“Жар-птушка” чарадзея колеру

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

“Сланечнік за акном” і “Маляўнічы аркестр” Льва Бакста Як мала мы ведаем пра гэтага выдатнага мастака, нашага земляка! У савецкія гады імя Льва Бакста згадвалася хіба ў сувязі з часопісам "Мир искусства" і аднайменным мастацкім аб'яднаннем, да якога "прыклеілася" азначэнне "дэкадэнцкае", г. зн. упадніцкае. Ну, і штосьці гаварылася пра яго супрацоўніцтва з Сяргеем Дзягілевым у "Рускіх сезонах" у Парыжы.

Як мала мы ведаем пра гэтага выдатнага мастака, нашага земляка! У савецкія гады імя Льва Бакста згадвалася хіба ў сувязі з часопісам "Мир искусства" і аднайменным мастацкім аб'яднаннем, да якога "прыклеілася" азначэнне "дэкадэнцкае", г. зн. упадніцкае. Ну, і штосьці гаварылася пра яго супрацоўніцтва з Сяргеем Дзягілевым у "Рускіх сезонах" у Парыжы.

/i/content/pi/cult/264/4076/15-2.jpgАле за мяжой яго ведалі як лепшага сцэнографа першай чвэрці ХХ стагоддзя ў сусветнай прасторы. У Парыжы, напрыклад, нават забылі, што Бакст - іншаземец, што карані яго - у Беларусі, і імя Леон стала гучаць, як тыпова парыжскае. Так, уплыў майстра на мастацкія традыцыі ХХ стагоддзя пераацаніць цяжка. Перад яго талентам схіляліся Мсціслаў Дабужынскі і Амедэа Мадзільяні, Валянцін Сяроў і Іда Рубінштэйн, Тамара Карсавіна і Вацлаў Ніжынскі, Андрэй Белы і Жан Както, Пабла Пікаса і Канстанцін Каровін, Павел Трацякоў і Ігар Стравінскі, Васіль Розанаў і Агюст Радэн - усе яны такія розныя асобы...

У апошнія два дзесяцігоддзі Бакст, грунтоўна прызабыты ў Расіі, не кажучы ўжо пра Беларусь, быў "рэабілітаваны". У Маскве з'явіліся цудоўна ілюстраваныя кнігі і альбомы пры жыццё і творчасць апостала рускага мадэрна, а Андрыс Ліепа на сцэне Марыінкі ў Пецярбургу паставіў дзягілеўскія балеты "Жарптушка", "Шахразада" і "Гульні" на аснове сцэнаграфічных распрацовак Л.Бакста. Сёння раскажу трошкі пра гэтага выдатнага мастака тэатра, графіка, жывапісца і, між іншым, кавалера французскага ордэна Ганаровага легіёна - узнагароды, якой рэдка ўдастойваліся чужаземцы.

Леў Самойлавіч Розенберг нарадзіўся 10 мая 1866 года ў горадзе Гродна ў небагатай сям'і вучонага-талмудыста. Пра самыя раннія гады Лёвушкі, праведзеныя на берагах Нёмана, звестак не захавалася. Вядома толькі, што маленства будучага мастака прайшло ў Пецярбургу, дзе да канчатковага выезду ў Парыж жыў ягоны дзядуля, "парыжанін Другой імперыі", які ўсё жыццё любіў вясёлыя гулянкі і свецкае баўленне часу. Зразумела, у грошах ён ніколі не цярпеў нястачы. Лёва маляваў з дзяцінства. Але, як часта вадзілася ў яўрэйскіх сем'ях, бацькі да захаплення сына адносіліся, мякка кажучы, вельмі насцярожана. Толькі, калі малюнкі хлопчыка пабачыў Марк Антакольскі, дарэчы, родам з беларускай Вільні (ён тады жыў у Парыжы), усё стала на свае месцы. Станоўчае меркаванне выдатнага скульптара вызначыла лёс хлапчука.

Пасля заканчэння гімназіі ён стаў вольным слухачом пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1883 - 1887 гг.). Першымі настаўнікамі ў яго былі акадэмікі П.Чысцякоў і І.Аскназія (таксама ўраджэнец Беларусі), а блізкімі сябрамі- Альберт Бенуа і Валянцін Сяроў. На першай выстаўцы (1889 г.) Леў прыняў псеўданім Бакст - скарочанае прозвішча дзеда (Бакстэр). У 1893 - 1896 гадах Бакст наведвае ў Парыжы студыю Ж.Л. Жэрома і Акадэмію Р.Жульена, бярэ ўрокі ў фінскага мастака А.Эдэльфельта, захапляецца жывапісам Дэлакруа і імпрэсіяністамі. А па вяртанні ў Расію збліжаецца з гуртком Аляксандра Бенуа, члены якога вывучалі мастацтва мінулых стагоддзяў, апявалі пятроўскія і елізавецінскія часы, Расію дваранскіх сядзіб. Усялякі раз, складаным шляхам, гэта давала выхад на сучаснасць, хаця ідэалам маладога Бакста была ўсё ж старадаўняя Грэцыя, а трошкі пазней - Усход. Менавіта з гэтага, пакуль стыхійна, пачыналася мастацкая "кар'ера" будучага заканадаўца новай еўрапейскай сцэнаграфіі.

Але спачатку ён стаў адным з арганізатараў і актыўных дзеячаў мастацкага аб'яднання "Мир искусства". Ягоныя малюнкі канца ХІХ - першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя для часопісаў "Золотое руно", "Аполлон", "Весы", "Сатирикон", "Жупел" былі яркай з'явай бліскучага мадэрна. Калі Лізавета Званцава, вучаніца П.Чысцякова і І.Рэпіна, арганізавала сваю мастацкую школу малявання і жывапісу ў Пецярбургу, яна запрасіла выкладаць туды і Бакста. І той з задавальненнем пагадзіўся.

 Сваіх вучняў, у тым ліку Марка Шагала, ён "вучыў так, як падчас вучылі плаваць, кідаючы ў ваду і дазваляючы самому выкарасквацца". Паўтаруся, у гісторыю сусветнага мастацтва Леў Бакст увайшоў, перш за ўсё, як вялікі майстар афармлення тэатральных пастановак балетнай трупы Сяргея Дзягілева "Рускія сезоны" ў Парыжы і аўтар цудоўных эскізаў касцюмаў, у якіх выходзілі на сцэну пад авацыі публікі А.Паўлава, Т.Карсавіна, І.Рубінштэйн, Н.Труханава, В.Ніжынскі, М.Фокін. Я

ркія, вытанчаныя колеры і рамантычныя тэмы, запазычаныя з рускага і ўсходняга фальклору, бліскучыя "дэкаратыўныя" фантастычныя відовішчы зрабілі велізарны ўплыў на эпоху art nouveau. "У гэтай галіне Бакст з першых крокаў заняў проста-такі дамінуючае становішча, - пісаў А.Бенуа, - і з тых часоў так і застаўся адзіным і непераўзыдзеным". Як дакладна вызначыў яго калега па "Миру искусства" М.Дабужынскі, услед за трыумфамі "Рускіх сезонаў" адбыўся "грамадскі паварот густаў", і ён у "найвялікшай ступені быў дзякуючы менавіта Баксту, тым новым адкрыццям, якія той даў у сваіх пастаноўках, што ўразілі не толькі Парыж, але і ўвесь культурны свет Захаду". А вось яшчэ некалькі меркаванняў пра сцэнічную творчасць Л.Бакста: "...Чарадзей колеру, Бакст вялікі не толькі багаццем сваёй палітры, але і дзівосным выкарыстаннем яе. Гуляючы з цудоўнай дасканаласцю трыма або чатырма колерамі, ён дасягае чароўных вынікаў..." (Сімон Лісім).

/i/content/pi/cult/264/4076/15-3.jpgАльбо: "...Імя Бакста і яго сяброў па тэатральным пэндзлі павінна застацца ў гісторыі мастацкай культуры Еўропы ў цэлым..." (Анатоль Луначарскі). ...У час работы над сваім першым балетам "Фея лялек" (музыка Й.Байера) у Бакста пачаўся раман з дачкой Паўла Трацякова - Любоўю. Справа ішла да шлюбу, але ўзнікла праблема з прычыны рэлігійнай прыналежнасці мастака да іудаізму. І тады Бакст пераходзіць у праваслаўе. У іх нараджаецца сын Андрэй, які стане таксама тэатральным мастаком (1907- 1972 гг., Парыж). Але шлюб з дачкой стваральніка знакамітай галерэі аказаўся нядоўгім. Пасля разводу ў 1909 годзе Леў Самойлавіч дэманстратыўна вярнуўся ў іудаізм. І тады ўлады па-свойму адрэагавалі на гэты жэст: узялі і проста выслалі мастака з Пецярбурга як яўрэя, які не мае права жыць у сталіцы. Праўда, сябры і прыхільнікі маэстра гэтую справу ўтрэслі, але горды і раззлаваны Бакст, узяўшы з сабой малодшую сястру і ейных чатырох дзяцей, назаўсёды пераехаў у Парыж.

Менавіта там ён далучыўся да Дзягілева і стаў у яго спектаклях паўнапраўным партнёрам рэжысёра і балетмайстра. Першая сусветная вайна перапыніла спектаклі "Рускіх сезонаў", і Бакст аказаўся ў Швейцарыі адрэзаным ад Дзягілева. А потым былі ЗША, дзе ён афармляў пастаноўкі ў прыватнай трупе праслаўленай танцоўшчыцы Іды Рубінштэйн (пры гэтым імені я заўсёды згадваю цудоўны "авнагардны" партрэт пэнзля Валянціна Сярова). За год да смерці Бакст вярнуўся ў Парыж на вяршыні сусветнай славы і паспеў папрацаваць у якасці мадэльера з мастакамі Раулем Дзюфі і Соняй Дэлоне.

Дарэчы, пасля бакстаўскага балета "Шахразада" ў парыжскіх салонах увайшлі ў моду нізкія канапы з мноствам падушак, іхнія гаспадыні сталі насіць чалмы з эгрэткамі і спадніцы тыпу шаравараў, г. зн. Бакст стаў "бясспрэчным арбітрам моды". У 1910-я гады ў моду ўвайшлі і празрыстыя тканіны, глыбокія дэкальтэ і адкрытыя рукі, што атрымала назву "голая мода". І яшчэ хачу сказаць, што кароль парыжскай моды Поль Пуарэ стварыў свае лепшыя калажы на аснове менавіта работ Бакста, а дызайнер Раман Тыртоў у яго духу афармляў вокладкі для амерыканскага часопіса "Харперс Базар". Але я трошкі адышоў ад стрыжню свайго расповеду пра Бакста - мастака сцэны.

Каб зразумець выразнапластычную кухню яго наватарства як віртуознага распрацоўшчыка балетных дэкарацый і касцюмаў, у чым яму няма роўных, дастаткова прывесці словы самога аўтара аб працы над харэаграфічнай драмай на музыку М.Рымскага-Корсакава "Шахразада": "Я часта заўважаў, што ў кожным колеры існуюць адценні, якія выяўляюць часам роспач. Гэта можа адчувацца і перадавацца публіцы праз уздзеянне эфектаў, якія выконваюць розныя адценні. Менавіта гэта я спрабаваў зрабіць у "Шахразадзе". На журботны зялёны я кідаю сіні, поўны адчаю, - парадаксальна, як можа падацца. Ёсць чырвоныя тоны, якія забіваюць. Ёсць сіні, што можа быць колерам святой Магдаліны, і сіні - Месаліны. Мастак, які ведае, як атрымаць з гэтага карысць, падобны на дырыжора аркестра, здольнага адным узмахам палачкі прывесці ўсё ў рух і здабыць тысячу гукаў, не зрабіўшы памылкі. Такі мастак можа чакаць ад гледача тых душэўных парываў, якія ён хацеў у ім выклікаць". Аляксандр Бенуа ўдакладняе: "Баксту сапраўды належыць гонар стварэння "Шахразады" як відовішча - і відовішча дзівоснага, я сказаў бы - небывалага. Калі ўзносіцца заслона на гэтым грандыёзным зялёным "алькове", дык адразу ўступаеш у свет асаблівых адчуванняў- тых, якія выклікаюцца чытаннем арабскіх казак... Кажу без перабольшання: я ніколі яшчэ не бачыў такой маляўнічай гармоніі на сцэне, такога мілагучнага ў сваёй складанасці "маляўнічага аркестра". Бенуа тысячу разоў мае рацыю.

У 1910 годзе ўвесь Парыж быў узрушаны прэм'ерай "Шахразады". На горад абрынуўся сапраўдны выбух яркіх колераў дэкарацый і касцюмаў. Вострай духмянасцю Усходу павеяла ад празрыстых, вышываных золатам і срэбрам тканін, турэцкіх шаравараў, турбаноў са шматколернымі пёрамі. А які кантраст ярка-зялёных заслон і аранжава-чырвонага кіліма на падлозе! На зелені звісаючых тканін зіхацелі золата і чорны бляск персідскага арнаменту. Гарэлі, як полымя, і жоўта-чырвоны касцюм галоўнага еўнуха, і аранжавыя шаравары танцуючых перад шахам адалісак...

Я бачыў многа шыкоўных рэпрадукцый бакстаўскіх эскізаў дэкарацый і касцюмаў. Відавочна, што талент гэтага мастака - унікальны і дзівосны. У гісторыі сусветнай сцэнаграфіі ў памяці сучаснікаў засталіся такія моцныя творы нашага земляка, як балеты "Клеапатра" А.Арэнскага, "Жар-птушка" І.Стравінскага, "Легенда аб Іосіфе" Р.Штрауса, "Спячая прыгажуня" П.Чайкоўскага, "Дафніс і Хлоя" М.Равеля, "Матылькі" Р.Шумана, міфалагічная паэма "Нарцыс" М.Чарэпніна, харэаграфічныя карціны "Прывід ружы" К.М. фон Вебера і "Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна" К.Дэбюсі... Крытык А.Левінсон пісаў, што "Парыж заўсёды быў сапраўды п'яны Бакстам". І не толькі Парыж, але і Расія, і Англія, і Італія, і ЗША, і Паўднёвая Амерыка... Аднак творчы свет Бакста не замыкаўся толькі на тэатры. Ён пісаў акварэлі, гуашы, пастэлі, любіў алей. Сярод ягоных твораў- партрэты А.Бенуа, З.Гіпіюс, В.Розанава, К.Сомава, А.Белага, С.Дзягілева, А.Дункан, Ж.Както, карціны "Ваза" (аўтапартрэт), "Вячэра", "Гавань у Трыесце", "Мора", "На старасці гадоў", "Вячэрнія промні", "Сланечнік за акном" (ці не ўспамін пра малую радзіму?). Асабістая старонка творчай біяграфіі мастака - кампазіцыя "Terror antiguus" ("Антычны жах"), дзе ён адлюстраваў ці то гібель Атлантыды, ці то філасофскі тэзіс пра няпэўнасць жыцця перад абліччам усемагутнага космасу, ці то выказаў свае думкі пра лёс Старажытнай Грэцыі і Крыта, якія ён наведаў з Валянцінам Сяровым ў 1907 годзе. А побач - іншая карціна: летуценнае пано "Элезіум". У ім мастак уславіў утапічны край вечнай асалоды, запаветную зямлю шчасця. Ды творчасць Бакста ў станковых відах мастацтва - гэта іншая гісторыя, якую, можа, я калісьці раскажу. А з думак Бакста пра творчасць мне блізкая наступная: "Я заўсёды ставіў сваёй задачай павызваляцца ад путаў археалогіі і храналогіі, побыту і перадаць музыку вобразатвора".

Вялікі маэстра перадачы "музыкі вобразатвора" памёр ад апаплексічнага ўдару 28 снежня 1924 года ў Парыжы. Там жа знайшоў месца свайго вечнага спачыну... А што засталося "ад Бакста" на яго малой Радзіме - у Гродне? Сёння, бадай, нічога. Можа, калісьці і з'явіцца тут хаця б мемарыяльная дошка або бюст вялікага рэфарматара сусветнай сцэнаграфіі...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"