Наблізіліся да сакральнага пытання

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Красавіцкі № 17 “Культуры” з артыкулам вядучага рубрыкі Б.Крэпака надаў “Мастыхіну” вострапраблемны характар. Было пастаўлена пытанне: “Для каго?” — у матэрыяле пра невыразную выстаўку пейзажа ў Палацы мастацтва. Яно, па сутнасці, датычыцца не толькі арганізатараў выстаўкі, што, так бы мовіць, неадказна скамплектавалі відэарад, але і ўсёй сучаснай мастацкай палітыкі ў рэспубліцы і ў суседніх краінах. І ўжо ідзе гаворка пра тое, якія непрывабныя перспектывы не толькі ўласна пейзажа, а і ўсяго выяўленчага мастацтва: ці выжыве яно наогул? Размова, вядома, — аб класічных відах і жанрах, сярод якіх пейзаж — толькі малая частка ўсяго багацця.

/i/content/pi/cult/264/4074/7-6.jpgНе арганізатары выставак "вінаватыя" ў тым, што матэрыял да іх прапаноўваецца ўсё бяднейшы, - сам стан падрыхтоўкі мастацкіх кадраў і малая зацікаўленасць у іх грамадства, недастатковасць тэарэтычнай падрыхтоўкі мастакоў і мастацтвазнаўцаў, якія ўжо даўно не спрабуюць адказаць на пытанне: "Што такое добра і што дрэнна ў нашым выяўленчым мастацтве?". Галоўнае - ніхто не ведае, куды ісці. Вось у чым сутнасць праблемы!

 Ці то пейзаж, ці партрэт, ці тэматычны жывапіс, ці жанрава-бытавая карціна - хіба хто ўспомніць нешта значнае і цікавае з твораў апошніх выставак? Тэматычная карціна, якая не так даўно была ў цэнтры экспазіцыі, увогуле знікла, партрэт ператварыўся ў выяву знешняга хараства сучаснікаў і сучасніц, нібыта ўвесь свет зацыкліўся на конкурсах прыгажосці, і г. д. Сустракаюцца, вядома, і партрэты старых, бацькоў-пенсіянераў, але таксама, на жаль, знешнія і малавыразныя.

Калі няма псіхалагізму ў партрэце, дык адкуль ён прыйдзе ў пейзаж, якому, паводле нататак аглядальніка выстаўкі, якраз бракуе яго, як і эмацыйнасці, глыбіні задумкі, змястоўнасці?

Зразумела, аніякі арганізатар выстаўкі не палепшыць становішча, калі ў рэзервах няма іншага. Не спецыяльна ж мастакі нясуць да іх нецікавыя работы. Так атрымалася, што адны працягваюць прытрымлівацца кансерватыўнай традыцыі, іншыя ж - кідаюцца ў вір суперсучасных плыняў. Ізноў-такі не самімі імі прыдуманых, а "каб было ўсё, як ва ўсіх". Яно і атрымліваецца, як ва ўсіх, толькі ў некаторых тое схавана пад "мясцовым адзеннем", якое лічыцца за нацыянальную прыкмету. Але гледачу ўсё роўна не цікава: ён трапляе ў Інтэрнет і бачыць тое самае, толькі часцяком лепшых узораў. Інфармаваныя людзі кажуць, што сучаснае беларускае мастацтва не горшае за замежнае, і гэтым можна ганарыцца. Але ці ў добрым стане апошняе? Хіба існуе ў ім тэматычная карціна або кампазіцыйны пейзаж? Імітацыя прымітыву, дзіцячага бук-арту, камп'ютэрная графіка - вось асноўны арсенал відаў выяўленчай творчасці. У тым ліку, і па знакамітых біенале.

Так, даўно мы забыліся на мнагалюдныя мастакоўскія дыскусіі, якія ішлі ў перапоўненых выставачных залах, дзе востра і грунтоўна абмяркоўваліся розныя праблемы бягучага жыцця нашага мастацтва. І, ведаеце, вынікі - былі! Што тут казаць: большасць твораў тых часоў сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, і ўсе яны, як правіла, праходзілі праз сур'ёзнае "сіта" мастацтвазнаўчых аналізаў у СМІ і на грамадскіх абмеркаваннях. Дзе ўсё гэта сёння?..

Ірына ЕЛАТАМЦАВА, мастацтвазнаўца