Сівая легенда дарогі

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

У Галерэі мастацтваў г. Слуцка працуе персанальная выстаўка пейзажаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерыя Шкарубы. Гэты мастак, бясспрэчна, сёння з’яўляецца прызнаным і аўтарытэтным пейзажыстам не толькі ў нашай краіне, пра што сведчаць ягоныя выстаўкі, якія з вялікім поспехам прайшлі цягам апошняга дзесяцігоддзя ў гарадах Беларусі, многіх краінах Еўропы, а таксама ў Кітаі і Японіі.

/i/content/pi/cult/264/4072/7-3.jpgУ залах галерэі экспануюцца творы, якія жывапісец стварыў пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя і заканчваючы карцінамі 2010-га. Што ён малюе? Беларусь ва ўсе поры года, прыроду, задуменную і сумную, маўклівую, ціхую, як народная мелодыя, і таемную, невядомую, як сівая легенда мінулых стагоддзяў...

У слуцкай экспазіцыі - 26 твораў, 10 з якіх упершыню прадстаўлены гледачу. Многія пейзажы, да слова, маюць да нашага краю прамое дачыненне: эцюды да гэтых палотнаў пісаліся майстрам акурат на мяжы Слуцкага і Капыльскага раёнаў.

У рамках вернісажу Валерый Шкаруба падарыў Слуцку цудоўны твор "Шэры дзень" (2010 г.), дзе адлюстравана ранняя вясна і звілістая дарога, якая выпраўляе гледача ў доўгае падарожжа па беларускай зямлі...

 Ірына ЛЯВОЧКА, старшы навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея