Почырк васільковы

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

У рамках адной са сваіх, традыцыйных ужо, праграм — “Memorum” — Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Шчамялёва адкрыла выстаўку мастака Мікалая Цудзіка.

/i/content/pi/cult/264/4073/7-4.jpgНазва экспазіцыі ў дадзеным выпадку мае на ўвазе два сэнсавыя акцэнты. "Прысвячэнне" - гэта знак пашаны таленавітаму беларускаму жывапісцу, які пайшоў з жыцця ў самым росквіце творчых сіл. Прысвячэнне - гэта адзінае ўнутранае імкненне да мастацтва, якім ён быў ахоплены на працягу ўсяго жыцця.

Мікалай Макаравіч Цудзік (30.05.1949 г. - 29.07.1999 г.) нарадзіўся ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна, скончыў сталічнае Мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1981 г.). Ён вучань А.Малішэўскага і А.Луцэвіча. Працаваў некаторы час ва Уладзівастоку, але хутка вярнуўся ў родныя мясціны. Тут, у Бараўлянах, ён вёў мастацкі гурток і планаваў адкрыць сваю школу жывапісу./i/content/pi/cult/264/4073/7-5.jpg У 1988-м Мікалай стаў членам Беларускага саюза мастакоў, а выстаўляцца пачаў яшчэ з 1982 года.

У экспазіцыі прадстаўлены работы творцы, што знаходзяцца ва ўласнасці ягонай сям'і. У асноўным, гэта пейзажы і нацюрморты, дзе выяўляюцца яго непадробная і шчырая любоў да беларускай прыроды. Дзякуючы характэрнаму жывапіснаму почырку мастака, лёгкаму, паветранаму каларыстычнаму настрою, яго карціны, прысвечаныя сялянскаму жыццю, паўстаюць настолькі ж рэалістычнымі, колькі і ўзвышана-рамантычнымі: ці то перад намі сціплы букет толькі-толькі сабраных васількоў, ці ўтульны сялянскі дворык са старым хлявом, ці неабсяжныя панарамы лясоў і палёў...

Выстаўка жывапісу Мікалая Цудзіка - напамін не толькі пра яго, але і пра агульную ідэю серыі "Memorum", прысвечаную творчасці беларускіх мастакоў, якіх ужо няма з намі: іх імёны не павінны застацца без увагі. Іхнія творы - ужо частка культурнай спадчыны, а ў далейшым - яшчэ адзін раздзел у гісторыі айчыннага мастацтва.

Марыя МІХАЙЛАВА, супрацоўнік Гарадской галерэі твораў Л.Шчамялёва