У каго ягадкі?

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Сталічная мастачка Алена Лось, працуючы ў станковай і кніжнай графіцы, стварыла асаблівы фальклорны накірунак у літаграфіі. Яе работы ўпрыгожылі больш за 50 беларускіх кніг.

/i/content/pi/cult/264/4071/7-1.jpgМузей-сядзіба "Пружанскі палацык", што на Брэстчыне, экспануе работы сваёй знакамітай зямлячкі. Гэта звыш дваццаці твораў. Сярод іх найбольш вылучаюцца каляровыя аўталітаграфіі з цыкла "Беларускія народныя казкі": "Залатая яблынька", "Разумная дачка", "Іван Світаннік", "Удовін сын", "У каго дзеткі - у таго ягадкі". Алена Георгіеўна актыўна супрацоўнічае з беларускімі аўтарамі і афармляе многія вядомыя кнігі. Мастачка перадала ў дар музею гэтыя цудоўныя дзіцячыя выданні з аўтографамі.

 Алена Лось шчыра любіць і шануе народнае мастацва. "Мяне яно грэе з дзяцінства, калі я бачыла ў сялянскіх хатах даматканыя посцілкі, дываны, вышываныя ручнікі. Мне пашчасціла: я заспела ў маладосці жывое Палессе, дзе ўсюды адчуваўся подых старадаўняга побыту і мясцовых традыцый", - распавядае знакамітая мастачка. Потым усё ўбачанае яна творча выкарыстала ў сваіх работах.

І сёння майстэрня Алены Лось нагадвае музей народнага мастацтва. Тут кожная рэч, створаная рукамі народных умельцаў, беражліва захоўваецца. Бо ўсе народныя вырабы - гэта ажыццёўленая казка, іншым разам - фантастычная, часцей - казка-быль. Калі ў мастачкі спыталі, што натхніла яе на афармленне дзіцячых кніг, яна адказала: "Казкі, і толькі казкі, якія я любіла з маленства"./i/content/pi/cult/264/4071/7-2.jpg

Першым крокам у гэтым напрамку можна лічыць серыю графічных аркушаў паводле дзіцячых пацешак і пагаворак. Стварыла яе Алена Георгіеўна сумесна з мужам - мастаком Гары Якубені, які заўчасна пайшоў з жыцця. І цяпер, праз гады, мастачка ўспамінае пра тыя часы: "Добра памятаю, як сядзелі вечарамі ў бібліятэцы і чыталі старыя фальклорныя выданні Сержпутоўскага, Федароўскага, Раманава, Шэйна. У мяне да сённяшняга дня захаваліся цэлыя сшыткі выпісак з тых цудоўных кніг. А калі спатрэбіліся дзіцячыя песенькі і калыханкі, я адважылася патурбаваць Рыгора Шырму - выдатнага знаўцу, руплівага збіральніка і нястомнага прапагандыста беларускага фальклору. Рыгор Раманавіч з радасцю адгукнуўся на маю просьбу, і я знайшла сярод яго багатых запісаў народных песень неабходныя мне тэксты".

За доўгія гады творчасці прыйшло прызнанне, узнагароды. Летась у Мінску выйшаў і новы альбом - "Алена Лось: жывапіс, графіка" (укладальнік - Уладзімір Ягоўдзік), прысвечаны творчасці выдатнай мастачкі, які вылучаецца яскравымі маляўнічымі акордамі, сувяззю з фальклорнымі крыніцамі - гэта ўсё невычарпальнае, несупыннае натхненне.

Раіса ЗІНЧУК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы "Пружанскі палацык"