Мінск у ташкенцкім акне

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі і Міжнароднага дня музеяў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адкрыў выстаўку “Зямля мая мяне заве”, якая распавядае аб жыцці Песняра ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі ўстановы імкнуліся не проста прадэманстраваць багацце фондаў музея. Менавіта таму выстаўка адбываецца ў залах мемарыяльнай экспазіцыі...

/i/content/pi/cult/264/4078/14-5.jpgСярод экспанатаў, прадстаўленых на выстаўцы, - кнігі, што чытаў Пясняр у часы вайны: простыя, сціплыя выданні з папяровымі вокладкамі- тады было не да ўпрыгожанняў; білет на цягнік "Масква - Ташкент", дакументы і рэчы, якімі паэт карыстаўся пад час жыцця ва узбекскай сталіцы; у асобнай вітрыне - рукапісы вершаў: над імі Колас працаваў у эвакуацыі.

Вялікая частка выстаўкі прысвечана святкаванню 60-годдзя Якуба Коласа. Так здарылася, што свой юбілей паэт адзначаў менавіта ў той час, калі ў Сталінградскай бітве вырашаўся лёс вайны, - у лістападзе 1942 года... Лісты і тэлеграмы з цёплымі словамі павагі і ўдзячнасці (у тым ліку ад Аляксея Талстога і Саламона Міхоэлса), віншавальныя адрасы ад кіраўніцтва Узбекістана, мясцовых пісьменнікаў, дзеячаў беларускай і рускай культуры, сярэбраны партсігар - падарунак ад Урада БССР, партрэт Коласа, напісаны непасрэдна ў дзень яго нараджэння - 3 лістапада 1942 года - выдатнай мастачкай з Ленінграда Таццянай Жырмунскай... Але самым каштоўным падарункам Песняру былі, безумоўна, кнігі. Акрамя зборніка вершаў на беларускай мове, спецыяльна да юбілею былі выдадзены тамы яго твораў на рускай і узбекскай.

Цэнтрам экспазіцыі з'яўляецца мемарыяльная рэканструкцыя рабочага стала Якуба Коласа часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яна быццам пераносіць нас у тыя мужныя і трагічныя часы - у лістапад 1942 года. На стале ляжаць нядаўна атрыманыя тэлеграмы і лісты, свежы нумар газеты "Раздавім фашысцкую гадзіну!". Фотаздымак у рамцы: партэт сына Юркі, які не вярнуўся з фронту. Побач з пісьмовымі прыборамі ляжаць набіты папяросамі партсігар (той самы, "юбілейны") і запалкі, стаіць стакан з гарбатай. Паэт, здаецца, толькі што выйшаў, ненадоўга адарваўся ад працы... Нават ягоны зношаны пінжак застаўся вісець на спінцы простага драўлянага крэсла...

Аляксей ЛЕСІН, старшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа На здымку: Якуб Колас у 1942 годзе.