлетку, што зрабілі пілігрымку.
І апошняе. Дзе зараз наша знаходка? У Капыльскім краязнаўчым музеі. Але тут ёсць адна акалічнасць. Капыльскі касцёл, а разам з ім і ўсе яго рэліквіі былі некалі знішчаны. Цяпер узведзены новы касцёл. А што, калі зрабіць копію медальёна і перадаць у новапабудаваны касцёл? Хай гэта будзе масток паміж тымі, хто шануе Бога па каталіцкім абрадзе сёння, і вернікамі даўняга мінулага. Хай не перарываецца повязь часу паміж прашчурамі і нашчадкамі.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
дацэнт БДПУ імя Максіма Танка,
археолаг